Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Пытанне: — З мамай хто яшчэ з вашых быў?

— Дзве дзеўкі меншых, мае сёстры. Ну, немцы за людзей — у крупадзёрку, зачынілі гэтым завалам. А я сяджу, ногі спусціла вось гэтак у канаву і сяджу. Так, як во цяперака на лаве. Падходзіць гэты самы, што мяне перавёў цераз шлях. А яны бегаюць, бегаюць, каністрамі — жах-жах-жах, пааблівалі каністрамі. А гэты самы падходзіць да мяне:

— Сабірайся — шагам марш!

I шляхам, кажа, паўзбок, толькі не бяжы, будуць страляць, гэта, кажа, не па табе. Так ён. Ну, я і пайшла. Іду, што будзе, то будзе! Іду, іду, а там чалавек ідзе: яго пусцілі дамоў, каб дакументы гэтыя ўзяць, і двое дзяцей з ім. Немец павёў іх, тых людзей, тога чалавека з жонкай і з сям'ёй. А я пайшла і пайшла. Прыходжу на шлях сюды, а тут стаіць гэты часавы. А гэтыя ўжо стаяць, а машыны так равуць, так равуць усе. Падходзіць мая сястра (ёй цяпер семдзесят два гады):

— А дзе тата з мамай?

А іх ужо, пакуль я адышла, запалілі, гарыць ужо крупадзёрка. Кажу: — Вот, ужэ гараць!

«Гэ-э-э!» — паднялі людзі крык.

Пытанне: — Усе гэтыя людзі? Каторыя засталіся?

— Ага. — Я гавару: — Ціхаце… Падскаквае адзін ды па-руску:

— Успакойцеся, а то і вам ета будзе!

Праўда, сці-іхлі ўсе, як вады ў рот набралі! Змоўклі. Падбягае Канавалаў гэты самы — той, што ў краснўю суботу быў…

Пытанне: — Яго тады партызаны перанялі таксама?

— Перанялі і ранілі, а нехта казюліцкія яго ў уборную захавалі. А праз ноч на жарабку завезлі ў Кіраўск.

Пытанне: — Ён быў начальнік паліцыі?

— Начальнік самы галоўны, етай кіраўскай, ну, там. Атрадам ужо іхнім камандаваў. Ну, дык ён падходзіць:

— Ну што — ету сторану на вугаль зжэгці, а ета старана пусць стаіць!

П ы т а н н е: — На вёску паказвае?

— На вёску. Етыя немцы ўжо як беглі, а сюды вецярок, як беглі па захлеўю, па захлеўю — цераз адну, цераз адну запалілі. Гэта ўжо і гарыць усё. «А вы, кажа, расхадзіцеся». Усе тады і пабеглі, і я пабегла. Пытанне: — У вас многа людзей засталося?

— Наша дзярэўня балыная была. Трыста васемнаццаць ужо спалілі з малымі, ну а яшчэ вёска вялікая.

Я прыбегла, яшчэ выгнала карову, цялёнка і двое свіней выгнала. Стаяла вядро, міска і лыжак сем, — я за ета, на руку і пайшла з хаты. А так у хаце ўсё згарэла. Ну, пайшла, села на вуліцу і сяджу ўжо. Немцы па шляху едуць — усё ўзад-уперад, узад-уперад. Некаторыя пахаваліся, а я сяджу, думаю — адна смерць, калі я ўжо адтуль ушла!.. Усё згарэла, назаўтра прыду і на двор яшчэ не магу зайсці. Як гляну — не магу, паверыце! Тады адкрыла пограб, зірнула на гэту адзежу, татава, маміна ляжыць… Я, вы паверыце, абамлела ў тым пограбе. Ну, і што пражыла… А забыцца не забылася. Тады сніцца гэтая мая сястра, самая меншая, яна такая кудлатая была! Хадзіла ў другі клас. Дык я кажу:

— Вот, Алена…

Знаю, што яна спалена. А яна мне:

— Ох, Улляна, да балела ж мая галава, пад палена хавала галаву, так прыпякло ўжо цяпло!..

