Крывічанін Лявон
Шрифт:
За Разаком устаноўлены ўзмоцнены нагляд.
7 лістапада. Пацеха! З маймі знаёмымі беларусамі здарылася аварыя. Хацелі яны ў нейкі аддзел прапхнуць свайго чалавека, але выйшла асечка. Другі іхны, таксама беларус, ткнуў на гэтае месца якогась свайго знаёмага палячка. Колькі ні крычэлі, колькі рукамі ні махалі — дарэмна: палячок неяк вельмі хутка ўкараніўся, і яго ўжо ня выдзярэш цэлай грамадой. Спрытны чалавек — асечкі ня зробіць.
8 лістапада. Іншага чалавека дык і гора не навучыць. Сяньня сустрэў гэнага Дзівака (прозьвішча ня ведаю, але, мабыць, так яно й будзе), што нам вайною на складах назаляўся. Я навет зьдзівіўся, што ён шчэ жывы. Худы, абшастаны, а жывот падцягнула пад самыя рэбры. Цяпер недзе за настаўніка працуе.
— Вы, — кажу яму, — даражэнькі, хоць і настаўнік, а памылку ўрэзалі.
Уздыхнуў, але на словах не прызнаецца.
— Я, — кажа, — не шкадую, але жонка насядае, штодня пілуе. А што я меў рабіць, калі маё пераконаньне не дазваляе рабаваць?
Запраўды — дзівак! Пераконаньні… Іх, браток, у гаршчок ня ўсыплеш — навар ня той. Праўду кажуць, што гарбатага магіла паправіць.
9 лістапада. Круглова не задавальняе сытуацыя на сучасным рынку.
— На рынках, — скардзіўся, — пануе страшэнны хаос. На Чэрвеньскім за картовы пінжак далі лапатку бараніны й пяць кілё мукі, а на Камароўцы такі самы пінжак ідзе за дзьве лапаткі. Такая каньюнктура, сьцьвярджае, не заахвочвае да разьвіцьця прыватнага капіталу й ня спрыяе цэнтралізацыі мясцовага капіталу.
У сувязі з гэтым ён наважыў падаць да Ўправы распрацаваную ім шкалу сталых цэнаў на зацьверджаньне. Рыгор ня раіў падаваць такую цыдулку, бо што да цэнаў, казаў ён, то на гэны конт яшчэ ня спушчана ніякіх дырэктываў, і пытаньне тымчасам вісьне ў паветры.
Сымон даў больш практычную параду:
— Ты, — кажа, — сяньня на рынак выкідай ватоўкі й душагрэйкі, бо цяпер на іх самы сэзон, а картовыя пінжакі й нагавіцы прытрымай да вясны. Увесну пойдуць як вада, і цэны тады будзеш сам дыктаваць. Гандляваць, браток, трэба ўмеючы. Бальшавікі дваццаць год крычэлі «Вучыцеся гандляваць» і то не наўчыліся, а ты хочаш за адзін год усіх пераплюнуць.
Гэта супакоіла Круглова.
10 лістапада. Пакуль што выбраў патэнт на майстру музычных інструмантаў. Чаму? Я й сам ня ведаю. У Рыгора узяў паламаную гітару, павесіў на цьвік, купіў францускі ключ і малаточак. Такім парадкам, майстроўня абсталявана цалкам. А заказчыкі мне не патрэбныя. Я тымчасам і бяз іх пражыву.
11 лістапада. Яшчэ раз пераканаўся, што культура — непатрэбная рэч. Язэп Супрынайц (працуе недзе каля Ўправы) зацягнуў у сваю сталоўку на полудзень.
— Хадзем, — кажа, — у мяне лішнія талёны ёсьць. Паглядзіш, як мы харчуемся.
Пайшлі. Далі на пачатак буракоў па талерцы, а пасьля — каму курыцы кавалак, каму рыбіну — на выбар. Пасёрбалі гэта мы буракоў, а тады ўзяліся рыбіну калупаць — хто дзераўлянай лыжкай, а хто пальцамі, бо відэльцаў не далі. Толькі гэта я дакалупаўся да хрыбеціны, як пры суседнім стале падняўся вэрхал. Якісь хлапец, чыста апрануты, запатрабаваў, каб яму далі відэлец.
— Які гэта, — крычыць, — парадак? Есьці рыбу-карася мне далі дзераўляную лыжку! Я, можа, да заходне-эўрапэйскай культуры далучыўся, а вы што падсунулі? Хамства!
Але афіцыянтка, да якое адрасаваўся гэты хлапец, відаць, была моцнага марксысцкага ўзгадаваньня. Яна навет і ня зірнула ў ягоны бок, бразнула лыжкамі аб стол і толькі мімаходзь кінула:
— Нічаво, жраць захочаш, дык зжарэш.
Чалавека, які пасьпеў далучыцца да Эўропы, супакоіў ягоны сусед:
— Дарэмна, даражэнькі, порах траціце. Відэльцаў не дадуць, бо іх няма. А вы лепш так рабіце, як я: з сабой прыносьце ўвесь інвэнтар.
Другі сусед таксама параіў:
— А то можаце яшчэ й так зрабіць, як мы робім: узяць карася-рыбіну дахаты і ўжо там яе, падлу, раскалупаць па-культурнаму, з дапамогаю відэльца.
Не пасьпеў усьцішыцца эўрапэец, як на другім канцы сталоўкі ўзьняла лямант мясцовая кабеціна:
— Дзе, — крычыць, — навар ад курыцы? Чаму, — крычыць, — курыца вараная, а буракі тымчасам нішчымныя? Хто схлёбвае навар?
Тут і ўсе агледзеліся. Праўда. Буракі абсалют посныя, а курыца тымчасам недзе варылася. То дзе-ж падзеўся курыны навар? Народ пачаў хвалявацца. Больш актыўныя рынуліся да загадчыка, але той, як гэта заўсяды бывае ў такіх выпадках, недзе зьнік. Рушылі на кухню, да галоўнае кухаркі.
— Ты што, — крычаць, — зараза, без навару даеш? Дзе навар ад твае курыцы?
Наперад высунуўся кухар, ейны памагач.
— Я шчэ не наварыў, - рагоча, — таму й навару няма.
Сунуліся да яго бліжэй, але кухар, здаравенны дзяцюк, з бліскучым чырвоным тварам, падхапіў нейкі вялічэзны зялезны палонік.
— Асадзі, - кажа, — бо як дакрануся да каторага гэтым начыньнем, адразу звару. Вось вам і навар будзе.
Актывістыя асадзілі. Тут пасьмялела кухарка.
— Што я, — кажа, — разьмеркавальнік які ці што? Вы чаго прыліплі? Нашая справа дробная — нам што даюць, тое й кідаем у кацёл.