Шрифт:
26. Той, хто апладніў улоньне жанчыны, адыходзіць; далей выступае іншая прычына, завяршэньне якое - нараджэньне дзіцяці. Які быў пачатак і якое завяршэньне! Дзіця прыймае ежу, а далей выступае іншая прычына, якая выклікае да быту адчуваньне, імкненьне і наагул жыцьцё, сілу і іншыя свомасьці чалавека. І колькі-ж іх і якія яны! Дык унікай ўва ўсё, што адбываецца ў такой патаемнасьці і агортвай зрокам сілу, якая тут дзейнічае, гэтак-жа, як і сілу, якая прымушае рэчы падаць уніз ці ўздымацца ўгору, не цялеснымі вачыма, аднак-жа зь няменшаю зыркасьцю.
27. Заўсёды разважай аб тым, што ўсё, што адбываецца, нічым не адрозьніваецца ад таго, што мела ўжо месца раней, і ад таго, што мае адбыцца ў будучыні. Няхай зьявяцца перад табою цэлыя пэрыяды жыцьця і падобныя адзін да аднаго ў суадношаньні, якія ты ўжо ведаеш або з уласнага дасьведчаньня, або з гісторыі болей ранейшых часоў, прыкладам увесь двор Гадрыяна, увесь двор Антонінуса, і ўвесь двор Філіппоса, Аляксандар, Крэзоса. Бо ўсюды тут адно і тое самае, толькі дзеючыя асобы іншыя.
28. Уяві сабе чалавека, які сумуе з прычыны кажнае рэчы або нездаволенага, як тое парасё, што ахвяруюць і якое б'ецца і пішчыць. Падобным да гэтакага парасяці ёсьць той, хто на сваім ложку на самоце аплаквае ў сваей душы цяжкую долю, пад якою мы ўгінаемся. Аднак, вазьмі пад увагу, што толькі разумнай істоце дадзена магчымасьць дабраахвотна ісьці за здарэньнямі; і гэтай неабходнасьці падпарадкаваны ўсе.
29. Прыпамінаючы ўсе прадметы свае дзейнасьці, пытай самога сябе адносна кажнага апрычонага выпадку, ці не таму сьмерць страшная, што зьвязана з утратаю ўсяго?
30. Калі цябе абурае чыё-небудзь памылковае паступаваньне, дык зараз-жа, азірнуўшыся на сябе, падумай, у якім падобным паступаваньні вінаваты ты сам, калі, напрыклад, любіў грошы, насалоду, нікчэмную славу, ці яшчэ што-небудзь падобнае. Аднак-жа, пабачыўшы гэтакую памылковасьць, ты хутка забудзеш пра гнеў, асабліва, калі сьцяміш разам з тым, што той чалавек быў прымушаны быць такім. Што яму застаецца рабіць? Калі можаш, дык вызвалі яго ад гэтага прымусу.
31. Падумаўшы пра Сатырона сакратыка, уяві сабе Эўціхэса або Гімэна, падумаўшы пра Эўфратэса, Эўціхіёна або Сыльвануса, падумаўшы пра Алькіфрона, Тропаіёфороса, падумаўшы пра Ксэнофона, Крытона або Сэвэруса, падумаўшы пра самога сябе - каго-небудзь з Цэзараў, і гэтак трымайся ўва ўсім. Пасьля спытайся: Дзе яны ўсе? Нідзе, або няведама, дзе. Бо гэткім спосабам табе станецца зразумелым, што ўсё чалавецтва - гэта дым, нішто; асабліва, калі ты пры гадаеш сабе, што тое, што аднойчы зьіначылася, ужо ня ўзьнікне ізноў на працягу бязьмежнага часу. Чаго-ж ты дабіваешся? Чаму табе не дастаткова пражыць з годнасьцю свой кароткі век? Ад якога матэрыялу і якіх умоваў дзейнасьці ты ўхіляешся? Бо-ж, чым зьяўляецца ўсё гэта, як не практыкаваньнем для розуму, сузіраючага ўсё жыцьцё дакладным і адпавядаючым натуры рэчаў поглядам? Дык не адступай да таго часу, пакуль не засвоіш усяго гэтага, як засвойвае сабе здаровы страўнік, як моцны агонь ператварае ў полымя і сьвятло ўсё, што ўкінуць у яго.
32. Няхай ніхто ня цьвердзіць пра цябе, што ты чалавек няшчыры і нядобры, які ня кажа праўды, але няхай памыляецца кажны, хто думае аб табе нешта падобнае. Аднак-жа, усё гэта залежыць ад цябе. Якія прычыны не дазваляюць табе быць добрым і шчырым чалавекам? Толькі вырашы раз і на заўсёды ня жыць, калі ня быць гэтакім. Бо, калі ты ня гэтакі, дык розум ня трымае цябе пры жыцьці.
