Вход/Регистрация
Беларусізацыя пад №...
вернуться

Крывічанін Лявон

Шрифт:

Не такі чалавек Мікіта, каб яго доктар ашукаў.

12 студзеня. Апанас Дзюрка аднекуль прывалок піяніну. Кажа, што ягоны прыяцель Мімікрыйскі спрэзэнтаваў. Брэша! Дзе гэта ёсьць цяпер такія прыяцелі, каб піянінамі кідаліся? Недзе зблатаваў. А ў хаце цэлы гармідар. Апанасавы дзеці праз увесь дзень на гэтай музыцы дубасяць, а жонка лаецца:

— Заняў, - кажа, — усю хату гэтай гаргарынай — няма дзе й сьвінчаці замяшаць.

— Дармо, баба, — суцішае Апанас, — хутка й ты будзеш на гэтай штуковіне выцілінгваць.

— А каб цябе немач цілінгала, — злуецца Апанасіха. — Мне дзяцей няма калі дагледзець, а ён з музыкаю.

Такія тэатры ў Апанаса цяпер цялюткі дзень.

15 студзеня. Піліп Дручок апынуўся на казённых харчох. А з-за чаго? З-за свае дурноты. Ад нейкае пары на яго пачала насядаць жонка. Пілуе й пілуе штодня.

— Усе людзі, як людзі, а ты нейкая недарэка — ні сабе, ні жане. Або ты, — кажа, — будзь запраўдны муж і сутрымвай жану, або кіну ўсё да ліхай матары. Бо я такіх, — кажа, — як ты, хоць дзесяць знайду, калі падамся па вайсковай лініі.

Праўда, пэнсія Дручка як бухгальтара на сяньня нічога ня вартая, можна сказаць, адзін міт, і на яе, ведама, жыць нельга. Але Піліп ня ўлічыў ваеннае сытуацыі ды ўважаў, што калі ён сяньня працуе, знацца, павінен і жыць.

— Ты, — казаў ён жонцы, — не агітуй. Мне ўжо й самому гэтае жыцьцё падпёрла пад самыя рэбры. Але дзе мне выйсьце?

— А мне, — крычыць баба, — якая да гэтага справа? Ты, — кажа, — галава, ты й думай. А ня можаш — дык злазь з даху й ня псуй гонтаў.

Каб на іншага чалавека, то пасьля такіх слоў ён-бы так усыпаў бабе й па даху й па фундаманту, што век-бы памятала. Але Дручок — чалавек просты, і яго нарэшце дапілавала баба да таго, што мусіў ужыць дадатковую прафэсію — пайшоў красьці сьвіней.

Першыя дзьве апэрацыі правёў удала. Збалянсаваў на Пярэсьпе двух кабаноў на пудоў сем. Але на трэйцяй — балянс ня сышоўся — злавілі Дручка на самай гарачай справе. Цяпер сядзіць і плача, а суседзі сьмяюцца: не за сваю справу, браток, не бярыся: сьвіней красьці — не паперай шастаць, тут навука патрэбна!

А Сымон казаў, што і ў гэтай справе, як і ў кажнай, апрача навукі, патрэбен спрыт:

— Быў, - кажа, — у нас у трэсьце адзін бухгальтар. Той, здаецца, і чалавек быў зусім нікудышны. Калі звонку глянуць, дык толькі назоў той, што чалавек. Але, каб вы ведалі, якія ўнутры гэтага недарэкі сядзелі спрыт і розум. Ён праз чатыры гады скрабаў нажом бухгальтарскую кнігу, і ў яго заўсёды, як казаў, балянсаваліся ўсе капейкі, а лішнія рублі, што ён адтуль выскрэбваў, клаў сабе ў кішэню. Так і не злавілі, а касіў тышчамі. Вось гэта быў бухгальтар! А Піліп — дрэнь! Такі й кнігу праскрабаў-бы, і ніводнага рубля сабе не наскрабаў-бы. Спрыту ў руках няма.

17 студзеня. Бачыў, як упяцёх білі аднаго. Відовішча было надта цікавае. Я вельмі рагатаў, як яны яго з усіх бакоў абкладалі. Але, шчыра кажучы, я-б не хацеў быць на месцы гэтага аднаго.

Сымон, які таксама наглядаў бойку, не падзяляў майго вясёлага настрою.

— Я, — кажа, — такога не хвалю. Бойка — гэта мастацтва. І мастацтва высокага гатунку. Толькі трэба сам-насам. Калі-ж пяцёра ды на аднаго, ды, як гэта часам бывае, із зброяй, то гэта ўжо не мастацтва, а даруйце…

— Дык вясёла, — кажу.

— Дурань і на паховінах сьмяецца, — раззлаваўся Сымон. — І гэты сьмех дурны. Гэта ўсё роўна, як-бы казалі мне: Сымон, вось табе стрэльба й страляй дзіця. То хіба я на гэта здольны? Хіба я пошасьць якая? Не!

Сымон такога мастацтва не вызнае. Я із Сымонам ня згодны. Мне, калі бжюцца, дык і сьмешна, абы мяне ня білі.

20 студзеня. Сяньня пазнаёміўся з Рурыкавічам. Зайшліся гэта мы з Рыгорам у закусачную па дзьвесьце грамаў зрабіць, ажна бачым, тут нейкі здаравяка на сьцяну лезе:

— Я, — крычыць, — дваранін! Я Рурыкавіч! Мой дзед, — кажа, — за адну ноч дзесяць тысяч дзесяцін прапіў, а ты мне, гад, дзьвесьце грамаў паверыць ня можаш. Эх ты, — кажа, — беларус!

Але гаспадар закусачнай трапіўся чалавек досыць вытрывалы.

— Я, — кажа, — із тваім дзедам гарэлкі ня піў, хоць, можа, ён і Рурыкавіч быў. А мне — грошы на бочку, і ніякіх князёў!

Як мы даведаліся, гэты аскалопак княскага роду прасадзіў у закусачнай свой паўмесячны інжынерскі заробак, а да поўнай формы не дапяў — не хапіла грамаў дзьвесьце. Мы з Рыгорам паставілі яму па сто грамаў і пазнаёміліся. Абяцаў навет дакуманты паказаць, што ён Рурыкавіч. Можа й так? У кажным разе з такім чалавекам пазнацца нядрэнна. Калі й ня Рурыкавіч, то ўсё-ж чалавек свой.

23 студзеня. На нашай вуліцы асяліўся заходні чалавек і адразу пачаў заводзіць свае парадкі. Пахадзіў гэта ён па хатах, пазнаёміўся з суседзямі, а пасьля хваліўся:

— Я, — кажа, — не магу так проста жыць, як вы. Я не магу так, як вы, у хату сунуцца, я павінен увайсьці па-культурнаму.

З гэтае, відаць, прычыны ён заказаў візытоўкі. Але ягоныя культурныя намеры адразу-ж сустрэліся з непераможнымі цяжкасьцямі. Пайшоў гэта ён да Мікіты Гузака купіць самагонку, і толькі яму Мікіціха адчыніла дзьверы, ён адразу — шусь ёй візытоўку ў рукі. Тая ажна прысела з перапуду: думала, што агент які прыйшоў апарату заарыштаваць. Добра — у хаце быў Мікіта, які толькі што прыняў чарговую порцыю дыеты. Той не зьбянтэжыўся. Ён узяў у рукі візытоўку, прачытаў «Мікола Сямёнавіч Дурмідаў, такі й такі асьветны чын» і вярнуў візытоўку назад.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: