Крывічанін Лявон
Шрифт:
20 сьнежня. А ўсё-ж у паветры нечым пахне. Бо Маржя Іванаўна й тая зьмяніла тон. Сяньня ў яе засьпеў нейкага невядомага з падазроным абліччам. Казала, што гэта ейны знаёмы шофер, навет далёкі родзіч. Прывіталася са мной надта скупа, як із чужым. І трымаецца неяк больш бадзёра й незалежна.
— Сядайце, — кажа, — таварыш Чужанінаў.
Цікава: учора быў Ванечка, а сяньня — таварыш Чужанінаў. Не, тут штосьці ня так. Ці тут гэты шофер прычынаю, ці то іншыя справы, больш сакрэтныя. У кажным разе трэба даведацца, які тут вецер пад бабін хвост дзьме.
21 сьнежня. Купляў цацкі на ёлку. Дзіўная рэч: вайна, сквозь галеча, а людзі ёлку ладзяць. Разам са мной купляў цацкі нейкі тып.
— Дайце мне, — кажа, — якіх-небудзь вясёленькіх цацак.
— Вясёленькіх? — кажа крамніца, — калі ласка.
І шусь на прылавак гармату, гранату, самалёт ды яшчэ якіхсь пушак.
— Не, — кажа тып, — дзякую за такую вясёласьць. Я ўжо гэтага наглытаўся досыць.
— Дык якога-ж, — пытае, — храна вам трэба?
— Дайце мне якуюсь цацачку, якая-б клікала да жыцьця, а не да сьмерці.
— Тады бярыце барабан або трубу.
— Не, ня тое! Мне-б вось такую мірную цацачку, каб, скажам, пявунка або птушачку, бо ў мяне ўжо гэтая чырвань вочы выела.
— Ну, дык наце вам коніка.
І паднесла да яго носу валавянага коніка.
Той аж напалохаўся.
— Вы, — кажа, — даражэнькая, што гэта мне сунеце?
— А што? — пытае.
— У гэтага каня хвост уніз вісіць, а мне трэба, каб угару стаяў.
Тут ужо й крамніца раззлавалася:
— Вы, — кажа, — грамадзянін, ня выдумляйце тут! Што вы хочаце, каб я за вашыя за тры маркі ды хвост угару падымала? Сорам вам!
Публіка, што ў краме была, падтрымала крамніцу:
— Запраўды, — кажуць, — грамадзянін, нічога ня выдумляйце. Якое вам яшчэ трасцы нестае? Бярэце, што даюць, дый годзе. Не зазірайце пад хвасты.
Так і пайшоў гэны грамадзянін, нічога ня купіўшы. А й запраўды дзівак. Хіба яму ня ўсё роўна, куды хвост вісьне — уніз ці ўгару? Я купіў барабан, дырыжабаль СССР, дзьве гарматы, пяць бліскучак, дзясятак пшыкавак. Жонка была задаволена.
24 сьнежня. Калі ўжо не пашанцуе, дык і дзеўцы ветрам надзьмуе. Гэта праўда. Небараку Загржэмбіцкага, якога колькі разоў ужо калечылі, зноў паклалі на лапаткі. Вярнуўся з падарожжа голы, як бізун. Сустрэла яго ў лесе пад Чэрвенем нейкая вясёлая кумпанія й кажуць: усё ваша — будзе наша, а вы, пане, — вэк! Яшчэ й усыпалі троху на дарогу, каб не замёрз часам. Ні каня, ні саней, ні солі. Кідаецца цяпер ува ўсе бакі, як варжят. А што з гэтага кіданьня будзе — невядома.
28 сьнежня. Куцьцю спраўляў дома, але дзе гэтыя тры дні калядаваў — нічога ня ведаю. Адно толькі памятаю, што пілі, але дзе й колькі — хоць зарэж, ня ўспомню.
Недарэчная рэч, гэтыя старамодныя сьвяты.
29 сьнежня. Чуў я колісь аднаго разумнага чалавека, які казаў: «Трымай чалавека голадам, дык ён будзе мець толькі адно жаданьне, а накармі яго, дык жаданьняў у яго зьявіцца безьліч». Гэта, мабыць, праўда. Сяньня спаткаў свайго даваеннага, яшчэ з-за царскіх часоў, прыяцеля. Быў ён трохі афіцэрам, да Ўрангеля падаўся, там нешта рабіў, а цяпер нейкім парадкам ізноў тут апынуўся.
— Якім, — пытаюся, — ветрам зноў сюды закінула?
— Ня ветрам, — кажа, — а самаходам. Радзіма пацягнула.
— Ого, — кажу, — дык васпан ізноў угару пайшоў. На самаходзе.
— Эт, якая тут гара, — кажа, — мышыная. Хіба ты ня ведаеш, кім я раней быў? Дзяншчыка меў! А цяпер сам за халуя ў гэтага дзяншчыка. Дык па-твойму гэта парадак?
— Ну, ведама, — кажу, — у вашым стане дык парадак незайздросны. Але-ж выгляд у вас, тымчасам, гладкі.
— Што выглёнд? Гэта глупства. Бо не аб адзіным хлебе жывы чалавек бывае.
— Праўда, — кажу, — да хлеба патрэбна й скварка.
— Ды я не аб скварцы! Пакуль даволі й гэтага. Надоечы вось дваццаць кілё масла загарнуў. Пакуль шчэ сяк-так самадапамагаемся.
— Ну й памагай Бог, — кажу, — абы ціха.
— Дзякаваць. З гэтага боку ўсё ў парадку, ніхто не падкалупне. Але не аб гэта ходзіць. Дзе духовая страва, я пытаюся? Улада дзе? Гонар? Вось аб што ходзіць! Вось чаго нестае!
— Але-ж, — кажу, — вайна! Цяпер абы жывот.
— Ну ты, даражэнькі, дробна плаваеш. Адным жыватом доўга ёрзаць ня будзеш. Захочацца й на ногі стаць. Вось гэтага я й хачу!
Разьвіталіся мы, і ён бадзёра закрочыў з узьнятай галавой, быццам трымаючы на версе брыля тую славу, да якой чалавек імкнецца.
Вось тут і зразумей чалавечую натуру. Пакуль із чужых талерак кавалкі зьбіраў, усё было добра, а як ўжо нажэрся чужога хлеба — на вышыню славы палез. Улады захацеў!
Праўда, што чалавеку ніколі нестае, і жаданьням ягоным няма канца.
2 студзеня. Новы год сустракалі ў Рыгора. Банкет наладзілі ў складку, натурай — каму што Бог паслаў. Больш налягалі ў кірунку пітва, бо гэты прадукт у нашай парафіі шануюць перад усім. Гасьцей было шмат: і сваіх, і чужых. Банкет пачаў Рыгор. У сваёй уступнай прамове ён адзначыў, што гэты новы год — першы такі ўдалы год, і хаця й не з нашае віны, але ён вольны.