Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Ходзіць па лесе чалавек. I многа думае, многае ўспамінаецца яму ў адзіноце, якое так многа. Адзіноты і цішыні.
Звыш дзесяці
«…Маленькіх хлопчыкаў, як і бабаў, яны тады не стралялі, а ўжо як катораму гадоў дзесяць — такіх разам з мужчынамі…»
(Аляксандра Міхалап. Стаўпішча Кіраўскага раёна.)
«…Жанчын аддзельна замыкалі паліць, а мужчын аддзельна. Такіх хлапцоў, што большыя, дык туды, з мужчынамі, а малыя дык з намі былі».
(Тэкля Круглова. Гарадскі пасёлак Акцябрскі.)
«…Немцы дзяцей любілі… Возьме на рукі, паносіць, а потым — у агонь…»
(Віталь Шадура. Зенякі Шчучынскага раёна.)
У двух першых выпадках — прыватная прыхамаць якога-небудзь «звышчалавека» ў паліцэйскай ці эсэсаўскай форме; у трэцім выпадку — яшчэ раз пацвярджаецца тое, што мардаванне дзяцей, ад немаўлят да падлеткаў, было на захопленых землях састаўной і неад'емнай часткай фашысцкага плана «перабудовы свету».
Гаворачы цяпер з мужчынамі, якія ў гады акупацыі пераходзілі з маленства ў самую першую сталасць, ужо саромеліся маміных пяшчотаў і яшчэ ўсё мужчынамі не былі, — нельга не хвалявацца неяк па-асабліваму…
Вёска Байкі на Пружаншчыне. Чэрвень, раскошнае лета. Пасля кароткага ліўня — яшчэ больш ласкавае сонца, якое ўжо добра схіліла з поўдня. Раз-поразу магутна кукарэкаюць па заплоццю старыя пеўні. Здалёк чуваць працавіты трактарны грукат. Звініць сваёй нястомнай песняй жаўранак. Ці, можа, многа іх, толькі над намі — адзін.
I дзеці гамоняць, крычаць і смяюцца недзе зусім недалёка ад лаўкі каля плота, на якой мы сядзім, — мы іх не бачым, а толькі чуем.
Бачым адну дзяўчынку, што паміж намі і хатай на той бок вуліцы гуляе ў «класы». Сама з сабой, засяроджана, зусім, што называецца, для душы.
Бацькі гэтай скакухі, да якога мы прыехалі, яшчэ усё няма з касьбы.
Ідзём туды, адкуль чуецца хлапечы гоман і смех. Вось яны — маляўнічая група босай ды чубаценькай каманды «філосафаў і паэтаў», спакушаных многімі таямніцамі кніг, кінакарцін, футбольных і хакейных матчаў — «без адрыву» ад роднае хаты з тэлеэкранам, ад роднай вёскі з клубам і школай. Адпачываюць — хто на жэрдках агароджы, а хто і на слупе, каму дзе ямчэй пасля добрай палавіны доўгага і змястоўнага дня. Яшчэ не канікулы. Але гэтым мужчынам — па выгляду, чацвёрты, пяты, шосты класы — заканчэнне школьнага года асаблівых цяжкасцей не прыносіць: ні экзаменаў табе, ні клопатаў пра нейкі інстытут. Смех — іхняе паветра. Нават і перад аб'ектывам фотаапарата смех гэты цяжка стрымаць.
Шчаслівыя аднагодкі тых, каму ў чорныя дні гітлераўскай акупацыі было столькі, як ім цяпер, тых, што і тут, у гэтай вёсцы, гінулі разам з усімі — і меншымі, і большымі за іх…
Пагаварыўшы трохі з хлопцамі, вяртаемся да нашай лаўкі.
Дзяўчынка ўжо адскакала сваё і кудысьці пабегла. А бацькі яе і яшчэ ўсё няма.
Ён вернецца з касьбы, былы ваенны падлетак, ён нам раскажа, як вырваўся з агню, з-пад куляў…
Адно, што тым часам ведаем пра яго, адна дэталь, што загадзя ажыўляе незнаёмы вобраз, — гэта тое, што нам сказала сёння адна бабуля, таксама былая пакутніца. Ён, Мікалай Шабуня, у бацькі свайго быў не сынам, а пасынкам, але «дай бог, каб кожны родны бацька любіў роднага сына так, як Мікалая войчым».
I вось ён, Мікалай Сцяпанавіч, нарэшце прыйшоў. З касою на плячы, з павагай прывычнай стомы. Мужчына трохі за сорак, спакойны і дужы.
Адпачываючы на ганку, ён расказаў.
«…Ішлі мы раніцай у Ружаны, рэзаць дровы да бургамістра. Выйшлі на шашу, а тут немцы:
— Хальт! Падыходзяць:
— Цурык нах гавус! Пайшлі мы дадому.
Сказаў я бацькам, яны ўстрывожыліся. Глядзім у акно — едуць да солтыса на машынах і пешыя ідуць.
— Бярыце ўсе дакументы і выходзьце!.. Туды, дзе і цяпер вялікая ёлка стаіць.
Вынеслі яны сталы на вуліцу. У каго грошы, гадзіннік, кальцо сярэбранае або пазалочанае — усё чыста забіраюць і ў стол. Калідор з немцаў зрабілі, адзін немец ад аднаго на тры-чатыры метры, і людзей гоняць аднаго за адным — у гумно.
Прыгналі людзей з іншых вёсак, з Навасадаў і Колкаў. Капаць магілы…
А мы ў гумне сядзім. Той тое, той тое.
— Сёння, — кажуць, — сітка будзе густое. Прасеюць. Адных пабяруць, паб'юць, а другіх пусцяць. Паб'юць тых, у каго сваякі ў партызанах або каторыя самі сувязь маюць…
Сядзелі, сядзелі, чакалі, каб як праз тое сітка прайсці, каму гэта прыйдзецца, а тут папалі — усе без разбору.
Выводзілі з гумна — хто пад руку папаў. Мужчыны — не больш як па чатыры, пяць чалавек. Бывае ўсякі характар — можа супраціўляцца. А жанчын выводзіў — колькі выпара…
Гэта цяпер ужо, калі хадзяін з хадзяйкай жыве, то дзяцей у іх двое-трое найбольш, а тады было па пяцёра, сямёра.
Палепяцца за спадніцу і так валакуцца…
Вочарадзі былі кароткія. Толькі, было, раніць. А жанчын з дзецьмі — працэнтаў на шэсцьдзесят жыўцом закопвалі.