Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Сяржант гарэзна тузае за доўгі казырок немцаву шапку, якая туга ўзлязае таму на вочы, і ідзе назад да ложка. Немец бяскрыўдна папраўляе шапку, а я пераходжу ад парога і апускаюся пад сцяну на край саломы. Болей сесці тут няма дзе. На адзіным услоне ў прасценку нехта ляжыць, ложак зоймуць цяжкапараненыя. Гітарыст ускладвае нагу на край ложка і бярэ гітару.

— Я так думаю, — кажа ён да мяне, бязладна затрэнькаўшы струнамі. — Які сэнс немцу ваяваць з намі? Ну што карысці: уварвецца калі ў траншэі, што ён знойдзе? Хвігу. Хіба што анучу брудную на брустверы. А ў іх! Ого! Колькі ў іх барахла рознага застаецца. Я дык, калі загад «Упярод!», ляту як скажэнны. А што? Спадзяешся на трафейчыкі! Схопіш, а ў іх вошай багата, халера!

3 расчыненых дзвярэй шугаюць воблакі сцюжы — санітары ўносяць параненых. Каця ўкладвае абодвух на ложак, укрывае дзіравым шынялём.

— Паляжыце да заўтра. Уранку ў шпіталь адпраўка. Доктар сказаў.

Адзін з іх, пэўна, ужо даходзіць — вочы напаўзакрыты, нос завастрыўся, з апалых грудзей ірвецца трудны пузырысты хрып. Другі перарывіста стогне, дужаецца з пакутамі і, павярнуўшы на бок галаву, абыякава азірае людзей.

— Браток, скруці пацягнуць, — кажа ён да сяржанта. — У кішэні там, браток… I папера…

Сяржант з гатоўнасцю адкладвае гітару.

— Калі ласка, ацец. Гэта магём. Пакуль рукі цэлыя. Адкуль будзеш, землячок?

— Варонежскі я.

Паранены робіць рух сківіцамі, нібы глытае сліну. Позірк яго неспакойна блукае па цёмнай столі хаты.

— Ну, дык саўсем землякі… Што Варонеж, што Растоў — адна Расея. На, пацягні, палягчэе, — з добрасцю запэўнівае ён і пытаецца: — Пяхота?

— Пяхота, — выдыхае зацяжку паранены і засмяглымі вуснамі зноў ловіць цыгарку.

Немец няёмка топчацца ля печы, не ведаючы, дзе прыткнуцца. Паводзіць ён сябе зважліва, трошкі баязліва. Я адчуваю гэта і клічу яго да сябе:

— Ком! Ідзі сюды. I сядай. Нечага тырчаць.

Ён разумее і, падабраўшы доўгія ногі, няўклюдна сядае побач на земляной падлозе. Вочы яго трывожна слізгаюць па мне, па сяржанту і спыняюцца на ягонай гітары. Каця ля прыпечка пры цьмяным святле «кацюшы» корпаецца ў медыцынскай сумцы — рыхтуе лякарства. Сяржант з сілай шчыпае басовую струну і няўлад, фальшыва пачынае запеў салдацкае песні:

Первая болванка попала в бензобак, Вылез я из танка, сам не знаю как… Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить… В танковой бригаде мне уж не служить.

— Ану, спыні сваю трэнькаўку! — строга кідае да прыпечка Каця.

Нехта з кутка дабрадушна пярэчыць:

— Хай іграе. Можа, боль трохі заглушыць. Сяржант энергічна пракашліваецца, збіраючыся заспяваць, калі не лепш, дык ва ўсякім разе гучней.

А назавтра утром ведут в особотдел: «Что же ты, мерзавец, в танке не сгорел?» —

зноў фальшыва пачынае ён, відаць, разумее гэта і, сустрэўшыся з позіркам немца, са злосцю абрывае запеў.

— Чаго бельмы вылупіў, фрыц? Не падабаецца? Хіба лепей можаш? Што ты наогул можаш, фрыцаўская морда?

— Нэмножько, — раптам выразна вымаўляе немец і працягвае руку да гітары.

Сяржант, набычыўшы голаў, з паўхвіліны амаль з лютай збянтэжанасцю глядзіць на яго. Нібы вырашаючы, ці варта ўсур’ёз прымаць яго просьбу.

