Крывічанін Лявон
Шрифт:
Я не хацеў-бы служыць салдатам у такога генэрала.
22 верасьня. Рыгору пашанцавала. Забаронена будавацца, а ў яго на хаце ўжо й нумар блішчыць. Раіліся сяньня наконт хатняга абсталяваньня. Ёсьць загад, каб здавалі перасьцягнутую мэблю. Будзем варочаць ці не? Рыгор тае думкі, што варочаць ня трэба. Хто там дакапаецца — ці перасьцяганая, ці мазалём нажытая?
Сымон таксама не раіць:
— Пакуль, — кажа, — гаспадар вернецца, дык і мэбля струхлее. Я, кажа, шчэ ў васемнаццатым годзе ў такі-ж самы спосаб прыдбаў бочку. То гаспадара й дагэтуль няма, а бочка шчэ трывалая.
Пастанавілі: не варочаць і адзін аднаго не выдаваць.
23 верасьня. Хутка пойдзе трамвай. Загржэмбіцкі надта цешыцца: ці гэта суржёзна, пытае, ці так сабе пішуць? Добра было-б, каб на суржёзна, бо на даным этапе транспарт вырашае ўсё.
І праўда. Калі штодня даваць рэйсам ад Сураскага да Камароўскага ды назад, то бяз тэхнікі не пасігаеш. Добра, калі з сахарынаю, а калі дрожджы ці ёміна якая? Тут нехаця тэхніку вітаць будзеш.
24 верасьня. Меў выпадак бліжэй прыгледзецца да заходняе сілы, пра якую хваліўся Авечка. Сустрэлі ў Арыентацкага. Запраўды, дзяцюкі нішто сабе — гладкія, ёмкія — відаць, што гадаваліся не на дрэнных харчах. Але асабліва страшнога нічога няма. Ведама, канкурэнцыя будзе, бо ў шмат каго зь іх рукі даўжэй за бацькавы. Адзін зь іх мне навет спадабаўся. Мы зь ім мелі цікавую гутарку на розныя гаспадарскія тэмы. Відаць, чалавек добра арыентуецца ў каньюнктуры цэнаў і рынкаў.
— А наконт машыны, — скончыў паважаны Пралазэвіч нашую размову, — то вы не клапаціцеся, мы гэта ўраз абсталюем… Транспартныя сродкі будуць.
Добра! З такою сілаю шчэ жыць можна. Праўда, іншыя прадстаўнікі гэтае заходняе моцы не паказалі такое жыцьцяздольнасьці. Яны таксама, як Шчыры, больш гаваруны, чымся дзейнікі. Усё крычаць: трэба! гэта трэба! гэта трэба! а гэта ня трэба! Яно й лепей: пакуль тэарэтык дыскутуе, то спраўны на практыцы сьмела можа павыварочваць яму ўсе кішэні.
25 верасьня. Сьвет стаў дыба. У ангельскіх цэрквах наігрываюць інтэрнацыянал, а жыды патрабуюць свае арміі й жыдоўскае дзяржавы ў Палестыне.
Сымон кажа, што нічога з гэтага ня будзе.
— Калі ўжо, — кажа, — і зьбярэцца жыдоўскае войска, то я, хоць і ня бравы ваяка, а пайду адзін супроць усёй іхнай арміі. Абы толькі кала добрага ў рукі. Ведаю я гэтых ваякаў. Калі я шчэ за Мікалаем у войску служыў, то быў у нашай роце адзін жыдок, за барабаншчыка хадзіў. Дык вось, як пойдзем, бывала, на стрэльбішча ды як пачнем з гарматаў бухаць, то яго адразу бы трасца на зямлю кідае — барабанам накрыецца й енчыць:
— Вой, — крычыць, — калі яшчэ адзін раз, то мяне ўжо ня будзе, вой!
А ты кажаш — армія. З такою арміяй толькі хіба курэй душыць.
Сымон штосьці адмоўна ставіцца да жыдоўскае ваяўнічасьці. А мне здаецца, што калі й зайца пачаць біць, то й ён будзе запалкі паліць.
26 верасьня. І сьмех, і грэх. Сёньня да Маржі Іванаўны заскочыла нейкая верхалазка, ейная прыяцелька.
— Вітай, — кажа, — з абноўкаю!
І круць-верць па хаце ў новай сукенцы.
— Глядзі, які фасон цудоўны! Вось тут, наперадку — Сталін, па клубох — Молатаў і Калінін, а пазаду Кагановіча пусьціла… З чатырох палотнішчаў. А матаржял? Не, ты толькі глянь. Мроя, а не матаржял!
Што-б вы думалі? Гэта фарсуха наскочыла недзе на партрэты былых правадыроў, і як цяпер яны бяз ужытку, а матаржял каштоўны, то й скамбінавала: абліччы іхныя змыла, а з палатна змайстравала сукню.
— А што я, — кажа, — мела рабіць, калі ўсё пагарэла і ўсё расхапалі, а засталіся толькі правадыры.
Сьмех, кажу, і грэх. А баба ўсё-ж бяз розумуь хоць-бы маўчала, а яна скрозь звоніць. Глядзі, каб за гэтыя справы шчэ пад твайго Кагановіча ня ўсыпалі. Бо шчэ невядома, чым усё гэта скончыцца.
А Маржя Іванаўна страшэнна абурылася й з гэтаю прыяцелькай пасварылася насьмерць. Ейнае кволае сэрца не магло сьцярпець такое зьнявагі, хоць і былых, а ўсё-ж правадыроў.
27 верасьня. Прыемныя навіны з культурнага фронту. Неўзабаве адчыняецца гарадзкі тэатар. Усё гэта добра, але ёсьць суржёзная затрымка: нестаець адзеньня. Неарганізаваныя масы расьцярушылі ня толькі ўсю тэатральную рэквізыту, але парасьцягалі й вопратку. Меркавалі адыграць Аўгена Анегіна, але на двух артыстых знайшліся толькі адны штаны, ды й тыя ні ў два, ні ў паўтара. А як на грэх, то і артысты знайшліся — адзін маленькі, а другі, што вярста. Калі прымяралі порткі, то чысты сьмех: аднаму па калені, а другому — па пяты. Як разьвяжуць гэтую праблему — ня ведаю, бо які-ж Аўген бяз белых штаноў? А ягоныя порткі, мабыць, ужо даўно перакроены на станік, а мо й на анучы пайшлі.
28 верасьня. Круглоў аканфузіўся ўшчэнт. Мышы вытурылі яго із складу «Заготзярна». Такую сілу іх разьвёў, што давялося ўцякаць самому.
— Я, — кажа, — не вінаваты, што ўвесь парашок згарэў, а я ўмею толькі парашком змагацца.
Цяпер шкадуе, што трохі не дацягнуў:
— Калі-б яшчэ, — кажа, — хоць пудоў дзясятак, то праграму змаганьня з мышамі можна было-б уважаць за выкананую.
Чалавеку не пашанцавала.
29 верасьня. Наязноў ходзіць як хмара. Прачытаў адозву, у якой гаворыцца, што беларусы будуць жыць «без расейска-азіяцка-бальшавіцкага ўціску й чужанацыянальнага панаваньня».