Калеснік Уладзімір
Шрифт:
А яны ходзяць з пісталетамі і дабіваюць. Дайшоў да мяне, чую, што дзіця крычыць… У тое дзіця бахнуў, і мне пальцы ён прастрэліў.
I дзіця сціхла, кроў на мяне, чую, свішча на твар…»
(З расказу Марыі Кулак. Баравікі Слонімскага раёна.)
Страляючы ў натоўп, білі па грудзях, па галовах. Дзеці, што не на руках, ціснуліся да ног, да каленяў бацькоў. Сярод тых, хто заставаўся жывы, падалі жывыя ў груды мёртвых — найперш дзеці. Колькі іх — так і закапана жывымі, і кінута ў калодзежы, у полымя — жывымі!..
«…Мужчына адзін з сяла падыходзіць і кажа:
— Хто жывы — уставайце, немцы паехалі! Бацька мой пазнаў яго па голасе, падняўся і кажа:
— Ну, я жыў.
…І ён пачаў глядзець. Кажа:
— Усе мае дзеці ёсць, адной толькі дзевачкі няма, шэсць лет, але яна не магла ўцячы, бо яшчэ дзіця.
Стаў ён глядзець, і я аказалася. Дык мне ўжо ногі людзьмі папрыдаўлівала, усе косці…»
(З расказу Яўгені Бардун. Ніз Слонімскага раёна.)
«Ёсць» — значыць, няма, забітыя. Вось так страшна перавярнулася ўсё ў свеце, у жыцці таго чалавека.
Няма, не засталося нікога з ранейшай сям'і. З усёй вёскі (ці нават некалькіх вёсак) засталіся жыць некалькі чалавек, і яны зноў пабраліся сем'ямі. «Мы з ім пабраліся, пажаніліся сіротамі», — кажа Вольга Мініч пра сябе і свайго цяперашняга мужа, у якога ў Хвойні таксама ўсіх спалілі.
Так і ў Вольгі і Мікіты Гайдашоў з вёскі Першамайск Рэчыцкага раёна…
У Аляксандра Заўэра з вёскі Булкава Акцябрскага раёна…
I зноў — дзеці. Калі маладымі яшчэ пабраліся.
Іван Рубец з Акунінава Слонімскага раёна: «Шэсцера было — шэсцера і ёсць…»
А часта нават і болей, чым было, чым адабрала вайна, смерць, лютасць ворага.
Некаторыя, не, многія падкрэсліваюць самі, напамінаюць нам (ці сабе зноў і зноў!), што вось было ў яго, у яе, у іх было столькі дзяцей, дык і цяпер столькі ж — нават больш.
Хацелася ўсіх «вярнуць» — і сыноў і дачок…
Калі мы слухалі тых людзей, бачылі тое трывожнае бацькоўскае ці мацярынскае новае шчасце — святое іх шчасце! — мы, вядома, не пыталіся, ці можна «вярнуць».
Але ўвесь час помнілася:
«…Аднаўляе Бог нанава Іова, дае яму зноў багацце, мінаюць многія гады, і вось у яго ўжо новыя дзеці, іншыя, і любіць ён іх — Госпадзі: «Дык як мог бы ён, здаецца, палюбіць гэтых новых, калі тых ранейшых няма, калі тых страціў? Успамінаючы тых, хіба можна быць зусім шчаслівым, з новымі — як раней, як бы новыя ні былі яму мілыя?»
Гэта з «Братоў Карамазавых» Дастаеўскага…
I гэта век мінулы, дзевятнаццаты — таксама не мірны. Але каб столькі людзей спазналі гэта, каб такое чыталася ў вачах, на тварах, у голасе столькіх вяскоўцаў!..
Тыя пакутлівыя, «дастаеўскія» думкі, праблемы сталі раптам горкай паўсядзённасцю…
Першая сусветная вайна: працэнт мірнага насельніцтва ад усіх забітых — 1З;
другая сусветная вайна — каля 70;
Карэя — 84;
В'етнам — каля 90.
Гэта падлічана амерыканскім прафесарам Куімсі Райтам.
Так, жыццяздольнасць, стыхійная моц народа — як гэта важна!
Людзі, пра якіх тут гаворка, не проста «вяртаюць» сабе дзяцей. Яны жыццю вяртаюць жыццё.
Але чаго няма ў іх, у нашых людзях, дык гэта бяспамяцтва. Ні ў голасе, ні ў вачах — калі расказваюць яны пра сённяшні свой дзень, пра новых дзяцей.
Можа, мае ў нечым рацыю і старац Засіма, калі выказвае надзею (але і няўпэўненасць) Дастаеўскага:
«Успамінаючы тых, хіба можна быць зусім шчаслівым?.. Аднак можна, можна: старое гора вялікаю таямніцай жыцця чалавечага пераходзіць паступова ў ціхую замілаваную радасць…»
I ў гэтым — праўда чалавечая.
I яе прачытаеш у вачах, на тварах людзей. Але і другое таксама — тое, што глыбей. Што выказаў, нават выкрычаў, як нясцерпны боль — не ціхім голасам Засімы, а крыкам Івана Карамазава, — пясняр беларускага вясковага люду, наш раманіст Кузьма Чорны. Бо тут ужо век XX, яго маштабы. Тут лёс цэлага народа. I боль, пакуты людзей зусім рэальных, такіх блізкіх памяці, сэрцу (раман «Вялікі дзень»):
«Ксёндз з амбоні расказваў, як Бог выпрабоўваў веру Іова. Ён напусціў на яго ўсялякія няшчасці… Ён ведаў, што гэта Бог яго так карае, але не пакінуў маліцца Богу, і хваліў Бога, і не ўзняў слова на Бога. Бог за гэта вярнуў яму ўсё… і дзеці ў яго другія нарадзіліся, якраз гэтулькі, колькі было тых, што памерлі. I гэта ж тысячы год гаворыцца людзям, і няўжо ніхто не падумаў ні разу, што не можна так гаварыць чалавеку, бо гэта вялікая няпраўда… Каб я завёў другую сям'ю і каб зноў вярнулася да мяне маё жыццё — і каб дом новы, і каб хлеб свой, і каб зноў сын малы выбягаў мне насустрач, дык у доме я магу другім жыць, на кані я магу і другім ездзіць. А дзіця маё — той жа жыў, глядзеў на свет, ведаў, што я яго бацька! Дзіця будзе другое, а не тое, якое мела пакуту, і пакута гэтая асталася на векі вечныя, бо яна была і ніхто ўжо не зробіць так, што яна не была».