— Ану, ану! Ізабразі-ка… Паглядзім, што ты ўмееш. Ну! Давай! Дуй! — нечакана вырашае ён і аддае гітару.

Немец далікатна бярэ яе, уладкоўвае на каленях і, ціхенька перабіраючы струны, левай рукой падкручвае шурупы. У куце зноў усхапляецца абвязаны. Ён нічога не бачыць і праз ледзьве стрываны боль крычыць з роспаччу ў голасе:

— Ага, фрыц? Гэта фрыц? Чаму вы яго не заб’яце? Забіце фрыца!

Той, другі, ягоны сусед, прыпаднімаецца і лёгенька, бы малога, кладзе яго на спіну.

— Ладна, ціха… Я яго сам. Вы пачакайце…

Вочы гэтага чалавека з-пад насупленых броваў пры няпэўным святле «кацюшы» нядобра бліскаюць у бок немца. Абгарэлы корчыцца ў пакутах, енчыць, сцяўшы зубы. У хаце, аднак, на яго не звяртаюць увагі.

Немец няспешна настройвае гітару. Мы ўсе з затоенай цікаўнасцю глядзім на яго — усё ж не часта бачыш, як фашыст упраўляецца з музыкай. Цікава, што ў яго атрымаецца! У сяржанта на вузкалобым твары ўжо не хцівая ўсмешка, а прытоеная да часу пагроза. Мне здаецца, калі немец у чымсь не дагодзіць, то яму ўжо не спусцяць — прыйдзецца тады бараніць. Цяжкапаранены на ложку павяртае набок свой збялелы твар і з пакутніцкай нетутэйшасцю ў паўзаплюшчаных вачах таксама сочыць за немцам. Усё ж ён чакае чагось, і гэтае чаканне на кароценькую хвіліну нібы прытупляе ягоныя пакуты. 3 дзявочаю цікаўнасцю коратка азіраецца ад прыпечка Каця і хмурыцца. Чамусьці я пачынаю хацець, каб немец сапраўды сыграў што няблага. Міжвольна мне ўжо карціць на спачуванне да яго ў гэтай хаціне. Усё ж ён «мой» немец.

I сапраўды, ён хутка падстройвае гітару і трошкі сцішана, але лёгка і спрытна пачынае бегаць па струнах. Просценькі, усім вядомы матыўчык, як тоненькі сакавіцкі ручаёк, журчыць у хаціне:

Синенький скромный платочек Падал с опущенных плеч…

Вось дык дзіва! Вось табе і немец! Грае наша, рускае, як самы заўзяты русак. I параненыя, глядзі ты, пасціхалі ўсе, ніводзін не вякне ні слова — слухаюць. Сяржант з самага пачатку, відаць, страчвае свой пагрозлівы намер. Нехта ў куце сцішана ўздыхае, пасля ўсхліпвае — ага, плача! Гэта, здаецца, абпалены. Ну, але што ж зробіш! Што мы ўсе тут, у гэтай хаце, можам зрабіць, апроч як трываць свой боль. Хто большы, хто меншы, хто на дзень-два, хто на доўгія месяцы. Апёкі ж будуць балець да самага канца, пакуль не зажывуць — няма горшага болю, чым ад апёкаў. Цяпер нам адно — трэба звыкацца з болем, думаю я. Там, у стэпе за Кіраваградам, наступаюць, акружаюць, адбіваюць атакі, вызваляюць сёлы і станцыі, а мы тут — суцэльная канцэнтрацыя болю. Як толькі дагэтуль не дадумаліся выкарыстоўваць яго энергію, акумуіраваць, кансерваваць, ператвараць у іншыя віды? Колькі яе, нечалавечай і пакутнай, прападае бясследна ў гэтай вайе! На жаль, цяпер, як і тысячы год на зямлі, пакуты — асабістая справа кожнага, бескарысная трата вялізных людскіх намаганняў. Таму плач, баец, не саромся. Кажуць, ад плачу стане лягчэй! I не чапляйся да немца. Чорт з ім, хай жыве, усё ж і ён — чалавек. Вунь як іграе…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: