Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

— У хату!

Загналі нас. Ну, а ў хату прышлі — што дзелаць? Адзін за аднаго сталі хавацца. Мама кружыцца, тут і ўсе за ёй — ніхто нікуда. Ну, а яны стаялі.

— Так, доўга з вамі чыкацца? Лажыцеся! Толькі ніц. Лажысь!

Ну, мы — хто куды! Мама хацела пад печ — тута бацька крыкнуў:

— Згарыш жывая!

Яна сяйчас — на печ. Ну, і мы — скок, скок за ёй на печ — сем чалавек. Ну, і баба была наша гэта. Яна ўзлезла ўжэ на печ і загарадзіла нас усіх, лягла з краю. Ну, яны пачалі біць: зразу на палу хто ляжаў. Бацька на палу там, дзед, брат, там яшчэ адна жэншчына з дзіцёначкам пад койку залезла. Тых пабілі: я ўсё гляджу, як яны ўсё гэта б'юць. Я ўсё бачу. Ну, тады і мне — я ж у тое ўрэмя і ранета — зразу мне папала сюды во, у ліцо, у адну, во ў другую выскачыла.

Пытанне: — I вы бачылі таго, што страляў?

— Я ўсё глядзела, пака яны на палу пабілі. Тады ўжо — да мяне! Ну, тут мне папала ўжо, я прылягла. I брат мой меншы за мяне — тут ля коміна прытулёўшы — яго не раніла. А матка — первая, дык яна так во лягла, за комін галаву. I ёй — як білі, ляцела — галаву, гэта, абчапала ёй мясам. Ну, і білі на печ усё. Тую старушку пасеклі — яна ўсё жыва. Матку ранілі, там пабілі ўсіх… Сем чалавек, а мы толькі ўтрох — мама і я з братам сышлі потым з печы. Ну, тады ўжо разы тры — паб'юць і ўвойдуць: слухаюць, ці жыў хто. Яшчэ раз — пачуюць — б'юць. Вышлі трэці раз. Дыму ж надзелаюць! Вышлі, апяць уходзяць — слухаюць: ну, ужо ўсё, ніхто не дыша! Хто ўжо жыў — прытаіўся.

Пытанне: — I гавораць пра што-небудзь, калі заходзяць?

— Гавораць самі ціхонька, ці дыша хто, слухаюць. Ну, вышлі ўжо апошні раз, кажуць, што «капут». А мы ж чуем. Мы ўжо прытаіўшыся ляжым. Ну, што. Не чуць. Сяйчас хату запалілі. Там на паталку сена было, ці што — яно стала кідацца ўжо. Мама ўстае. Тут бітыя навярху ляжаць. Рвель ногі гэтыя! — яна пачула ўжо, што ў нагу папала — стала вырывацца.

— Ну, яшчэ раз папробую — калі вырвусь, то пойдзем, а не, то гарэць будзем.

Дык мы кажам:

— Мамачка, мы лучша гарэць будзем!..

Ды зразу з сябе ўсё здзяваць. Яна пракраціла нам раздзявацца, кажа:

— Не, падажджыце, можа, выйдзем.

Ну, і сталі выпаўзаць. Ну, мы выйшлі. Мама прайшла яшчэ.

— Хто жыў — за мной.

Ну, мы ўдваіх ідзём. Дзеці. А брату было восем гадоў, што лі. Ну, вышлі. Яна кажа:

— Хто жыў — за мной!

Мы вышлі, бачым, бацька вышаў. Ранены. Рука правая, і тут во ў шыю яму паранілі. Ну, выпаўзлі, жыта было ў нас на ўсадзьбе — па жыце. Мама ўжэ стала сазнанне цяраць: стала ад нас уцякаць. Дык мы па крыві найдзем… (Плача.)

Я не магу расказваць…

Яна жыць хацела яшчэ. I сазнанне цярала… Хаты гараць, сонца заходзе… У ляску хата адна асталася — дык ужо ў тую хату ўсе спаўзаліся, хто жывы.

Дык мама кажа:

— Ужо ідзіце, мо дзе калёскі якія, мяне завязіце. Пайшоў брат гэты меншы — ну, гэта ж дзяцёнак — пайшоў у тую хату, там і сеў. Пайшла я. Мне ўжо таксама не відна свету: я ж у ліцо ранета. Калёсак там няма. Мама згарэць хацела — падпаўзла да агню, а яе нехта аднёс. Аднёс на дарогу — ну, што ж, цяжка несці — сама папаўзла. Пассоўвала каленкі, паўзучы. Ішоў Бікасаў Якаў (ён жывы цяпер) — ён яе нёс, да дарогі пранёс. Гэта з кіламетр будзе ад той хаты. А тады другі данёс, ну і сабраліся ў тую хату. Усе ранетыя. У каго быў род, тыя забралі сваіх. А ў мамы сёстры былі далёка: яны пакуль пачулі… Па лесе мы скіталіся. Тады ўжо калёскі нашлі: уцякаюць у лес, і мы яе на калёскі. А бацька ранеты цяжка, ён аставаўся адзін у тым доме. Ну, тут ужо гавораць, што немцы ідуць, танкі па лесе — дзявацца няма куды. Бягуць куды хто, у балота… Ну, мы пайшлі ўсе, а ён… Ён сам сабе смерць зрабіў… Трэба плакаць нам зноў… Засталіся мы. Мама ж ранета, а яшчэ і пацаначка радзілася пасля таго. Сядзець некуды, я кажу:

— Мамачка, пойдзем у Вароўскае. Я ўжо дарогу запомніла.

Ноччу схадзіла раз і запомніла. Іх завяла ў Вароўскае. Толькі завяла, і ў тое ранне немцы ў Вароўскае прышлі. Ну, і нас выгналі. Выгналі ў бежанцы, гналі, а мы яшчэ ўцяклі. За Кузькавічамі, у лес. Паўцякалі. Жылі там з тыдзень, ці што. Акоп выкапалі. Ну, усё адно нас немцы палавілі ў лесе. I пагналі. Жылі мы ў Ямным — за Быхавам. А затым у Падклённі, а потым у бліндажах. I зімой. Пакуль і вайна закончылася…»

Голас расказчыцы — усё цішэйшы, а боль крычыць усё мацней…

Трыццаты

«Канашы — вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобласці, на беразе воз. Плаў. Цэнтр сельсавета і калгаса «Радзіма». 100 жыхароў, гаспадарак 34. Пач. школа, клуб, б-ка, магазін.

З вёскамі Малгаці (43 ж., гасп. 18) і Гарадок (67 ж., гасп. 19) фактычна ўтварае адзін населены пункт.

У Вял. Айч. вайну каля К. базіравалася 1-я Беларуская партыз. брыгада (камандзір М. П. Шмыроў). У час карнай аперацыі 1.5.1942 ням. фашысты расстралялі 30 жыхароў в. Гарадок, у в. Малгаці спалілі жывымі 69 жыхароў…

В. I. Шчамялёў».

У Канашы мы дабраліся познім ранкам 14 чэрвеня 1972 года. Пяты том Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, адкуль узята нататка пра гэтую вёску, тады яшчэ толькі друкаваўся.

Пра Канашы мы наогул упершыню пачулі ў той дзень у райвыканкоме і ведалі толькі, што там з расстраляных карнікамі жывы застаўся адзін чалавек, цяперашні старшыня сельсавета В. I. Шчамялёў.

У скупой нататцы, як цяпер нам вядома, напісанай для энцыклапедыі гэтым чалавекам, не сказана, што сярод трыццаці расстраляных трыццатым быў іменна ён сам, Васіль Іванавіч.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: