Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Дык вот у тую раніцу, — расказвалі людзі, — ён узлез на тую вышку, паглядзеў і ўбачыў вялікую пераправу па гэтай дарозе Цімкавічы — Капыль. I бачыць, што паміж Прусамі, Вялікімі і Малымі, немцы акопваюцца ўжо. Ён вярнуўся ў сяло і гэтую трывогу ўсім перадаў. Немцы едуць з-пад Цімкавіч! Яшчэ ж трэба было і гаварыць, адкуль едуць, каб знаць, куды ўцякаць. Прусляне былі заўсёды начаку, бо вельмі часта прыходзілася ўцякаць. Па той прычыне, што многа было ў партызанах. Амаль з кожнае хаты быў хто-та ў лесе. Людзі баяліся, асабліва ўжо тыя, чые былі ў партызанах…»

Капыль, дарога з Цімкавіч… Далей, як пісаў Кузьма Чорны, у «гаворцы людзей чуваць Нясвіж, Слуцак». З гэтымі мясцінамі звязана моўнае багацце выдатнага беларускага празаіка, таксама як і багацце народных характараў у яго раманах, тыпаў сялян — цягавітых, шчодрых, сціплых і сардэчных… Такімі асабліва бачыліся яны, калі вайна і фашызм разлучылі пісьменніка з роднымі мясцінамі. Пішучы ў Маскве аб мужных земляках-партызанах, якія змагаюцца з жорсткім і бязлітасным «жалезным зверам», цяжка хворы Кузьма Чорны ўвесь час жыў думкай і трывогай: а што там, а як яно там, дзе засталіся ўсе яго «прататыпы» — яго народ.

«Учора ўночы паведамілі ў зводцы, што ўзялі Цімкавічы, Вялікую Раёўку, Жавалкі, — чытаем запіс ад 2 ліпеня 1944 года ў «Дзённіку» Кузьмы Чорнага, — родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія калі-небудзь пісаў. Пішучы пра Скіп'ёўскае Пераброддзе, я думаю пра Скіп'ёва каля Цімкавіч, паміж лясамі Скіп'ёўшчынай і Ліхадзеўшчынай, мілае Малое Селішча, хараством якога захаплялася мая маці-нябожчыца».

Што толькі не перажылі, чаго не пабачылі гэтыя людзі і гэтыя мясціны, асабліва дарагія Чорнаму, чаго не спазналі ўсе нашы вёскі, пасёлкі, гарады — некаму абавязкова блізкія, родныя — за доўгія-доўгія ночы, што былі, як дзень, ад пажараў, і дні, што былі чорныя ад гора-бяды!

Вунь якім чорным і доўгім бачыцца вераснёўскі дзень Вялікіх Прусаў у памяці дзвюх жанчын са Случчыны.

Марыя Нагорная.

«…Ну, я і пабегла. Прыбягаю туды, адразу не ў хату, а ў гумно. Бацька мой малаціў там, бо ў сястры ж няма каму. Малаціў і збіраўся ехаць сеяць. Я прыбегла туды і кажу:

— Папа, трэба ўцякаць!

Ужо было дастаткова сказаць, што трэба ўцякаць, і людзі збіраліся і ўцякалі. Як я сказала, дык ён адразу ж кінуў веяць, зачыніў гумно і са мною ў хату. А сястра падпальвае ў печы: дровы паложаны, і саломку падпіхае. Дзеці паўставалі ўжо. Як я толькі ўбегла ў хату, дык яна гаворыць:

— Што, зноў уцякаць? Я гавару:

—Ізноў.

— Ну, — сказала яна, — дык і бяжы дадому, бо нам бліжэй да лесу.

Я выскачыла на вуліцу. I бацька са мною. Па дарозе сустракаем яе старэйшага сына. Яму было толькі дзесяць гадкоў тады. А ён прыехаў з начлегу, каня вадзіў пасвіць. Каня прывёў да дзеда, бо дзед жа робіць на кані, а сам ужо бег дадому. Ну, мы яму гэта паведамілі, што немцы з-пад Малых Прус едуць, — ён зразу за намі, следам туды к лесу. Прыбегла я дадому, бачу — дома ўжо нікога няма, усе на агародзе, напраўляюцца к лесу.

Мама гаворыць:

— Скарэй давайце, бо ўжо ўсе людзі паўцякалі. Я чакаю вас.

I мы ўсе пабеглі.

Прыбеглі туды і адразу не хаваліся далёка. Не зналі, што яшчэ і ў лесе трэба хавацца. На краі стаім і глядзім. Хто яшчэ бяжыць, хто ўжо хоча назад ісці… Мы ўсё чакаем, чакаем… Мабыць, ужо гадзін адзінаццаць было — няма сястры, не прыбегла яна. Ні дзеці, ні яна.

Ну, мама гаворыць:

— Пайду. Чаму ж яна не прышла? Не ўспела, ці што? Пайду пагляджу.

Сэрца ж мацеры не выдзержывае. I яна вярнулася ў сяло. Да дочкі. Не аказалася яе. А па суседству з імі жыла якраз вось гэтая Кот Марыя Фёдараўна, пра якую вы пытаецеся. I аказалася, што яны не ў лес паўцякалі, а ў кусты — там на другім канцы вёскі былі кусты балотныя. Усе людзі з таго канца ў асноўным туды ўцяклі. I вось гэтая Кот вярнулася, — ну, знаеце, паглядзець гаспадарку, ці што. Бо так жа пакідалі ўсё, як каго дзе што сустрэла. Яна вярнулася, а мая мама ідзе ў тыя кусты, каб гэта забраць сям'ю ў лес, да нас. А Кот кажа:

— Чаго табе ісці? Дзеці там сабе гуляюць…

А к гэтаму часу ўжо вельмі сталі страляць на лес з мінамётаў. А лес жа вялікі — цягнецца ад Прус на Какорыцы, на Пацейкі… Мама выбегла-такі за сяло, каб у тыя кусты папасці, і думае, што страляюць па лесе, і праўда — у кустах будзе спакайней. Вярнулася яна назад сялом і да лесу напраўляецца. Сустрэла Станевіча. Малады хлапец, потым ён стаў партызанам, а на гэты момант яшчэ ў сяле быў. Брат яго быў у партызанах.

Дык ён гаворыць:

— Чаго ты, цётка, бяжыш? Не трэба ўцякаць. Вунь ужо з-пад Сцяпур партызаны ідуць.

Бо як яны на горку падняліся, дык бачаць, што ад Сцяпур ідуць цэп'ю… Маці старая, нявопытная, але ўсё-такі паглядзела, — бачыла ж яна партызанаў, і сын жа свой быў у партызанах, — дык яна і гаворыць:

— Ну, Пятрок, якія ж гэта партызаны, яны ж усе ў касках! Дзе ж тыя партызаны касак набяруць?

— I то праўда!

У нас да лесу метраў сто — сто пяцьдзесят. Дык яна паўзла, бо такая ўжо страляніна адкрылася! I ад Малых Прус, і са Сцяпур — кругом! Увесь выган прастрэльвалі, нельга было ісці на ўвесь рост. Прыбегла ў лес, ужо ж каб нас як шукаць. А людзі ж ужо адзін другога пільнуюцца. Ужо сталі адыходзіць ад берагу ды ўжо далей у лес, а там ёсць такі роў вялікі і над ровам маладыя ёлкі, засцілаюць роў, дык мы ўжо ў той роў пахаваліся. Усе людзі. Вось яна ўжо прабіраецца к тому рову. Сустрэла адну дзяўчыну, суседку нашу, схаваную, і кажа:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: