Калеснік Уладзімір
Шрифт:
— He, першы раз партызаны не далі. Ведалі, што будуць Сушу паліць. Здзесь, як відзён лес, і на гарэ там — са станкавымі кулямётамі партызаны. Яны іх сільна многа перабілі, немцаў. Заяц, Бабовік па-вулічнаму, які вёў немцаў, стаў зваць іх: «Сюда!» — і рукой махаець, каб беглі ўслед за ім. Знае куды. Тут ён і радзіўся, толькі не здох тут…
Ну, гэта першы раз як ехалі. Другі раз ужо большай сілай… I ніхто ўжо не прыступіўся да іх. Пытанне: — I што яны тут натварылі?
— Ну піто, людзей перабілі. Два пасёлкі цалкам выбілі. Сем чалавек асталося, што дома не былі. «На сабранне! На сабранне! На сабранне!» — выгналі. Вот так пасёлак і во так пасёлак, а пасяродку на картаплянішчы і пабілі…»
Ходзіць па лесе чалавек. Штодня. Зімою і летам. Ляснік — такая служба, такі хлеб. Хапае і клопату, калі чалавек клапатлівы, хапае і адзіноты, часу для роздуму, для ўспамінаў. Тым больш калі яму ёсць што ўспомніць.
Ёсць што ўспомніць, над чым пасумаваць і чым парадавацца Аляксандру Заўэру, былому партызану, а цяпер лесніку ў тых самых родных мясцінах…
Аляксандр Карлавіч — латыш, адзін з тых латышоў, якіх на гераічнай і шматпакутнай Акцябршчыне пасля фашысцкага лютавання ў гады акупацыі засталося вельмі нямнога. У вёсках Перакалле, Булкава, Залессе.
«Калі мы, латышы, прыехалі сюды, — гаворыць Заўэр, — я не ведаю. Трэба ў старых людзей запытацца. Тут ёсць адзін, Фрыц Вінтарс, ён да вайны быў старшынёй наілага латышскага калгаса «Сарканайс араайс» [12] , а цяпер ужо на пенсіі. Але і ён не раскажа, бо латышы прыехалі сюды даўно, відаць, больш за сто гадоў таму назад».
У тым самым Булкаве, дзе жыве Заўэр, мы наведалі і названага ім Вінтарса. Харошы дзед, моцны яшчэ, былы партызан, цяпер саўгасны пастух, руплівы і талковы чалавек, пра што можна меркаваць хоць бы па доміку яго, багатым з працы рук і чыстым ад любасці да культуры.
12
"Sarkanais arajs" (латыш.) — "Чырвоны араты".
Не памятае Вінтарс, з якога часу тут загняздзіліся латышы, бяда іх прыгнала сюды ці мандат які перавёз. Не памятае, хоць і пажыў нямала і ад старых калісьці сёе-тое чуў. Ліпы абапал вуліцы такія самыя магутныя былі ўжо і тады, калі ён быў малы, а іх жа — гэта ён ведае добра — садзілі продкі-латышы.
Добры дом і ў Аляксандра Заўэра. Па-летняму ён быў пусты, засталі мы ў ім толькі гаспадаровага сына, лейтэнанта-адпускніка, што рыхтаваўся ў нейкую сваю дарогу. Юнак сказаў, што бацька ў лесе, але зараз павінен прыйсці.
Ляснік неўзабаве прыйшоў.
Латышскі тып моцнага, не вельмі гаваркога, нібы нават пахмурнага работніка. Добрая беларуская мова. I дзелавая прыязнасць.
Спачатку — проста скупы і сціплы салдацкі расказ:
«Мне ўжо шэсцьдзесят другі год. У вайну быў у партызанах.
Калі палілі наша Булкава, дык я якраз быў у Акцябры, у Смукаве, — там мы сядзелі ў засадзе. Гэта калі немцы наступалі на Акцябр. У канцы студзеня сорак чацвёртага года. Мы іх тады адбілі, яны ў той дзень не ўвайшлі ў Акцябр, а дзён праз два прыйшлі і ўсё-такі занялі.
Нашы сем'і тут пабілі. Прыгналі з лесу, сагналі ў два гумны і там іх папалілі. Вось тут у нас, у вёсцы. Там усіх маіх… У мяне было шэсць душ сям'і: жонка, цешча, цешчына сястра і трое дзяцей. Нікога не засталося… Застаўся толькі брат — быў у партызанах. Сястрычку злавілі ў лесе. Яна была ў смерцьлагеры, пад Азарычамі. Пасля яе выручылі.
Заняўшы тут, немцы былі ў нас месяцы са два. Людзей пабілі, а самі жылі ў вёсцы. Тут яны былі каля Залесся зрабілі сабе… так сказаць, убежышча, каб партызаны не падыходзілі. Але мы падышлі. У нас была якраз дэсантная група, мы прышлі і зноў іх разагналі. I з Залесся выгналі. Дэсантная група і нашы, партызанскія, дзве групы былі. Мы абстралялі іх, некалькі разоў прайшлі па вёсцы, і ім здалося, што нас тут — тысячы.
Назаўтра яны выбраліся адтуль у Акцябр. А потым мы іх з Акцябра выгналі, і яны паехалі ў Парычы…»
Далей — пра асабістае. Аднак такое, што пра яго павінны ведаць многія. Аляксандр Карлавіч і пра гэта расказаў вельмі скупа. У адказ на нашу цікавасць — калі мы пачалі здзіўляцца, што на сценах вялікай светлай хаты так многа павялічаных фотапартрэтаў спраўнай ды вясёлай моладзі.
«…Я ўзяў жонку свайго таварыша. Мой таварыш быў беларус. Адзінец Мікалай. Яго забілі. Ён папрасіўся пайсці дамоў, у свае Касарычы. Прыйшоў, а там вёску акружылі і павялі на расстрэл. А з ім быў яшчэ Коўзун Пятро, таксама там папаўся. Дык той кажа:
— Мы што — скаціна? Давайце разбягацца!.. Пачалі яны разбягацца. Адзінец перабег цераз поле, ускочыў у лес, а тут разведка нямецкая… Забілі яго.
А мы з ім дагаварыліся раней: хто застанецца жывы — сям'і дапамагаць. Не ведаю, як ён зрабіў бы, але я зрабіў па-чэснаму: забраў яго трое дзяцей. Меншаму, Мікалаю, паўтары гады было.
Яна гаворыць:
— Хіба ж ты мяне возьмеш — трое дзяцей?.. А я кажу:
— Я не цябе бяру, але толькі дзяцей — трэба.
Але раз ужо мы сышліся па характару, то і жывём разам. Ужо дваццаць шэсць год. Жывем. Дзяцей павывучвалі, дзеці ў нас усе на рабоце. (Далей гаворыць, пераходзячы ад партрэта да партрэта.) Во гэтая дачка. Гэта во сын, каторы ў пары: вяселле было. А гэта во ўжо наша з ёю першая дачка. А гэта сын, каторы ў Ленінградзе вучыўся. А гэта во старэйшы сын, працуе ў Рызе. Во якая ў мяне сям'я!.. Чатыры дачкі і два сыны. Усе працуюць. Тамара сантэхнікам, Галя кранаўшчыцай, Ганна маляром, Ліда тэлеграфісткай, Мікола мулярам, а гэты во, Аляксандр, як вы бачыце, афіцэр. I сама яшчэ, мая Люба, ад маладзейшых не адстае — і цяпер у полі. I я працую. Лесніком з сорак восьмага года…»