Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Адну хвілінку…

I хавае за аўтамат бутэльку. Я спыняюся ўбаку і чакаю. Мужчьшы цішком стукаюць шклянкамі. Адзін рослы, цяжкаваты, з бурачнага колеру тварам. На ягоным пінжаку тры рады ордэнскіх планак. Два — Чырвонага Сцяга, па адным Аляксандра Неўскага і Айчыннай вайны. У другога, крыху маладзейшага і нейкага дужа пакамечанага з твару, лацкан няновага рудога пінжака важка адцягваюць дзве Чырвоныя Зоркі. Відаць, прывінціў спецыяльна для свята. Мужчыны таропка п’юць. Крэкнуўшы, заядаюць сухой воблай. Старэйшы — мажны крутаплечы дзядзька — выразным кіўком паказвае на маю нагу.

— Што, на вайне?..

— На вайне.

— Ну, а газіроўку п’еш! Ці не зарабіў? — змрочна папракае ён і пытаецца: — Трахнула дзе?

— На Другім Украінскім.

— Сусед. Я з Першага. А гэты з Ленінградскага, — з трэскам ламаючы воблу, ківае ён на сабутэльніка.

Я чакаю шклянку, а ён, памарудзіўшы, нагінаецца за бутэлькай. Шырокая вялікая яго рука налівае болей паўшклянкі.

— Давай! За тых, хто хоча, а не можа.

— Ну што вы!.. Я не п’ю.

Ён, увачавідкі хмялеючы, гатовы абурыцца:

— Як гэта не п’еш? Тады ты не франтавік. Ты — чыгуначнік.

У яго нетаропкія рухі, бясспрэчны камандзірскі тон, цяжкаваты позірк чалавека, які ведае сабе цану. Маладзейшы, наадварот, увесь час смеючыся вачыма, грызе ўстаўнымі металічнымі зубамі воблу і падміргвае:

— Давай, друг! За рускіх Іванаў.

Мне зусім не хочацца піць, але іх фамільярная катэгарычнасць абяззбройвае. Хіба што за Іванаў. Маладзейшы выдзяляе кавалак воблы, і я паспешліва, захлынаючыся, п’ю. Як і на фронце. Выпадковая чарка сярод незнаёмых суседзяў-танкістаў або мінамётчыкаў. Праўда, там не было і следу няёмкасці.

— Ну і нішто! — адабрае старэйшы. — Справіўся. А казаў, не п’ю. У якім званні?

— Я?

— Ну, вядома ж, не я.

— Малодшы лейтэнант.

— Зразумела. Ванька-ўзводны.

— Ага. Праўда, і ротным быў.

— Я таксама. Да Берліна вырас у дывізійнага.

Салёны кавалак рыбы пячэ ў роце. Настроем хутка завалодвае хмельная лёгкасць. 3 рэпрадуктараў грыміць «Свяшчэнная вайна». Побач лезуць, тоўпяцца, штурхаюцца людзі. Аднак мы не звяртаем на іх увагі. Мяне пачынае цікавіць старэйшы. Але наконт дывізійнага ён, здаецца, «загнуў».

— У дывізійнага, кажаце? Занадта высока.

— Высока? Думаеш, да дывізійнага не дабраў? Так? Ану, палічы. Адзін камплект роты — дзвесце чалавек.

— Гледзячы якой роты.

— Якой! Штрафной, вядома.

— Штрафной?

Я з новай цікаўнасцю пазіраю на гэтага чалавека. Плячом ён прысланяецца да чырвонай сценкі аўтамата.

— Ну і вось. Дзвесце памнож на дванаццаць. Дванаццаць разоў фарміраваліся. Не лічачы частковых папаўненняў. Дывізія!

Ну, можа, і не дывізія, але таксама нямала. Я першы раз бачу чалавека, які на фронце камандаваў штрафной ротай, і з несхаванай цікаўнасцю гляджу на яго. Малодшы растрыбушвае пачак «Беламору».

Жанчына ў празрыстай хустачцы, з медзяком у пальцах выглядае шклянкі.

— Шкляначкі вольныя?

— Заняты! — буркае старэйшы.

— П’яніцы праклятыя!

— Цыц, цётка! У нас памінкі!

Цётка, адышоўшыся, грозіцца:

— Вось паклічу дружыннікаў, тады паменяцё. У працвярэзнік вас, алкаголікаў!

— Што? Дружыннікаў? Кліч! Кліч дружыннікаў! — пачынае распаляцца старэйшы і пагрозліва ступае ад аўтамата.

Малодшы, бліснуўшы металічнымі зубамі, хапае яго за руку.

— Кузьміч, спакойна! Спакойна, Кузьміч!

— Што спакойна? — крычыць Кузьміч. — Ідзіце вы… Давай яшчэ пляшку!..

Малодшы дастае з-за пазухі яшчэ бутэльку, і Кузьміч спрактыкавана адкручвае галоўку. Рукі яго дрыжаць. Гарэлка цераз берагі шклянкі ліецца на асфальт. На гэты раз яны п’юць удвух і моўчкі.

Я думаю, што трэба ісці. Але Кузьміч, пляснуўшы рэшту гарэлкі пад ногі, узнімае на мяне счырванелыя, незадаволеныя вочы.

— Што глядзіш? Асуджаеш? Так? Асуджаеш? Ты, чыгуначнік! — амаль абразліва заканчвае ён.

— Кузьміч, спакойна! Ціха, Кузьміч, — бярэ яго за пінжак малодшы.

Кузьміч злымі вачыма глядзіць на мяне. Здаецца, ён ужо забыўся, хто я, і гатовы абрушыць на мяне ўвесь свой накоплены з вайны гнеў.

— Ладна. Бывайце здаровы! — кажу я. — Дзякуй.

Малодшы ловіць маю руку.

— Няма за што. Ты не крыўдуй. Ведаеш, Кузьміч, ён добры…

Я іду па тратуары і прыкметна кульгаю. Выпіўшы, я заўжды здорава накульгваю. I я не крыўдую. Увогуле п’яныя агідныя. Асабліва сярод цвярозых. Але гэтага «дывізійнага» можна зразумець. Дзвесце на дванаццаць! Паняволі азвярэеш.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: