Крывічанін Лявон
Шрифт:
— Сэрца, — кажа, — баліць, калі чытаеш такія рэчы. Хіба тутэйшыя не такія рускія, як і мы? А гэта-ж проста пра нас і сказана: «чужанацыянальныя».
Дзівак! Пра што непакоіцца. А зрэшты, хто яго ведае, можа й мяне залічаць у чужанацыянальныя. Трэба на ўсякі выпадак забясьпечыць сябе ад магчымае фармулёўкі.
30 верасьня. Пачынаю беларусізавацца. Купіў беларускі правапіс нейкага Тарашкевіча. Два рублі ня грошы, а ў спрытных руках ды з галавою яго можна абярнуць у капітал. Але Наязнову пра гэта — ні гуку. Бо ён можа зрабіць з гэтага «вывады».
1 кастрычніка. Дзюрка й ягоны швагра згубілі пашпарты. Дзіўная рэч, што абое разам. Тут штосьці падазронае. Трэба разьнюхаць. Можа ёсьць рацыя й мне згубіць.
2 кастрычніка. Фэцкі ўжо вылез із інтэгральнае блытаніны й дакладна вылічыў, калі скончыцца вайна, але трымае ў сакрэце. Каб чалавек быў з галавою, то й на гэтай справе мог-бы нядрэнна зарабіць. Ці ня купіць мне ягоны сакрэт? Трэба зрабіць спробу.
27 кастрычніка. Блізу месяца я не разгортваў гэтых мёртвых балонак, якім даручаў сваю жывую душу… Не да мёртвых балонак было, калі сам ледзь жывы астаўся… А хто вінаваты? Паліханаў, які запрасіў на сямейную вячорку? Жонка, якая пабаялася ўпоцемках дахаты йсьці? Ці я сам, што лішне чарку перакуліў? Усе пакрысе. А калі ўсе, то, знацца, ніхто, апрача злодзея. Але каб яго вінаваціць, трэба знайсьці. А як знойдзеш? Дзьве хутры, тры гарнітуры, два жаноцкія палітоны, мяшок цукру, невядомая колькасьць хусьця, скрыня махоркі, бідон тлушчу, мяшок рысу й шмат-шмат дробных рэчаў — зьніклі бязь сьледу…
Так здарылася катастрофа. Назаўтрае Панас прывёў варажбітку.
— Яна, — кажа, — табе ўсё выкладзе, як на далані.
Варажбітка гадала на карты, пушчала нейкі парашок на ваду, таўкла яйка ў хусьцінцы й нарэшце выклала:
— Злодзеяў было трое: адзін — рыжы, другі — чарнявы, трэці — касавокі. А пакрадзенае трэба шукаць тут, паблізу. Далёка не пайшло.
Як на талерцы! А тымчасам, калі пайшла, то зь ёю пайшоў і жаночы гадзіньнік. Вось і знайшоўся злодзей! А Дзюрка шчэ і аблаяў яе: «Гэта, — кажа, — дармо, што сьцягнула. У іх языкі доўгія, але затое й рукі даўгія — сачыць трэба. А праўду выкладзе».
Хадзіў я й на рынак, па сьляпой кнізе варажыць. Але варажбітка, таксама сьляпая, мабыць, узяла мяне за вайскоўца й намалола, што быццам я нядаўна з-за кроплі крыві ледзь ня згубіў свайго маладога жыцьця, але што неўзабаве, не пазьней як праз месяц, я зноў вярнуся пад роднае скрыло, якое мяне абагрэе, як прамень сонца. Цьфу! Толькі дваццаць рублёў зьбяёдаў!
Рыгор параіў зьвярнуцца да службы парадку. Добра, скажам, зьвярнуўся-б, але які толк?
— Знайсьці, - кажа Рыгор, — ня знойдуць, а так, для ачышчэньня грамадзкага сумленьня.
Дзякую! Каб мяне ўшчэнт пачысьцілі, тады яшчэ іншая рэч. А то яшчэ нейкія крошкі пазасыпаліся. А тут могуць так пачысьціць, што ня толькі сумленьня — нічога не застанецца. Горш за ўсё, што спачуваньня ні ад кога ня бачыў. Усе толькі раюць, а Сымон, той проста сьмяецца: «Рабуй нарабаванае» ды рагоча. А чаго рагатаць?
— Не па-суседзку, Сымон, — кажу, — тут плакаць трэба, а не рагатаць.
— Дармо, — кажа, — па гэтым дзеці будуць. Чалавек толькі сам сябе не перажыве, а так — усё здолее! Калі я быў у трэсьце, то ў нас адзін скарбнік усю скарбонку вытрас сабе ў партфэлю — дваццаць тысячаў натрос. Але не пасьпеў бядак да хаты дайсьці, як дарогаю ў яго перакралі гэтыя тысячы. Думаеш, павесіўся? Ані Божа барані. Праз год ужо ў другім трэсьце краў. Так вось і тут.
Недарэчнае параўнаньне, але ён мае рацыю, што чалавек усё перажыве. Перажыў і я гэтую катастрофу.
28 кастрычніка. Дзеля свайго калецтва тры тыдні ня чытаў газэтаў. А Рыгор казаў, што шмат было цікавага. Пісалі, што вораг ужо зламаны, арміі Цімашэнкавыя зьнішчаныя, ён сам звольнены, а Будзённы ўжо на Лубянцы вусамі шаволіць. Даскакаўся «брацішка наш Будзённы на кані сваім». Сёньня сам прачытаў. Праўда. Усё гэта ёсьць. Але Наязноў штось пэсымістычна ставіцца да ваенных падзеяў: «За летам яшчэ зіма будзе, а там — ізноў лета. Хто яго, кажа, ведае». Хітры чалавек — гэты Наязноў. Ніколі не дакапаешся, што ён думае. Але зь нейкімі крыніцамі ён зьвязаны. Гэта — напэўна. Дакапаюся!
29 кастрычніка. Хамовіч (ёсьць такі музыка на нашай вуліцы) пайшоў рэгістраваць духовую аркестру, бо ёсьць загад, каб грамадзяне рэгістравалі музычныя інструманты, якія ім не належалі. Мы яму не раілі.
— Дзівак, — казалі, - хто яго ведае, што гэтыя трубкі не твае?
А ён іх вайною падхапіў недзе поўнаю капэляю.
— Не, я хачу ўсё паводле формы, бо маю клясычныя канцэрты выдаваць — вось толькі барабана нестае.
І за што толькі людзі не хапаюцца!
30 кастрычніка. Хто я такі? Дзіўна. Такога пытаньня я сабе шчэ ніколі ня ставіў. А сяньня ў Арыентацкага адзін нейкі тып (клічуць яго Юрэц Бладук) прычапіўся да мяне:
— Хто вы такі? — пытаецца.
Як хто? Чалавек.
— Чалавек? Гэта на сяньня ніяк ня гучыць. Мы ўсе людзі. І чалавек на сяньня — дрэнь, пустое месца, словам — міт і больш нічога.
— Але-ж выбачайце..
— Нічога ня выбачу. Я ў вас пытаюся — хто вы паводле нацыі?
Дзівак. А што мне да нацыі?