Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— Пойдзем, сыне. Буду табе ўсё паказваць. А вы заставайцеся тут, пан Адам. Сёння дакладаў не будзе нi ў вас, нi ў галоўнага аканома. Пасядзiце тут з жонкай, папiце кавы… Дарэчы, пенсiю атрымаеце праз тыдзень, за ўсе тры месяцы.
— Што вы, князь, — пачырванеў Выбiцкi. — I так бардзо задоволёны. Што мне трэба, я адзiн.
— Ну то i добра… Пойдзем, Алесь… Што спачатку, сады або дом?
З Алеся было ўжо досыць дома. Трэба было хаця на кароткi час ратавацца. I таму ён сказаў:
— Сады.
Яны спусцiлiся з тэрасы на круг гонару i заглыбiлiся ў адну з радыяльных алей. Толькi тут Алесь адчуў сябе лепей, бо ўсё вакол было знаёмае: дрэвы, трава ля iхнiх каранёў, жвiр пад нагамi.
Некаторы час iшлi моўчкi. Потым бацька, неяк нават вiнавата, сказаў:
— Ты любi яе, Алесь… Любi, як я… Яна мацi табе… Ты не глядзi, што яна строгая… Яна, брат, добрая.
I яго праставаты прыгожы твар быў такi незвычайны, што Алесь апусцiў вочы:
— Буду яе любiць… Што ж, калi ўжо так атрымалася.
Бацька павесялеў.
— Ну вось, вось i добра… Ты не думай. Вось прыйдзе дзень пастрыжэння ў юнакi. Да гэтага дня будуць цябе, брат, шлiфаваць… з пяском, каб не пляваўся… марцыпанамi. А потым, калi толькi захочаш, будзеш ездзiць i да Кагутоў, i ў суседнiя дамы. Я цябе абмяжоўваць не хачу, не буду. Расцi, як трава, як бог загадаў. Гэта лепш… Каня табе падару — дык да Азярышча зусiм блiзка будзе, нейкiх дзесяць вёрст. I помнi: ты тут гаспадар, як я. Загадвай. Прывучайся. Я думаю, будзем сябрамi… А за Кагутоў не бойся, будзе iм добра.
— Я i цябе буду любiць… бацька.
— Ну вось i добра, брат. Хадзем.
Алея вывела iх праз парк i пладовы сад да доўгiх шэрых будынкаў пад чарапiцай. Будынкi абкружаў глыбокi роў, зарослы лопухамі i гускай. Пад iх узнятымi парасончыкамi бруiлася вада. Пад'ёмны масток ляжаў над ровам.
— Тут псярня i стайнi, — сказаў бацька.
На манежнай пляцоўцы ганялi на кордзе коней. Англiчанiн-жакей, даўгазубы i спакойны, як статуя, стаяў на ўзбочыне, паляскваючы лёсачкай па лакавым чобаце. Непарушна прытаiўся з бацькам за руку.
— Што новага, пан Крэбс?
— Гэты народ… — англiчанiн адвёў убок сiгару, зацiснутую памiж простымі, як алоўкi, пальцамі, — яму б ездзiць па-цыганску, без усякi закон… Сёння засеклася Б'янка.
— Можа, яно i лепей, — сказаў бацька, — я заўсёды гаварыў вам, што трэба рыхтаваць на скачкi Змея.
— О, но! — запратэставаў англiчанiн. — Но, Змей! Склад Змея не ёсць адпаведны склад. Паглядзiце на яго бабкi. Паглядзiце — Меры яго мацi, — паглядзiце на яе калмыцкую грудастасць i бадай вiслазадасць. Но, но!
З манежа збiралiся да iх конюхi. Старшы конюх, Змiцер, абпалены сонцам да таго, што скура лупiлася на носе, як на маладой бульбе, зняў шапку.
— Накрыйся, — сказаў бацька. — Ведаеш — не люблю.
Змiцер няшчыра ўздыхнуў, накрыўся.
— I не ўздыхай, — сказаў бацька, — не падлiзвайся. Чуе кошка… Было табе загадана бiнтаваць Б'янку цi не?
— О Змiцер, бестыя Змiцер, — сказаў англiчанiн, — хiтры азiят Змiцер. Яны ўсе ў змове, яны не хацелi Б'янкi, яны хацелi выпусцiць мясцовага дрыкганта… зусiм як сам пан-князь Загорскi.
Бацькавы вочы няўлоўна смяялiся, вельмi сiнiя i прастадушна хiтрыя, як у маладога чорта.
— Што ж зробiш, мiстэр Крэбс. Тут ужо нiчога не зробiш. Вiдаць, будзем выпускаць на скачкi трохгодак Змея, Чаркеса i Мамелюка.
I раўнуў на Змiтра:
— Яшчэ раз гэткае — не пашлю купляць коней. Кувай сабе ў Загоршчыне!
Уздыхнуў:
— Падбяры для панiча кабылку з больш цiхмяных i жарабца.
— Глорыю хiба? — спытаў Змiцер.
— Каб галаву скруцiў?
— Што вы, пане, не ведаеце, як ездзяць мужыцкiя дзецi? Яны з хваста на каня ўзлятаюць, чэрцi… каб брыкнуць не паспела.
— А мне не трэба, — сказаў пан Юры. — Мне трэба, каб ён за якi месяц навучыўся ездзiць прыгожа, а не па-халопску. Потым дамо i сапраўднага жарабца.
— Добра, — сказаў Змiцер i пайшоў у стайнi.
Алесь глянуў на англiчанiна i нечакана заўважыў, што вочы яго смяюцца.
— То гэта малады князь? — спытаў англiчанiн. — Будучы гаспадар?
— Але, — сказаў бацька.
— Новы мятла будзе месцi па-новаму, — сказаў Крэбс. — Крэбс пойдзе адсюль разам з веданнем коней i свавольнасцю. Га?