Шрифт:
Плялі славясы, плялі камяні. Кірыла Тураўскі перамяжаў словы казаняў язычаскім гімнам вясне, зямлі, абуджэнню кахання ў людзях. I, як ён, невядомы ягоны сучаснік вывеў на беразе Нёмана муры Каложы. Ён перамяжаў тоўстыя пласты цамянкі ружовымі і жаўтаватымі, танюткімі, як скрылёк, цаглінамі, упрыгожваў сцены зялёнымі маёлікавымі плітамі, што адлівалі ружовым, аранжавым і сінім, як пяро качкі, як вясёлка. I, прыгажэйшая знадворку за кіеўскія і наўгародскія, устае над ракою будыніна, якая сама нібы песня і церпіць напады, як сярэдневяковая песня.
Разлівы рэк і нядбайнасць людзей цягнуць яе муры ў хвалі Нёмана. А потым яе рэшткі, як фрагменты старой сагі, замацоўваюць.
— Стой хаця так, радуй нам душу.
I гэта правільна. Бо калі прыходзяць новыя часы — старая песня адыходзіць. Але кожны ўсё ж бярэ сілы і ў ёй. I можа здарыцца так, што на новым узлёце яна будзе больш сучасная, яна, якой дзвесце-пяцьсот-тысяча год, чым тыя, што створаны восемдзесят год назад. Як "Марсельеза" ў параўнанні з "Узвейцеся, сокалы, арламі". Як Рублёў, якога яшчэ семдзесят год назад лічылі брыдою людзі, якія цяпер для нас — брыда не брыда, а так, нешта не вартае вялікай увагі.
Тое самае з Каложай. Створаная ў цемры стагоддзяў, але з яснай мэтай і яснымі сродкамі, яна бліжэй нам, чым сумна славуты нью-йорскі бацька сучасных хмарачосаў, вядомы "Прас", або нават некаторыя дамы Мінска, якім, скажам, толькі шаснаццаць. Сапраўдныя балады не старэюць. I вечна з намі славутая наша "Шчыравала ў бары пчала", бо яна сучасная і па змесце і па форме. А колькі вершаў, створаных учора, сёння ўжо ўпалі на дно, у каламутную плынь ракі забыцця.
…Прыходзяць іншыя часы — і чалавек мяняецца з імі. Прыходзіць развал старых княстваў. Прыходзіць час, які, сам крывавы і змрочны, як балада, патрабуе новых балад. I на некаторы час Каложа перастае адпавядаць. Як мірная песня ў часіну навалы. Яна стаіць, а непадалёку ўзводзяць муры з байніцамі.
I нават сёстры Каложы, у Маламажэйкаве і Сынкавічах, груба і пыхата тапырацца чатырма пузатымі вежамі па баках. Рыны іхнія не для цёплага дажджу, а для расплаўленага свінцу. I застрашлівыя драконы на іхніх жаралах сведчаць аб гэтым.
А вайна была, вайна была, А ніўка зялезнай карой парасла, Зялезнаю, крываваю, Сталёваю, іржаваю. Ой, прыехала Літва. Заўтра будзе ў нас бітва.I, аднак, тут цепліцца песня і светлы дух чалавечы. Узносіцца готыка, нібы агонь, у неба. I гэта палёт думкі, што пачынае абуджацца, гэта перадпачатак рэнесансу, гэта вершаваны ўступ Скарыны да кнігі "Іудзіф".
Вызвалены дух уздымаецца некуды туды, вышэй, разам з "багамерзкімі" шкалярскімі песнямі. Цесна на зямлі, цесна ў гарадскіх мурах. Крылы яшчэ не нарадзіліся, гэта толькі прадчуванне палёту. Яшчэ шэсцьсот год будуць ваяваць, бурыць дзівосныя будынкі, душачы песню, і паліць кнігі, пакуль чалавек не вырвецца з ланцугоў.
Хай сабе стаяць на зямлі і яны, змрочныя балады Міра, Наваградка, Смалян, Ліды. 3 часам яны таксама зразумеюць, што не адной вайною жывыя балады, што мужнасць мужнасцю, але і добрым і адкрытым павінен быць чалавек. Як новы гродзенскі замак, як іншыя такія. Што з таго, што пакуль яны служаць адзінкам. Яны прыдатныя і для ўсіх. Паэты і майстры заўсёды загадваюць на стагоддзі.
…Так, разам з песняй, прадбачачы паэзію Багдановіча, як белыя слупы дыму ў марозны сонечны дзень, устаюць на нашай зямлі шырокія снежныя палацы, якія чакаюць і вераць у той радасны дзень, калі да іх прыйдуць не адзінкі, а ўсе.
Некаторыя дачакаліся. Дачакаўся неаддзельны ад "Паланеза" Агінскага Залескі палац.
Дачакаўся замак у Нясвіжы, падобны на абдымкі белых і цёплых рук.
А колькі ж не дачакалася? Стаяць прыдатнымі яшчэ каробкамі, ляжаць камянямі.
Успомніце Старэ Мяста ў Варшаве. Яго ўзнялі з праху такім, якое яно было. Рукамі кавалі ліхтары, бо "тады" яны былі кутыя рукамі, а не адлітыя. Аднавілі па малюнках усё, нават колькасць пер'яў у крыле грыфона на партале.
Загінуў палац у Шчорсах. А людзі маглі б жыць у ім лепей, чым у хатах ці нават у некаторых буйнаблочных будынках. Разабралі ратушу і, амаль насупраць, сталі будаваць музей.
Што б вы сказалі, каб нехта кінуў у агонь "Мёртвыя душы"? Няпэўнае права на гэта меў толькі сам аўтар. Няпэўнае, бо ягонае стварэнне ўжо не было ім як асобаю.
Каб нехта кінуў у агонь Купалаў "Курган"? Дык, паверце, тое, што здарылася з каменнымі баладамі, - горшы злачын. Тысячы "курганоў" стаяць на паліцах і шалахцяць і спяваюць у руках людзей. А каменныя балады выдаюцца ў адным экземпляры. I знішчаць іх — гэта тое самае, што спаліць "Кіеўскія глагалічныя лісткі" ці "Астрамірава Евангелле". Іншых не будзе.
Скажы ты, аўтар вялікай справы, якую ты зрабіў сёння, на шчасце, на доўгую карысць усім людзям, ты, дойлід Крамлёўскага Палаца з'ездаў, ты, аўтар "Ціхага Дона", ты, творца сімфоній, ты, муляр, ты, араты цаліны, скажы мне, ці хацеў бы ты, каб гэтую справу нехта разбурыў заўтра?
Тое, што мы творым сёння, таксама будзе старажытнасцю, і па справах нашых тыя людзі будуць меркаваць аб нас.
Ці хацелі б вы ўсе, людзі, каб на ўсё, створанае вамі ў радасці, муках і поце і на радасць другім, нехта заўтра махнуў рукой і сказаў: