Калеснік Уладзімір
Шрифт:
— Смотри, красавица, — это мы взяли у тети твоей, бандитки!
Бабуліна сястра, і праўда, была тады ў партызанах.
Пазней, праз тры дні пасля Канашоў, у Віцебску мы наведалі Ганну Іванаўну Ігнаценка, тую Аньку, бабуліну найменшую дачку. Выхавацельніца дзіцячага сада, прыемная, інтэлігентная жанчына, у вайну партызанская сувязная, яна расказвала нам пра той жах больш падрабязна.
Гэта былі ногі партызанкі Палубінскай. Ужо мёртвай адсеклі. Акружаная, яна адстрэльвалася, а апошнім патронам — сябе.
— Божа мой, колькі тады было ўсяго, колькі было!..
Гаворачы гэта, бабуля Домна ведае, што ў іншых людзей, у іншых сем'ях было яшчэ горш, чым з імі, Шчамялёвымі. Стары яе, прывязаны тады да воза, каб не ўцёк, уцёк-такі са Смалоўскага гарнізона. Вайну перажыў і памёр сваёй смерцю, у сваёй хаце. Жывыя абедзве дачкі, Анька і старэйшая, Александрына, таксама ў Віцебску, пры сваіх дзецях жывуць. А з ёю і меншанькі, яе Васіль, якога яна двойчы — калі малым, а калі параненым — вынасіла на руках. Жыве сынок, добра жыве, і людзі добрыя паважаюць, і ў хаце, што ў вуллі, людна ды весела — пяць дачок! Тры ўжо ў людзі пайшлі, але ж лета во пачалося святое — зараз усе тут да бабы збяруцца — і дзеці, і ўнукі, і праўнукі.
— Дзевяць праўнукаў у мяне, — з гонарам кажа бабуля. — А ўжо ўнукаў!..
Адно рукой махнула — колькі іх.
Пакуль мы сядзелі ў бабулінай хаце, запісваючы яе расказ, Васіль Іванавіч не проста пільнаваў свае пчолы. Удвух з нашым шафёрам яны пагаспадарылі каля аднаго вулля, і, калі нас пасля, ужо з саду запрасілі ў сынаву хату, — на стале быў гарачы мёд у вашчынах і халоднае, з пограба, малако. Быў чорны хлеб, дыхала парай бульба, быў халаднік, было масла, тварог. У хаце, як добры дух, незаўважна з'явілася, прыйшоўшы з поля, гаспадыня, маладжавая маці пяці дачок, дзве з якіх, меншыя, што яшчэ пры бацьках, былі ў школе.
Было і галоўнае ў гэтай зацішнай, светлай беларускай хаце — такі жаданы, так дорага куплены мір, была не проста гасціннасць, а мудрая чалавечая шчырасць, пра што, вядома, не гаварылася, што адчувалася душой.
Бабуля Домна зноў была на пасту, каля пчол. Гаспадыня таксама з работы і зноў на работу. Людзей пакорміць і пойдзе. I гаспадар павінен жа быў кудысьці сёння паспець, толькі па справе з намі застаўся.
Некалькі слоў яшчэ пра яго — ягоных слоў, скупых і сціплых:
«…У сорак трэцім годзе, летам, злавілі нас у полі, сабралі зноў у дзярэўні. I тут адзін з паліцэйскіх зноў паказаў партызанскія сем'і. Нас тады, Шчамялёвых, дваццаць чалавек забралі. Мы з братам, маці з бацькам, сястру з трыма дзецьмі і цётку. I яшчэ адна цётка была, таксама з трыма. I завязлі нас у Гарадок, у турму пасадзілі. Хто быў маладзейшы, сястра і цётка, тых адправілі ў канцлагер, а нас, старых і малых, у паліцэйскі гарнізон. I жылі мы там да зімы сорак трэцяга года, пакуль нас не асвабадзіла Красная Армія.
А после вярнуліся і сталі жыць. Мне было тады пятнаццаць год, але людзей не было — мяне паставілі брыгадзірам. I дванаццаць жанчын было трудаспасобных людзей. Ні тых коней, ні таго нічога больш не было. Так падымалі калгас…»
Коратка, суха, амаль як у той даведцы, з якой мы пачалі расказ пра трыццатага.
Без дзяцей
Усходняя, лясная частка Случчыны. Дзве невялікія вёскі з аднолькавай назвай — Адамова, першае і другое, непадалёку адна ад адной. Едучы на гэты раз з раённым праважатым, мы не блукалі і ў гэтых мясцінах, у нас былі дакладныя адрасы патрэбных людзей.
У Адамова другое заязджалі двойчы, першы раз не застаўшы чалавека дома. У Адамове першым нам назвалі «яшчэ адну жанчыну», якое не ведаў наш малады праважаты, — яна жыве якраз у Адамове другім. I мы паехалі туды трэці раз.
Пакуль мы шнуравалі прасёлкам паміж дзвюма вёсачкамі — дарэчы, іх тут завуць засценкамі, — на ўскраіне Адамова другога, на лужку, старая жанчына спачатку грабла, а потым капіла сена. А сонца ўжо заходзіла, і яна спяшалася. Трэці раз уязджаючы ў гэтую вуліцу, мы спыталіся ў жанчыны, дзе тут жыве Марыя Тарасаўна Хоцька. I вельмі просты цуд адбыўся — гэта была якраз яна, той патрэбны нам чалавек, якога мы маглі не ўбачыць зблізку, не пачуць, нават і не падумаць, праязджаючы міма, што і яшчэ адна старонка народнай трагедыі тоіцца іменна ў гэтай душы.
Калі мы сказалі Марыі Тарасаўне, што нам трэба, яна прыперла граблі да незавершанай перадапошняй капы і павяла нас у хату,
Мы прыселі каля стала.
«…Я, мае дзеткі, трохінедачуваю… Явамбудурас-казваць, як было.
У мяне было дзве дзевачкі, адной было два годзікі з палавінай, а другой — паўтара. А мая сястра во тут жыла, цераз вуліцу. У яе таксама была дзевачка, у школу хадзіла ўжо. I яна рабіла маёй дзевачцэ чулочкі суконныя. Прыйшла чулочак мераць маёй дзевачцэ ды кажа:
— От, дзядзька, — на майго мужа, — немцы ў Случы мост робяць, перапраўляюцца сюды.
Я кажу:
— Няўжэ? А яна:
— Праўда! Гаварылі ж на засценку.
Ну, і гэтая дзевачка памерыла гэты чулок і пайшла. Я кажу на свайго чалавека — ён Міша зваўся:
— Міша, а каб нам дзе з дому з'ехаў? Ну, вот жа кусты радам…
I толькі, мае вы дзеткі залатыя, як гэта во мы з вамі гаворым, — ужо стрэл! Ужо людзі — хто на конях, з таго ўжо Адамова, з першага, ляцяць сюды. З гравейкі выстрал. Тут упаў адзін… Ён так упаў, яго не забілі… Ой! Пулі свісцяць… Пабілі мне акно ў хаце. Пуля пабіла. Усё ўжо — немцы тут. Акружылі…