33. Што пры дадзеным матэрыяле (нашым жыцьці) было-б правільней за ўсё зрабіць або сказаць?Што-б гэта ні было, гэта можна і зрабіць, і сказаць. І не спасылайся на перашкоды.
Ты не перастанеш наракаць да тае пары, пакуль твой розум знаходзіцца ў гэтакім стане, што тое, чым роскаш зьяўляецца для тых, што любяць прыемнасьць, гэтакім мае быць для цябе, - у справе, якая падпарадкавана і прадстаўлена табе, - выкананьне рэчаў, якія зьяўляюцца адпаведнымі для целапабудовы чалавека. Бо кажная магчымасьць дзейнічаць, дзякуючы сваей асаблівай натуры, павінна ўважацца за·радасьць. Але гэтая магчымасьць ёсьць наяўнаю ўсюды. Ані цыліндру, ані агню, ані вадзе, ані чаму-небудзь іншаму, што адносіцца да няжывое і неразумнае натуры, ня дадзена магчымасьць заўсёды быць у адказваючым ім руху: мноства перашкодаў замінае гэтаму. Дух-жа і розум могуць, перамагаючы ўсе перашкоды, захоўваць напрамак, які з натуры ўласьцівы ім, і які яны жадаюць. І, памятаючы пра тую лёгкасьць, зь якою рухаецца, усё перамагаючы, розум, як агонь імкнецца ўгору, камень - уніз, цыліндар - па схілу, ты ўжо ня імкніся да нічога іншага. Рэшта-ж перашкодаў, адносяцца яны да цела, якое ні што іншае, як труп, ці, астаючыся без перакананьня адносна іх і схільнасьці самога розуму, не зьяўляюцца ў стане ні задушыць цябе, ані спрычыніць якога-небудзь ліха: інакш кажучы, той, на чыім шляху яны спаткаліся, хутка стаўся-б нядобрым. Трэба толькі, каб з якою-небудзь іншаю істотаю здарылася якая-небудзь бяда, як, дзякуючы гэтаму, само тое, што пацярпела, стаецца горшым, - тут-жа, калі хочаш ведаць, чалавек стаецца і лепшым і болей вартым пахвалы, калі толькі ён належным чынам выкарыстае абставіны. Наагул-жа памятай, што нічога ня шкодзіць грамадзяніну, што ня шкодзіць Месту, і нішто ня шкодзіць Месту, што ня шкодзіць праву. Але ўсе гэтыя, так званыя нягоды, ня шкодзяць праву, а ня шкодзячы яму, ня шкодзяць ані Месту, ані грамадзяніну.
34. Чалавеку, які пранікся сапраўднымі галоўнымі прынцыпамі, нават самы кароткі і агульнавядомы выраз можа напомніць аб стане, вольным ад смутку і страху:
Вецер на землю зрывае лісьцё...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Так пакаленьні людзей...
І народжанае табою - тое-ж лісьцё. І тыя людзі, якія гучна і з гэтакаю ўпэўненасьцю праслаўляюць цябе, або, наадварот, праклінаюць, або патаемна ганяць і зьневажаюць - лісьце, таксама як і тыя, хто атрымае ў спадчыну памяць аб табе. Таму, што ўсё гэта ўзьнікае «як толькі вясна вернецца», а пасьля вецер зносіць гэта на землю, а потым дрэвы нараджаюць узамен старога новае лісьцё. Але кароткавечнасьць астаецца характэрнаю для ўсяго. Ты-ж ад усяго ўхіляешся і да ўсяго імкнешся, быццам яно павінна працягвацца вечна. Яшчэ ня шмат - і ты заплюшчыш вочы, і таго, хто пахавае цябе, будзе аплакваць хто-небудзь іншы.
35. Здаровае вока мусіць бачыць усё, што дасягальна зроку, і не казаць: У мяне слабасьць да зялёнага колеру, бо гэта была-б ужо хвароба вачэй. Гэтаксама рэч маецца і са здаровым слыхам і нюхам. Яны павінна быць гатовымі ўспрыняць любы гук альбо запах, а здаровы страўнік павінен аднолькава адносіцца да ўсякіх харчоў, як млын да ўсяго, што ён прызначаны змалоць. Таму і духова здаровы чалавек павінен быць гатовы да ўсялякіх падзеяў. Той-жа, хто кажа: Мае дзеці павінны астацца жывымі, усе людзі павінны хваліць мяне, усяроўна што-б я зрабіў, - падобны да вока, якое мае слабасьць да зялёнага колеру або да зубоў, якія аддаюць перавагу мяккім харчам.