Крывічанін Лявон
Шрифт:
— Тады ўцэліце ў самы пункт, бо найлепш пераймаць у дарозе. Толькі, - кажа, — лічэце ня надта па-вучонаму, дзе сотня менш, сотня больш — ня мае значэньня. Бо для жывога чалавека часам і год нешта значыць. Я ведаў аднаго чалавека, на Пярэсьпе жыў, які дваццаць год чакаў на спадчыну ад багатага дзеда й не дачакаў аднаго году: дзед перажыў яго на адзінаццаць месяцаў і дваццаць восем дзён. Хіба-ж гэта ня крыўда? Вось вы так і лічэце, даражэнькі, каб людзі не пакрыўдзіліся.
А па мне, то хай лічыць, як хоча. Калі скончыцца — для мяне ня мае значэньня.
10 верасьня. Ці то час такі, ці то людзі цяпер такія. Адно — злодзей на злодзеі. Тую бульбу, што мы нагледзелі, - ужо капаюць. Прыходжу сяньня на гарод, а там два дзяцюкі шастаюць бульбоўнікам ува ўсе бакі.
— Што гэта, — кажу, — робіце? Хіба прыватную ўласнасьць ужо скасавалі?
— А даўно, — кажуць, — скасавалі. Цяпер усё агульнае. Няма, — кажуць, — ні свайго, ні чужога.
Вось і гавары з такімі! Ледзь прагнаў. Напалохаў урэшце, што жаўнераў паклічу.
Раіліся з Сымонам, што рабіць. Сымон тае думкі, што цяперашнім часам лепш міска дранікаў на стале, чымся асьміна бульбы на гародзе. Трэба заўтра капаць.
12 верасьня. Два дні капалі бульбу, а пад канец неспадзявана зьявіўся гаспадар. Абурыўся — страшэнна. А чаго, каб хто спытаўся?
— Рабаўнікі! — крычыць. — Хто дазволіў!? Зладзейства! — і панёс…
Сымон ледзь яго супакоіў.
— Ты чаго, — кажа, — крычыш, чалавеча? Якое зладзейства, калі мы толькі ўсяго таго, што ашукаліся. Тут недзе мае цешчы хаціна стаяла й бульба ейная расла. А калі ўсе нумары пагарэлі, то як можна распазнаць, што цешчына, а што тваё. Сам бачыш, што скрозь толькі каміны стырчаць… А нам чужога ня трэба, — скончыў Сымон. — Забірай сваю бульбу.
Мяшкі два бульбы яму аддалі, бо рэшту мы ўжо перавезьлі да хаты. Страта, ведама, невялікая.
13 верасьня. У беларусаў нічога ня будзе, бо надта ўжо вялікі ў іх разнабой. Сяньня быў у Ахрэма Авечкі. Прыйшлі таксама Арыентацкі й Шчыры ды яшчэ нейкі новы, толькі што з Заходняй зьявіўся, зь дзіўным прозьвішчам — Кіндзюк Банадысь. І вось, як толькі зышліся, то адразу й пайшло: хто ў лес, хто па дровы. На адну й тую самую справу кажны глядзіць із сваёй званьніцы. Гутарка йшла пра тое, што ўправу апанавалі чужыя людзі (мяне яны ўважаюць за свайго), а свае па кутох, і якая гэтаму ёсьць прычына. Шчыры вельмі горача насядаў на тое, што яны самі вінаватыя:
— Мы, — крычыць, — стаімо на месцы! Мы сьпімо! Там, дзе трэба дзеяць дружна, мы гуляем у выперадкі! Мы… і г.д. Наогул даводзіў, што яны замала актыўныя.
Авечка на гэта адказаў яму, што ўсё гэта так і ўсё трэба рабіць абавязкова, але як будзе на гэта дазвол.
— Як толькі дазволяць, — скончыў ён, — то мы адразу усіх прагонім і пачнем апаноўваць. Абы дазволілі.
Арыентацкі, наадварот, тармазіў абодвых. Ён даводзіў, што трэба рабіць і так, і гэтак.
— Бачыце, — казаў Арыентацкі, - калі на справу кінуць позірк з аднаго боку, то яно выходзіць нібы й так, калі глянуць із другога, то выходзіць якраз наадварот. Значыцца, бяручы на ўвагу вышэйпаданыя акалічнасьці, трэба рабіць і так, і гэтак або лепш ні так, ні гэтак, а зусім наадварот.
Дыскусія трывала дзьве гадзіны, але ні да чога не дамовіліся. Так яно ў іх, відаць, і надалей будзе: як кажуць, што шапка, то й розум.
Сьвежы чалавек, што прыехаў з Заходняй, у гутарцы ўдзелу ня браў. Ці то ён яшчэ слаба арыентуецца, ці яго іншыя пытаньні цікавяць, бо ў часе прамовы Шчырага ў самым гарачым месцы ён у мяне спытаўся:
— А дзе можна ў Менску дастаць дрожджаў?
Гэты, відаць, не тэарэтык, а больш практык.
14 верасьня. Рынак ажывае, але шчэ слабая прапанова, попыт большы. Прапануюць дрожджы й шчоткі, а попыт узрастае на спажыву.
Выменяў на кілё цукру нядрэнныя чаравікі. Хай будуць у запасак. Вайною скура сьцягваецца. Адно дрэнна — няма шчэ ўсталяваных цэнаў. Але дарма — наладзім і гэта, абы не перашкаджалі прыватнай ініцыятыве.
15 верасьня. У Байцова здарылася аварыя. Папаўся на нейкай надзвычайна шыбельнай камбінацыі. Хацеў пабіць сусьветны рэкорд і за тры дні зрабіцца мільянэрам. Але пад канец гэтай амэрыканскай хуткасьці ў машыне штосьці заела, Сымон казаў, што падшыпнікі згарэлі, бо слаба мазаў… Цяпер сядзіць у «бацькавай хаце» й чакае канца справы. А канец, відаць, будзе незайздросны.
16 верасьня. Жывы чалавек нешта выдумае. Загржэмбіцкі зноў акрыяў. Праўда, цяжка было, але выкруціўся. А пачаў зь іголкі, якую зьмяняў на яйка. Пасьля яйка выменяў на махорку, махорку — на гарох, гарох — на нагавіцы і г. д. Прарабіў штосьці да дваццацёх апэрацыяў, пакуль узьбіўся на тры пуды мукі. А з гэтага ўжо справа пайшла сьліжчэй. Цяпер жыве як сьлед і гора ня мае.
— Мне, — кажа, — цяпер толькі разгон давай ды не затрымлівай, то я, — кажа, — так пайду ўгору, што й ня згледзіш.