Шрифт:
27. Пітагорэйцы раілі нам узірацца на золаку на неба, каб зьвярнуць нашую ўвагу на тыя нябескія целы, якія заўсёды выконваюць свае сталыя рухі і заўсёды ў аднолькавы спосаб завяршаюць сваю працу, і гэтаксама напамінаюць нам пра іхную чысьціню і голасьць. Бо зоры ня маюць накрыцьцяў.
28. Падумай, якім чалавекам быў Сакратас, калі ён апрануўся ў ніжнюю бялізну, пасьля таго, як Ксантыппа забрала ягоны плашч і пайшла з дому, і што Сакратас сказаў сваім сябрам, якія з сораму ня ведалі куды дзецца, убачыўшы яго гэтак апранутым.
29. Ты не пачнеш вучыць пісаць і чытаць іншых, перш, чымся не навучышся сам. Тым болей, калі ідзе пра справы самога жыцьця.
30. Ты зьяўляешся нявольнікам: разумная прамова не для цябе.
31. І маё дарагое сэрца сьмяецца ўва мне.
32. Бяссорамнаю ганьбаю зьневажаціме брахун мужнасьць.
33. Шукаць зімою хвігу на дрэве ёсьць бязмыснасьцю. Але не разумны і той, хто сумуе па дзіцяці, якога ўжо няма.
34. Калі чалавек цалуе сваё дзіця, - казаў Эпіктэтус, - ён мусіць сказаць самому сабе: Магчыма заўтра яно памрэ.
– Але-ж гэта словы дрэннага прадвесьця.
– Ніякае слова не зьяўляецца словам дрэннага прадвесьця, - адказаў Эпіктэтус, - бо яно выражае толькі праяў натуры; або, калі гэтак рэч маецца, тады слова можа стацца дрэнным прадвесьцем, калі кажацца пра зжынаньне кажнага сьпелага каласа.
35. Вінаград зялёны, сьпелы, выціснуты - усё гэта пераход ня ў тое, чаго наагул няма, а ў тое, чаго цяперака няма.
36. Выслоўе Эпіктэтуса: Няма чалавека, які мог-бы пазбавіць нас нашае свабоднае волі.
37. Эпіктэтус гэтаксама казаў: Чалавек мусіць выкрыць нейкае мастацтва адносна даваньня свае згоды; і адносна сваіх імкненьняў ён мусіць быць асьцярожным у тым сэнсе, каб яны былі прадпрыйманымі з увагаю на абставіны; каб яны былі стойкімі што да грамадзкага дабра, каб адказвалі годнасьці што да аб'екту; а што да змысловых пажаданьняў, дык ён наагул не павінен быць далёкім ад іх; а што да антыпатыі, дык ён не павінен праяўляць яе з увагі на кажную рэч, якая не знаходзіцца ў ягонай моцы.
38. Дыскусыя ідзе, - кажа Эпіктэтус, - не пра дробязі, але пра тое, быць ці ня быць неразумным.
39. Сакратас часта казаў: Што вы хочаце? мець душы разумных ці неразумных людзей?
– Душы разумных людзей.
– Якіх разумных людзей? Сапсутых ці несапсутых?
– Несапсутых.
– Чаму-ж вы, тады, ня шукаеце іх?
– Бо мы маем іх.
– Дык чаму-ж вы, тады, спрачаецеся і вядзеце спрэчкі між сабою?
Кніга дванаццатая
1. Усе тыя рэчы, да якіх ты хочаш дайсьці крутою дарогаю, ты можаш займець цяперака, калі толькі будзе табою праяўлена пашана да самога сябе. Гэта значыць, што, калі ты пакінеш мінулае, прышлае аддасі прадбачаньню, а сам займешся выключна сучасным, узгадняючы яго з набожнасьцю і справядлівасьцю. З набожнасьцю, дзеля таго, каб любіць сваю долю, бо натура прытарнавала яе да цябе, а цябе да яе. З справядлівасьцю, каб вольна і бяз ухіленьня казаць праўду і паступаць заўсёды ў сузгоднасьці з правам, з пашанаю для годнасьці, і каб ня сталіся для цябе перашкодаю ані чужы заган, ані перакананьне, ані абгаворы, ані адчуваньні ахінаючага цябе цела: няхай разьбіраецца ў іх само цела, якое іх дазнае. Затым, калі ты, ужо прыблізіўшыся да, канца, пакінеш усё і будзеш шанаваць толькі свой кіруючы пачатак і боскае ў табе, будзеш баяцца не таго, што калі-небудзь жыцьцё спыніцца, а таго, што ніколі ня было пачата жыцьцё, сузгоднае з натураю, дык тады станеш чалавекам, вартым сусьвету, які цябе стварыў, перастанеш быць чужынцам у сваей бацькаўшчыне, ня будзеш дзівіцца штодзенна з таго, што адбываецца, як зь нечага нечаканага, і знаходзіцца ў залежнасьці ад таго, ці гэтага.
