Шрифт:
— А як вы там жылі, у экспедыцыі?
— О, там быў рай! Дзе-небудзь у лясной вёсачцы, кватэра ў якой-небудзь цёткі Лушы або цёткі Альбіны, а ў той карова з цялушкай, конь, сабака, авечак з ягняткамі штук восем, парасяты, піскаляты. Страх як цікава было! Пасябрую, бывала, з рабятамі, на начлег ездзім, коней пасвім. У рэчцы купаемся, ракаў ловім, ну, і рыбу, вядома. А кветак колькі ў полі, на лузе. А лес! Якія лясы там — ягад, грыбоў процьма. Не, я і цяпер не магу спакойна прыпамінаць усё тое. Я ж і сюды во да стрыечнай сястры прыехала — па ягады хадзіць. Так ягады люблю збіраць… І вось пазбірала…
Марыя змоўкла і трошкі ўсхліпнула — ціхенька і адзін толькі раз. Агееў далікатна правёў рукой па яе плячы, яна праглынула слёзы і хутка супакоілася, усміхнулася яму з ціхай самотнай радасцю.
— Ну ўсё, нічога… І вось, разумееш, апроч таго, бацька мяне далучыў да сваёй стыхіі — збору народнай мудрасці, розных там фразеалагізмаў, прымавак. І песень. Жніўныя, калядныя, вясельныя, абрадавыя і яшчэ бог ведае якія. Ён ведаў. Ну, і я старалася, нават некалькі песень сама запісала ад цётак і бабак на Любаншчыне. Вось, напрыклад, паслухай:
Мая матуля забедавала: Дзе мая дочка заначавала? Заначавала ў цёмным бору Пад каліною, Пад каліною, Белыя ручкі пад галавою.Праспявала яна ціхенька, амаль шэптам, гаротна і меладычна.
— І яшчэ памятаю… Хочаш паслухаць?
— Не, ведаеш, усё ж чутна, мабыць. А наогул добра ты гэта — па-беларуску.
— Ага, за лета так прывыкну да беларускай мовы, што, калі вярнуся ў Мінск, доўга яшчэ не магу перайсці на рускую. Мама здзіўляецца, нават сварыцца на мяне і бацьку. А я тады знарок. Мне — пажалуста, а я — калі ласка. Мне — да свідання, а я — да пабачэння. Мне — плацце, а я — сукенка. А што? Хіба горш? Такая ж славянская мова, як руская ці ўкраінская, — не лепшая і не горшая — раўназначная.
— Гэта ты малайчына, — сказаў Агееў. — А мне, ведаеш, дзеравенцу, у арміі давялося… памучыцца. Пакуль адвык ад сваёй, рускай авалодаў. І пасля яшчэ дражнілі «трапка, братка».
— Ну, у арміі, там, можа, і трэба, каб усё па-руску. А ў Мінску чаго мне саромецца? У сваёй рэспубліцы. Але ў горадзе таго не разумеюць, затое ў вёсцы было раздолле. Так любіла, як бабы спяваюць. Во як увечары з поля ідуць — чутно і тут, і там, за гарою і пад лесам, песні працяжныя такія, прыгожыя, ды так слаўненька цягнуць на два галасы.
Агееў слухаў і трохі здзіўляўся ў душы — усё тое было для яго новым і нязвыклым нават. Васемнаццаць гадоў свайго жыцця ён правёў у вёсцы ў той самай стыхіі, пра якую з такім захапленнем апавядала Марыя, але ў яго не было і ў думках захапляцца тагачасным жыццём, ён проста яго не заўважаў, як не заўважаюць паветра, якім дыхаюць. Ну, спявалі, ну, размаўлялі па-беларуску, ці, як казалі ў іх, па-тутэйшаму; але хіба ў тым была якая культура? Культура здавалася тады ў горадзе, дзе тэатры, кіно, дзе спяваюць расфранчаныя актрысы і розныя вучоныя людзі размаўляюць чыста па-гарадскому, а то і на замежных мовах. У арміі ж яму каштавала клопату пазбыцца звыклага акцэнту ў вымаўленні, якое адразу выдавала ў ім беларуса і часам рабілася прадметам насмешак сяброў. А яна — глядзі ты! Гараджанка, а з такой цікавасцю і нават захапленнем да ўсяго, такога для яго звычайнага, вясковага.
Ласкава абняўшы Марыю, Агееў слухаў яе ціхенькі, журботны голас, пранікаючыся яе настальгічным пачуццём да нядаўна перажытага, а ў свядомасці яго гучалі яе словы, сказаныя без усялякай сувязі з успамінамі. Гэта ж трэба, дажыў да чаго, думаў Агееў, ён будзе бацькам — аднак выбраў жа час! А як ёй у такі час стаць маці? Гэта чорт ведае што, як яно ўсё ўскладняла, заблытвала, пагражала новымі бедамі. Але што рабіць? Калі так, дык, напэўна, нічога ўжо не зробіш, застаецца адно — чакаць.
Чаго дачакаешся толькі?
Ён і так чакаў увесь час у мястэчку, чакаў рознага. Спярша — калі загоіцца рана, калі вернецца яго Бараноўская, чакаў прыходу Кіслякова ці каго-небудзь ад Волкава, са страхам і непрыязню чакаў паяўлення Кавешкі або Драздзенкі, налёту паліцыі, выкрыцця, арышту. Увесь яго час тут мінуў у трывожным чаканні — лепшага або горшага. Але ўсё ў гэтай сядзібе нібы стаілася, сціхла, ішоў час, а ў ягоным становішчы нішто не мянялася. Можа, накоплівалася, ці што? А пасля як бы не выбухнула бядой, няшчасцем — цяпер ужо для дваіх, вось што горш за ўсё. Зрэшты, мабыць, ужо і для траіх…
Калі Марыя ненадоўга сціхла, прыслухоўваючыся да невыразных гукаў унізе, ён падхапіўся і ўстаў.
— Ты пасядзі. Я спушчуся, зірну.
Трэба было паглядзець, хоць бы дзеля перастрахоўкі, для ўпэўненасці, што ў двары ўсё ціха і няма ніякіх падстаў для трывогі, а таксама ў выпадку, калі да яго хто прыйшоў ад патрэбных людзей. Па крутой драбіне ён спусціўся ў цёмную кладоўку, выйшаў на кухню. Пасярод стала прыкрыты чыстай анучкай бялеў састаўлены Марыяй посуд — талерка, лыжка і кубак, строга на аднаго чалавека, нішто тут не павінна было навесці на думку, што ў доме яшчэ хто-небудзь жыве, за гэтым ён сачыў строга. Можа, усё было занадта старанна прыбрана, ён бы так прыбіраць не стаў, але гэта ўжо Марыя. Трохі кульгаючы, Агееў выйшаў на двор, пашукаў позіркам Гультая, ды ката паблізу нідзе не было, напэўна, згаладнеўшы дома, пайшоў кудысьці на промысел. Туман патроху радзеў, сплываў за гароды, у роў, росным дываном асядаючы на дробнай траве, брукаваным доле, на гонтавым даху дома і саламяных стрэхах хлявоў. Усё навокал набрыняла гэтым туманам, яго стылай вільгаццю; было сцюдзёна, і, можа, упершыню Агееў адчуў подых блізкае восені, хуткае сцюжы і непагадзі.