Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Не, нас прапусцілі — якраз во тут каля току. Я на тым баку жыла, там мая хата была, дзе цяпер агарод. Я прыбягаю на двор, ажно мае дзеці пад плотам сядзяць. Тады я кажу:
— А бацька дзе?
Калі я з дому ішла, дык мой брат з ім сядзеў і яго сястра.
— Яны, — кажуць, — пабеглі ў лес. — Дзеці мае так гавораць.
Я ў хату ўвайшла і сяджу ўжо з дзяцьмі. Адзін прыходзіць. Аўтамат наставіў.
— Дзе муж? А я кажу:
— Там, дзе і вы.
Так я яму кажу. А ён:
— А чаму хлопчыку толькі год? (Малы быў у мяне.) Чаму кіндэр малы?
А я кажу:
— Што, толькі з мужам можна, а без мужа не?
Аён:
— О-о, матка!
Ну, і ён тады ў хату зайшоў. Абышоў, абышоў, а тады кажа: «Воды!» А я думала, што «вон!». Я тады хапаю дзяцей, выходжу вон, а ён кажа:
— Не, матка, воды дайце, рэнкі мыць.
Ну, я тады вады ў таз наліла, палаценца павесіла. Ён рукі памыў. I тады вядзе мяне ў другую палавіну, за перабойку, каб я краваць паслала. О, халера! Яшчэ чаго!.. Аж гэта яны раненага прынеслі ў хату. А гэта ўрач, мусіць, быў. Бо ён жа перавязку яму робіў. Таму немцу. Тады я яму паслала. Праўда, ён сказаў прыняць усё чыстае, пакрышку з краваці, толькі просціну я пакінула. Яны палажылі, перавязалі. I сяйчас яго паняслі на ношах апяць…
Ну, а я віжу — гарыць ужо Андрэеў ток. А тады давай ужо з хаты выносіць — караўкі якія, адзежа. Сюды — у сад.
А тады ўжо мяне па дзяцей не пускаюць у хату. Я стала прасіцца, што ў мяне ж дзеці малыя ў хаце. Яны мяне пусцілі. Я гэтых траіх дзяцей узяла і выйшла на вуліцу.
Ну, тут мужчын у адзін рад паставілі, а баб — у другі. Мужчын наперадзе пагналі, а нас ззаду. Некаторыя пахаваліся, а мы…
Мужчын пагналі ў адзін бок, а нас у магазін заперлі. I сядзелі мы там ад нядзелі да серады. А ў сераду ўжо рана самалёт прыляцеў і нас ужо выпусціў. Прыйшлі дамоў.
Ну, што прыйшлі — калі ўжо ўсё пабіта, папалена…
Пытанне: — А як выйшлі, дык што вы тады бачылі?
— Ай-ай-ай! Як мы толькі выйшлі, дык адзін цераз аднаго ляцелі. Самі не зналі, куды нам бегчы. Вы знаеце — сядзелі ад нядзелі да серады. Не пілі і не елі. А дзеці малыя. Я ж не ведаю — год майму мальцу быў ці яшчэ не. Ён цяперака жыве ў Пінску, мой сын.
Пытанне: — А потым вы пайшлі на тое месца, дзе мужчын палілі?
— Даставалі мы іх. Хто каго пазнае, той таго і дастане. Мы свайго брата дасталі толькі во так — ад паясніцы па калені…»
Пабіты мужчыны, гаспадары, бацькі, браты, мужы, сыны…
Гавораць пра гэта, падключыўшыся да гутаркі, Кацярына Глот і Барбара Барбуха. Першая — стрыманаразважлівая, а другая — ціхая, задумлівая па натуры, якая сядзела, як бы нічога не чуючы, з апушчанай і падпёртай далонямі галавою. Цяпер яны гавораць ледзь не разам, дапаўняючы адна другую. Гавораць пра тое, як тады было з мужчынамі.
«…Як іх увагналі, — гаворыць Кацярына Глот, — то мы ж не замецілі, як увагналі…
У нядзелю нас запёрлі, а ў панядзелак прыходзіць туды немец і перагаворшчык, і вот перагаворшчык гаворыць:
— Скажыце, дзе якія партызанскія сем'і? Ну, усе маўчаць.
— Хто скажа, таго мы пусцім дамоў. Не будзе сядзець. Будзець жывы.
Хто ж гэта, кажаце, выдасць?..
Чаму? Аўдоціна Манька і яшчэ адна пайшлі паказваць гэтых партызанскіх сем'яў. Перш-наперш прывялі к маёй сястры двор.
— Вот, — кажуць, — яе мужык і тры сыны ў партызанах…
Ну і што… Там былі лужыны крові… Яе збілі. А пасля яе прывялі і партызанку збітую прывялі з ёю. Маю сястру як пырнулі, дык яна і паляцела. А потым падышла ка мне і кажа:
— Не прызнавайся ж, што ты мая сястра, бо і мяне заб'юць, і цябе заб'юць.
Ну, дык яна так у куточку сядзела, а я ў другім во з дзецьмі сядзела. I партызанка ля яе сядзела…
А потым не забілі, не вывелі яе, а разам нас усіх выпусцілі. Ну што ж, яна прыйшла і, мусіць, месяцы два ці тры пабыла ды і памерла. Збілі саўсем…»
«…Яны б нас спалілі, — гаворыць Барбара Барбуха, — але вот рана асвабадзілі. Самалёт прыехаў, у сераду прыляцеў, спусціўся во каля магазіна, дзе прадуктовы. Гэта нямецкі быў самалёт. Вылезлі два чалавекі і ідуць сюды. Прыйшлі, і стаў адзін расказваць. Гэты гаворыць, немец, а перагаворшчык будзе гаварыць:
— Вот благадарыце во гэтаму начальніку: ён вас асвабаджае. А так бы вас сягоння ўжо не было.
А старушка адна, старэнькая, вось гэтай жанчыны свякроў (паказвае), як ён сказаў спасібаваць, дык яна мах на калені ды хацела яму руку, відаць, пацалаваць — бог яе ведае, што гэтай старой… Мы ўжо свету не відзелі. А ён ёй… як дзяржаў такую палку, дык ён гэтай старой — палкай. Гэты асвабадзіцель. Тады яна, гэтая баба, чуць паднялася, старая. I людзі беглі цераз яе. Божа, божа!..»
Марта Лашкевіч, бабуля гадоў пад восемдзесят, прыгадвае перадсмяротны час свайго мужа.