Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

— Ідзі сабе, хавайся. Я ж не шкадую вам. Заб'юць, то я нявінна буду, а не заб'юць, то ваша шчасце.

Тут яна мяне пусціла ў гэты сарай, мая дачка дала мне адзеяла, у тым сараі саломы многа было, бо там складалася многа людзей, — я залезла, выскубла ад дзвярэй задніх, залезла ў самую сярэдзіну, у яму, і сяджу гэтак во.

Бяжыць ка мне маёй дачкі залоўка.

— Цётачка, я да вас!

— Ідзі, — кажу, — удзвёх весялей будзе і цяплей.

Яна ўз'ехала там на мяне, у тую самую яму, і мы ўдзвёх сядзелі. I гэты дзень, і ноч, і зноў дзень…

Прыйшла хазяйка гэтага сарая, прынесла кумпяк. Мы кажам:

— Што там чутно? Прынясі нам хоць па кроплі вады! Мы тут сасмаглі.

Дык яна кажа:

— Ой, мае галубкі, я вось у печы падпалю, дык я вам прынясу чаго-небудзь цёплага.

— А што там чутно? А яна кажа:

— Ходзяць па хатах, ваеннага адзення шукаюць. Дык у мяне, калі будуць шукаць, забяруць гэтае мяса, а што я есці буду.

Яна ўдава была. I вось прынесла хаваць сцягно тое. Гэта цётка тае дзяўчыны, што сядзела разам са мной.

I не ідзе яна…

А дзеўчына кажа:

— Пайду я, дык разарву там яе. Ужо вады кроплю пашкадавала. Сасмаглі мы ўканец…

А я кажу:

— Не ідзі, бо, можа, там што случылася. Пачакаем, тады мы ўжо, можа, як-небудзь.

I ўсё страляюць з кулямёта: та-та-тах! та-та-тах!.. Ужо і відно, ужо і сонейка. А мы нічога не знаем. Я кажу:

— Разгарнем гэтую салому ды праз шчыліну паглядзем, што робіцца на свеце.

Прадралі — дык ужо гарыць! Каровы гоняць, каровы равуць… Я кажу:

— Усё ўжо! Няма ўжо маіх ні дзяцей… ні гаспадара — нікога… (Плача.) Асталася я адна. Што мне рабіць? — кажу.

А после што?.. Там у гэтым гумне кабыла стаяла. Дык яна ні піла, ні ела. Іржэ!.. Як пачне біць капытамі! Чуствуя, што на свеце робіцца… I яны прышлі, пачулі. Многа іх. Гер-гер, гер-гер… Адвязалі гэтую кабылу, падпалілі салому і пайшлі. Туп-туп, туп-туп — кабыла пайшла, і яны пайшлі…

А ўжо ў гэтым сараі — ж-ж-ж-ж! — салома гэтая ажно гудзе. Я гавару:

— Што ж нам рабіць? Уставайма ды як-небудзь выбіраймася.

А тут уперадзе гарыць. Ззаду яшчэ не гарыць. I мы там ззадзі сядзімо. Яна кажа:

— Мы будзем гарэць. Пакуль мы дойдзем, будзе вельмі больна. Давайма вылазіць!

Вылезла яна. А там шчыт. Я гавару:

— Бі нагой, можа, дошку адаб'еш.

Яна б'е, а страшна, каб не пачулі. Ніяк не адаб'еш нагою.

— Нічога мы не зробім, — гаворыць яна. — Давайце цераз агонь!..

Яна малодшая ды, вядома, яшчэ здароўшая… (Плача.) I нічога няма ў яе, — вядома, дзеўчына. Як пусцілася яна цераз агонь, узялося ўсё на ёй, і хустка, і ўсё, а яна ўкацілася ў снег — патухла!..

А я гавару:

— Госпадзі, пранясі хоць мяне! I мне ж не хочацца пагібаць!..

Я ўзяла паўшубачкам накрылася, пабегла! Папякла рукі… (Плача.) Уцякла цераз агонь. Скарэй тожа ў снег…

Паляжалі мы там, паляжалі. Чуствуемо, што яшчэ жывыя. Глядзімо — яшчэ яны тут, зладзеі гэтыя, усё роўнапаб'юць…

Ляжалі мы, ажно звечарэла. А ноч відная, мароз. Пачалі мы паўзці. Яна ўперад, а я за ёю… А тут у нас клуб стаяў. Дык яны пулямёта яшчэ з клуба не знялі. Як згледзелі нас, што мы паўзём, дык з пулямёта па нас — тэ-тэ-тэ!.. А пулі свішчуць! Перастане страляць, мы апяць паўзём, як тыя салдаты. А яны зноў па нас. З калень кроў ідзе, з рук кроў ідзе. Памерзлі. Без рукавіц. Зіма. Снегу тады многа было…

— Госпадзі, хоць бы які-небудзь куст!.. Канец нам скора… Выпаўзлі мы ў канец сяла.

— Давай, — кажу я, — стоячы пойдзем.

Усталі, пабраліся за рукі і пайшлі. I кроў ідзе, і мерзне гэтая боль…

Пайшлі мы на пасёлак, зайшлі ў адну хату. Дзе ж мая сям'я? Ні дзяцей няма, нічога — пагарэла ўсё!.. Я назад у агонь, а яны мяне не пускаюць. Нашто ж я жыць буду адна!..

Вот мяне не пусцілі. Я сяджу на печы. Боль невынасімы. Плачу.

А потым — мой ідзе! Дзякуй богу міламу, што хаця ён застаўся!..

Шкада ж дзяцей усіх: а дзе ж Фаня з дзіцем, а дзе ж Надзька? (Плача.) А Толік дзе мой?.. Забілі хлопца, забілі дзеўчыну, семнаццаць год, гэтакую красавіцу… (Плача.) Не магу расказаць вам… На жызню я выбралася. Няхай бы лепш я пагібла!..»

Расказваючы, бабуля Агата раз-поразу нервова стукала то кулакамі, то далоньмі па стале. Калі мы папрасілі не псаваць такім чынам магнітафонны запіс расказу, яна паслухалася і потым ужо ляпала рукамі на прыполе, раздзельна, а то і злажыўшы іх, як на малітву.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: