Калеснік Уладзімір
Шрифт:
— Чаго гэта ты, Вольга, так хаваешся? А тая гаворыць:
— Хавайцеся і вы, цётка, бо ўжо немцы ходзяць па дарогах.
Прышла, знайшла нас. Потым цэлы дзень нічога не ведаем. Мужчыны залезуць на высокае дрэва, глядзяць. Ціха. Ніхто не ведае, што робіцца ў сяле, і выходзіць — ніхто не выходзіць, таму што відно, што ходзяць немцы, выганяюць скот… А што болей робяць — невядома…»
Марыя Кот.
«…Так ацапілі — чалавек ад чалавека чатыры метры, так во ішлі. Падышлі да нас:
— Паднімайся!
Паднялі ўсіх з таго картафляніка, вінтоўкі панастаўляўшы… I пагналі нас пад дарогу, што з Цімкавіч на Сцяпуры. На дарозе пасаджалі, і прыхрдзіць адзін, помню, — карта на грудзях, аўчарка гэтая. Канечне ж, нейкі начальнік ужо нямецкі. А мы сядзім, чакаем, што будуць там біць. Дык не. Начальнік сказаў, што ідзіце дамой і забірайце з поля лошадзі дамой. Хто ж тыя лошадзі павядзе, — на чорта яны, калі мы ўжо знаем, што біць будуць. Ну, і прышлі ўсе дамой. Праўда, хто сумеў, у каго які доцік быў, дык той схаваўся. А нам дзе? Я ўжо там патупала, патупала, дзе ж дзецца? А па абедзе я вышла на вуліцу — невазможна! Пулі лятаюць ужо. Ужо яны прыходзяць — «яек». Ужо яны бачаць, што няма тут партызанаў, а яны кругом дзярэўні акапаліся. Няма дзе людзям дзявацца.
— Хадзем у гэтую глінабітку.
У нас глінабітка была, дзядзька адзін зрабіў, дык мы кажам, што пулі там не будуць даставаць… Яна была на загуменні за сялом, далекавата ад будынкаў. Адтуль ім відно было, што гэта глінабітка і што людзі шавеляцца. I давай пуляць у гэтую глінабітку. Усе вокны павыбівалі. А мы ўжо за сценкамі. Чалавек, можа, нас дваццаць пяць было, а можа, і больш. I раненыя былі дзве, Саша Дарашкевічава і Маня. А потым яны прыходзяць пад вечар. Ужо сонейка стала закатвацца. Прыходзяць і: «Выхадзі!» — нарабілі крыку. Мы вышлі. Яны думалі — можа, партызаны. Бачаць — адны бабы і дзеці…
— Вараці назад!
Мы і вярнуліся назад.
— Лажысь! Пашпарта! Дзеньгі! Гэтыя жанчыны:
— А паночкі, а дарагія!..
А яны: «Лажысь!» — і ўсё. I страляюць з аўтаматаў.
Там печ была, і печка, і стол стаяў. Пападалі. Праўда, я ўпала пад стол са сваёй сям'ёю. А другія туды пападалі, далей за печку. I вот яны нас перастрачылі. Меншанькая мая:
— Ой, мамачка!..
Глянула я — а ёй сюды папала, у пераноссе. Толькі захрапла. А другой, старшае, — што во гэтая, на фатаграфіі,— яе і не пачула, як забілі. Адзін перастрачыў і пайшоў таму памагаць, за печку. Я ўзяла так во і зірнула.
Жанчына не дае адсунуць краваць, там дзеці яе, а ён б'е яе наганам па галаве. А ён краваццю таўчэ тых дзяцей, тых людзей. Бо не адразу ж усе кончыліся. Хрыпацяць, енчаць гэтыя людзі. Дзеці тыя пішчаць, госпадзі!..
Глянула я, а ён замеціў, што я жывая. Дык ён падышоў. З наганам. Сіні-сіні — вот я бачу, як агнём, агнём мяне па твары! Я ляжу ў дзецях сваіх, а ён усё мне… порах гэты… і пулі ўсё — шуг! шуг! — б'юць. Страляў — колькі ўжо яму хацелася, біў з таго нагана. Потым за ногу мяне і пацягнуў па крыві сярод хаты, па крыві, што людзі там… Пацягнуў і сам ужо пасвістаў, пасвістаў у хаце і пайшоў.
Вышаў з хаты, а глінабітка гэтая была чарапіцаю крыта, яе трудна было ўпаліць. А ў сенях той дзядзька сена злажыў, бо не меў сарая. Дык ён тое сена ўпальвае. Упальваюць сена і ўсё свішчуць там, гавораць, і лаюцца, і ўсяляк…
А патом мой хлопец падняўся. Гэты, што цяперака паехаў недзе на курорт, казаў, — мой Жорж. Азваўся і ідзе ў парог. Я думаю: можа, гэта абратна ён, немец? Я ўжо не гляджу, ляжу ў гэтай крові… Потым чую — шалопае, дайшоў у парог… Дай жа я азірнуся, хто там шалопае. Зірнула, а гэта ж мой хлопец! Дык я кажу:
— Жоржык, куды ж ты, дзіцятка маё? А ён кажа:
— Мама, а вы жывыя? Хацеў — хай і мяне!
— Жывая, дзіця маё… Ідзі, дзіцятка, лажыся на гэта самае месца. Можа, яно шчаслівае. Можа, мы і астанёмся.
Ён прышоў і лёг на тым месцы, дзе ляжаў. Можа, цераз мінутку… Пачулі ж усё ж такі яны! Улятае адзін у хату. I крычыць:
— Паднімайсь!
Тры разы крыкнуў так. Але ён нас не паварочваў. А там людзі храпуць, даходзяць… Ну, невазможна цярпець! Пабегаў і ў печ, і пад печ глянуў, шкафчык стаяў — і ў шкафчык паглядзеў… Гранату пад печ кінуў… Пасвістаў, пасвістаўі пайшоў…»
Марыя Нагорная.
«…Стала ўжо вечарэць, сонца садзіцца пачало… Не зайшло яшчэ, але ўжо села, мужчыны рашылі: «Пайшлі!» Паглядзець, што там робіцца. Сабраліся некалькі чалавек. I я пайшла з імі: бацька ж пайшоў, дык і я пайшла з імі. Выходзім на самы ўжо край, а тут буквальна метраў за дзесяць немцы… Запалілі задалку — прыкурвалі, ці што. Яшчэ не цёмна было, але ў лесе прыцемкі. I мы тады ізноў як кінуліся назад — урассыпную кінуліся, хто куды. Адно мы свае, утрох засталіся, бацька, маці і я. I згубілі гэтага племянніка нават майго.