Быкаў Васіль
Шрифт:
— Я б сам, ды во! — варушыць ён акрываўленай без рукавіцы левай рукой. — Адной не ўпраўлюся.
— А кінеш? — недаверліва пытаюся я. Хлопец узнімае на мяне свае ўпартыя вочы.
— Кіну. Правая ж — во! Хай падыдуць.
— Сапраўды, можа, і варта паспрабаваць. Толькі чым іх звязаць у адно?
— А во, можа, абмоткай? — падказвае хлопец.
— Давай.
Мы хутка раскручваем з ягонай нагі зялёную скарэлую абмотку. Адклаўшы карабін, я неяк завязваю ў яе тры гранаты. Гранаты чорныя з зялёнымі ўзрывальнікамі. На планцы ў адной вышкрабана нечым вострым: «Коваль М.».
Побач зноў гахае, на галовы сышіецца снег. Я пазіраю на ланцуг — мабыць, хутка тут нікога ўжо і не застанецца. Вось тады яны, вядома, і пойдуць. А так навошта ім рызыкаваць?
— А вы, мусіць, снайпер? — кажа хлопец. Я азіраюся, і ён ківае галавой на танкі, — Лоўка яго! Бранябойным, ага?
— Гэта не я.
— Ды ну! Я ж бачыў, — з нярвовай упартасцю пярэчыць Коваль, скурчыўшыся на дне ямы.
Ён малады і нейкі дужа заядлы ў наіўнасці свайго намеру. Мяне гэта пачынае раздражняць.
— Ты вось што, — з прыкрасцю кідаю я. — Шпар лепш у тыл. Паранены… Няма чаго тут ацірацца.
Хлопец незадаволена зыркае на мяне чыстымі, але злымі вачыма.
— Не. Я падарву хоць аднаго гада.
— Падарвеш! Вось зараз як усмаліць — дык сам спярша падарвешся!
— Ды ну!
Баец недаверліва выглядае з варонкі. Здаецца, ён сапраўды наважыўся сваімі «лімонкамі» падарваць танк.
Так, яны смаляць. Яны ўвачавідкі выбіваюць наш ланцуг. Б’юць балванкамі і асколачнымі. Для кожнага — персанальны снарад. Ці не замнога гонару! Мусіць, снарадаў у іх многа, вось яны і помсцяць за спалены танк. Капітана даўно няма, а танк, ім падпалены, усё гарыць.
— Тр-рах!
Мы абодва ўраз угінаемся, стукнуўшыся ў варонцы галовамі. Выбух акатвае плечы хваляю зямлі і снегу. Гэта, здаецца, па нас. Але варонка ратуе. Хлопец паднімае твар і пазірае на мяне. У ягоных вачах, аднак, ніколечкі страху. Толькі насцярожанасць і бязрадасная ўпартая цярплівасць.
— Ты даўно такі герой?
— Чаго? — не разумее хлопец.
— Ну, смелы такі даўно? — крычу я праз грымоцце выбухаў.
— Я злосны. А не смелы.
— Злосны?
— Ну! Бо безабразіе!..
Неарганізаванасць, бязладдзе — гэта факт. Адбілі палову Украіны, прарвалі фронт, акружылі Кіраваград. А тут вось няўвязка.
Мы вытрасаем з-за каўняроў снег і зямлю, і я думаю, ці не занадта яны ўжо выдаткаваліся на нас? Два снарады на адну цэль. Хоць трэці, мабыць, ужо будзе апошні. Ідыёцкая ўсё ж справа — чакаць пагібелі ў гэткай бездапаможнасці. У безвыходным, пакутным напружанні з’яўляецца жаданне, каб танкі зрушыліся з месца, хай пайшлі б хоць назад, хоць наперад, абы толькі ўнялі свой агонь. З часам я таксама пачынаю паглядваць на шэрую абмотку, у якой звязаны тры «лімонкі».
I тады невыразным бакавым позіркам я прыкмячаю над стэпам трасер. Не, гэта не куля. Чырвоная агнявая зорачка, пыхнуўшы на вежы танка, шырока сігае ў неба. Я азіраюся на сяло — у вішанніку ля крайняе хаты стаіць «трыццацьчацвёрка». Адкуль яна ўзялася? I другая выпаўзае з двара і спыняецца за плятнём. Пераводжу позірк на вуліцу — і там, за мазанкамі і вішнякамі, варушацца шэрыя ў аблезлым зімовым камуфляжы танкі. Відаць, яны толькі што падышлі. Гэта нашыя танкі, іх не дужа багата, але яны падмога, паратунак, з імі ўжо нам ладно. «Ага, не падабаецца!» — крычу я. Той нямецкі танк, па якім выцяў снарад, затузаўся на месцы і спешна разварочвае вежу. Яшчэ адна бліскаўка мільгае цераз край пагорка над балкай, але нятрапна. Бранябойны плёскае ахапкам снегу ў борт рабога танка. Потым, адскочыўшы, рыкашэтам б’е ў снег яшчэ раз і знікае. Але тут джагаюць новыя трасеры. Сяло пачынае ярасную гарматную гаману, і яна так цяпер нам мілая.
З ланцуга ўжо нехта бяжыць уніз, да хат. Нехта ўстае і падае, мільгае сярод закапцелай, перамешанай са снегам зямлі, мусіць, хаваецца ў варонку. Ці не адыход? Здаецца, так і ёсць. Я неўзабаве бачу на снегавой шэрасці знаёмую постаць у куртцы — гэта Еўсюкоў. Ён бяжыць між варонак і махае астатнім рукой: назад!
А нямецкія танкі на схіле балкі, трывожна заварушыўшыся, заднім ходам таксама даюць назад. Выбухі на нашым пагорку амаль усе разам сціхаюць. Увесь свой агонь немцы пераносяць у сяло. Цераз нашыя галовы з двух бакоў джагаюць трасеры. Фурк-фурк! — ледзьве не збіваюць галовы балванкі. Але з балкі танкі не адыходзяць — яны перастройваюцца і забіраюць правей, збоч ад сяла. I мы нічым не можам перашкодзіць ім — там мы бяссільныя.
Што рабіць далей? Можа, цяпер мы тут і не патрэбны? Сапраўды, трэба адыходзіць — пагібель пакуль адтэрміноўваецца. Мо яшчэ ўсё і абыдзецца? Я падхопліваюся ў варонцы і гукаю байцу. Але ён, насупіўшы свае светлыя бровы, чамусьці не праяўляе ніякага спрыту.
— Ану, перабежкамі!
Коваль сапе і не варушыцца ў мяккім доле.
— Не пайду.
— Што? Ты каманду чуў?
— А што каманда? Я ранены.
Ён кратае нягнуткай левай рукой, другою прыціскае да грудзей пакунак з гранатамі.