2. Бог бачыць кіруючы пачатак кажнага з нас, аголенага, без матэрыяльнае абалонкі, кары, нарастаў. Бо Бог мае дачыненьне толькі да таго, што ўзьнікла і перайшло ад яго ў кіруючы пачатак, і пры тым толькі сваім розумам. Калі-б ты прызвычаіў сябе паступаць падобна, дык пазбавіўся-б ад шматлікіх клопатаў. Ці-ж ня мае шмат вольнага часу той, хто не зьвяртае ўвагі на свой цялесны вобраз, а тым болей не зварочвае свае думкі на адзеньне, жыльлё, славу і ім падобныя покрывы і прыхарошваньні?
3. Ты складаешся з трох частак: цела, жыцьцёвае сілы і духу. Зь іх першыя дзьве твае патолькі, паколькі табе даводзіцца клапаціцца аб іх, і толькі трэйцяя сапраўды належыць табе. Затым, калі ты адхілішся ад самога сябе, гэта значыць, ад твайго зразуменьня, што чыняць і кажыць іншыя, ці што рабіў і казаў ты сам, усё, што непакоіць цябе, як павіннае стацца, што не залежыць ад твайго выбару, адносячыся да ахінаючага цябе цела, ці прыроджанае яму жыцьцёвае сілы, што вонкі цябе цягне за сабою наўкол аблятаючы віхор, і такім чынам, твой дух, выключаны з асяродзьдзя, зь якім спалучыла яго доля, будзе чысты і вольны наладзіць жыцьцё па-свойму, творачы справядлівае, пагаджаючася з тым, што адбываецца, і кажучы праўду; калі, кажу я, ты аддаліш ад кіруючага пачатку тое, што да яго прыліпла, ад уздыму моцных пачуцьцяў, і тое, што адносіцца да мінулага, ці прышлага, будзеш, тады, падобны да таго, што кажа Эмпэдоклес:
«Гала ўсюды аднолькім памерам сваім ганарыцца»; гэтак будзеш і ты думаць толькі пра тое жыцьцё, якім жывеш, гэта значыць, пра сучаснае аж да сьмерці, вольна ад турботаў, годна і ў сузгоднасьці са сваім гэніем (з богам, што знаходзіцца ў табе).
4. Я часта дзіўлюся, як гэта ёсьць, што кажны чалавек любіць самога сябе болей, чымся ўсіх іншых людзей і адначасна ён меней паважае сваю ўласную апінію адносна самога сябе, чымся апінію, у дадзеным выпадку, іншых людзей. Затым, калі-б зьявіўся чалавеку бог або напоўнены мудрасьцю настаўнік і загадаў яму ня думаць і не разважаць у самым сабе пра нічога, пра што ён не апавясьціў-бы голасна, дык ніхто ня вытрываў-бы і аднаго дня. Адсюль: мы значна болей паважаем усё тое, што іншыя людзі будуць думаць пра нас, чымся нашую думку пра нас самых.
5. Як можа быць, каб багі пасьля добрага ўладжаньня ўсіх рэчаў і з дабраслаўленьнем для людзкасьці, не дагледзелі аднаго, пайменна, што некаторыя людзі і вельмі добрыя людзі, каторыя, сказалі-б мы, мелі найбольшую супольнасьць з боскасьцю, і дарогаю пабожных чынаў і рэлігійных выконваньняў былі найболей цесна зьвязаны з боскасьцю і, калі яны аднойчы памерлі, ня маюць ужо ніколі болей зноў існаваць, але маюць суцэльна зьнікнуць? Калі гэтак рэч маецца ў запраўднасьці, тады будзь пэўным, што, калі-б гэта і мела быць інакш, тады багі і ўчынілі-б інакш. Бо, калі гэта было справядлівым, дык было гэтаксама і магчымым; і, калі гэта было ў сузгоднасьці з натураю, дык натура і стварыла гэтак. Але, дзеля таго, што гэтак ня ёсьць, дык і перакананым будзь, што яно і не павінна было быць гэтакім: - бо-ж і сам ты спасьцерагаеш, што гэтакім разважаньнем ты ўваходзіш у дыскусыю з боскасьцю; але падобных рэчаў мы не павінны дыскутаваць з багамі, хіба што яны зьяўляюцца найболей добрымі і найболей справядлівымі; - і, калі гэтак рэч маецца, дык яны аніякае рэчы не дазволілі - у ўладжаньні сусьвету - быць занядбанаю несправядліва або нерацыянальна.