Прыснілася. I пад палена яна хавала сваю галаву. Так у сне яна мне гаворыць…»

Вогненная памяць, вогненныя сны… Пра сны свае, ваенныя, пасляваенныя, нам расказвалі многія. Бо ў снах тых — працяг іхніх пакут. Зноў і зноў, як самую рэальнасць, перажываюць людзі ўсё тое — разам з загінуўшымі і як бы за іх ужо.

Нават «калектыўныя» бывалі сны ў людзей — пасля таго агульнага жаху. I такія, што людзі ў лесе, пагаварыўшы, перагаварыўшыся раніцой, раптам беглі на свае папялішчы — настолькі рэальным загадам былі для іх начныя, у сне, уяўленні пра пакуты родных, блізкіх…

Мы — каля вёскі Лазавой у Асіповіцкім раёне. Некалькі жанчын каля сянажнай ямы, даведаўшыся, хто і чаго прыехаў, гавораць з намі, перабіваючы адна адну: і пра ўчарашняе ўсё, і, яшчэ больш, пра клопаты сённяшнія. I адно з другім сплецена: жыццё ў чалавека адно і памяць таксама адна. Як на дрэве: раней чым дойдзе сок ад каранёў да самай апошняй, наймаладзейшай галінкі, павінен ён прайсці праз увесь ствол. А гэтыя жанчыны яшчэ і досыць маладыя, моцныя, таму і сённяшнія клопаты для іх маюць значэнне большае, чым для тых, для многіх, каго старасць «адсадзіла ўбок». Людзі, што жывуць усімі практычнымі справамі, інтарэсамі. I вось яны нам — пра сны. Пра свае, такія рэальныя, сны. Бо сама ж рэальнасць, рэчаіснасць тады выглядала жудасным сном, кашмарам. Адно пераходзіла ў другое, невядома дзе канчаючыся…

«…Мы былі ў лесе, — гаворыць Вольга Рыгораўна Грышановіч, — ну і прышлі з лесу, калі нашых спалілі. Паглядзелі, сабралі попел: дзеці ляжаць — здаецца, жывое. Возьмеш — папялок рассыплецца. У адной хаце мы сабралі ўсіх. Дзевяць цаброў — адны беленькія костачкі. А ў другой — там ужо была гара. I кроў — відна была, іх, мусіць, білі. Таму што яны ў кучы, і кроў была. Па куточках былі, пад печам. Цераз год адзін дзед… Яму прыснілася жонка: «Чаму ты мяне не пахаваеш? — кажа яна ў сне. — Я ж пад печам, у мухаморы». Ну, ён нікому не сказаў, додждж ідзе, ён ціхонька гэту печ раскідае. Прыходзім, кажам:

— Дзедушка, што ты робіш?

— А мне, — кажа, — Алеся прыснілася: «Што ты мяне не пахаваеш, я ўжо цэлы год ляжу пад гэтым печам, а ты мяне не пахаваеш».

Праўда, ён раскідаў гэту печ, а там костачкі, галёнкі, толькі костачкі асталіся.

Пытанне: — А як прозвішчагэтага дзеда?

— Пракаповіч Віктар. А яго жонка звалася Алеся. Ну, мы пазбіралі гэтыя костачкі і зноў закапалі… А так, як гэтых хавалі, прыдзем у лес, нагалосімся ў лесе, зноў на папялішча прыбяжым — прыснілася нам: «Што вы нас не пахавалі?..» Станем гэтую цэглу разломваць… Колькі раз прыбягалі. Раскапаем, нойдзем, апяць гэту магілку прыкопваем. Зноў пойдзем у лес, ляжам: які там сон! Але зноў сняцца: «Вы нас…» Што ўсіх не пахавалі. Зноў прыдзем і станем гэтую цэглу разломваць, шукаць… Ну, так і асталіся. А як палілі — ніхто не знае. Ні адной душы ў нас не ўцякло. Вот ужо у суседняй дзярэўне, у Лозку, там у Германію адбіралі. А ў нас такія былі жанчыны маладыя — ні адной душы не пакінулі. Там, дык з дзецьмі каторыя, тых палілі, а маладых — у Германію.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: