Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— Сядай, сыне.
Алесь, зазвычай такi зграбны, медзведзявата палез на крэсла. Глядзеў на ломкiя абрусы, на старое серабро, на двухзубы iтальянскi вiдэлец, на блакiтны крыштальны келiх, у ломкiх гранях якога драбiлася нейкая янтарная вадкасць.
— Што гэта? — амаль без голасу спытаў ён.
— "Го-Сатэрн", — адказаў бацька. — Гэта, брат, такое вiно, што i ты можаш пiць.
— Вiна не хачу, ад яго людзi дурныя. Лаюцца.
Выбiцкi зморшчыўся ад скрухi, i, убачыўшы гэта, Алесь раптам раззлаваўся. Урэшце, iхняя гэта была вiна. Урэшце, гэта самi яны давялi яго, а цяпер яшчэ ўчынiлi яму гэткае катаванне.
Таму ён смела палез падрапанай лапай у хлебны кошычак, палажыў кавалак на сваю талерку i лыжкаю пацягнуўся да бацькавай талеркi, адчуваючы ў сэрцы пачуццё, блiзкае да адчаю.
— Еш, еш, сыне, — спакойна адказаў пан Юры. — Мацуйся. Давай мы i табе на талерку пакладзем.
Але маленькi зацкаваны мужычок ужо нёс да рота самы вялiкi кавалак. Яму было нязручна, i таму ён успёрся левай далонькай на край стала, а калi ўспёрся — з-пад гэтай далонькi ўпаў на падлогу падрыхтаваны кавалак хлеба.
Дзiця начало навольна спаўзаць з крэсла над стол. Спаўзло. Знiкла. А потым з-пад стала з'явiлася сур'ёзная галава.
Сурова, з адчуваннем важнасцi моманту, малады князь пацалаваў паднятую з падлогi скiбу i сур'ёзна сказаў:
— Даруй, божухна.
I ўжо зусiм па-гаспадарску хлопец сказаў наступныя словы:
— Пакладзiце гэта, калi ласачка, каню.
Пан Адам пакутлiва пачырванеў. Няёмкасць трывала доўга. Потым бацька, увесь час аглядаючыся на мацi, пачаў тлумачыць сыну, што так нядобра, што так не робяць, i выгляд яго, вiдаць, быў горшы, чым у Алеся, бо мацi раптам засмяялася — ласкавым сумным званочкам.
Лёд растаў. Перастала быць няёмка Алесю. Усе засмяялiся. Ды толькi смех яшчэ гучаў не вельмi весела.
— Что же вы, например, ели сегодня на завтрак, мой маленький? — спытала панi Антанiда.
— Сёння… на заўтра? — неўразумела перапытаў Алесь.
— Антонида, — сказаў пан Юры. — Если можешь, говори по-мужицки.
— Што ты еў сёння на… сняданне? — спытала мацi.
— Крышаныя буракi, — басам адказала медзведзяня. — I курыцу елi… Зарэзалi з такой прычыны старога пеўня… Марыля сказала: "Усё адно ўжо, дык няхай хаця панiч-сынок памятае".
Мацi ўсмiхалася, яе забаўлялi "крышаныя буракi".
— Жорж, — сказала яна, — няўжо стары певень для iх — свята? I як мог жыць маленькi? Нашто такая жорсткасць з боку старога Вежы?
Шакаладна-матавы твар бацькi спахмурнеў.
— Я вiнен перад табою, Антанiда. Бацька даў толькi лёгкi намёк на тое, што Алеся пажадана аддаць на "дзядзькаванне". Астатняе дадумаў i вырашыў я. Кагуты — лепшыя гаспадары. Майстры. Сумленныя, здаровыя людзi.
Яго моцныя рукi сцiснулi край абруса:
— Бачыш, ты i ўсе лiчылi мяне легкадумным. Я не хацеў, каб сын пайшоў у мяне. Я хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлi. Няхай сабе яго не кармiлi каплунамі. Ты паглядзi на большасць яго аднагодкаў: спешчаныя, саслабелыя. Заўсёды добра рабiць, як рабiлi дзяды. Яны былi не зусiм дурнi. Я хацеў, каб з яго вырас сапраўдны пан, мацнейшы за хлопаў не толькi розумам, а i целам.
Памаўчаў. Потым сказаў:
— Сын графа Хаданскага, даражэнькага суседа, едзе дарогаю мiж iльноў i кажа ўсур'ёз, што мужычкi будуць з хлебам. Якi з яго будзе гаспадар? Якой павагi яму чакаць ад прыгонных? А гэты будзе iншы… Некалькi год сярод жытнiкаў, простая здаровая ежа, шмат паветра, фiзiчныя практыкаваннi, размеранае жыццё. А лоск мы яму вернем за год.
Хiтравата ўсмiхнуўся у вусы:
— Пад'еў, сынок? На вось табе. Гэта цукраваная садавiна. Гэта называюць цукатамi. Можаш узяць да iх фiлiжаначку кавы.
Густы карычневы струмень пабег у маленькую — з напарстак — фiлiжанку. Мацi з цiкавасцю, нават трошкi грэблiвай, сачыла за тым, як сын бярэ загарэлай лапкай цукат, насцярожана кладзе ў рот.
Тое, што першае трапiла на язык, спадабалася Алесю: цукар, якi часам прывозiлi дзецям i ў Азярышча. Але далей зубы ўлезлi ў нешта вязкае, — груша i не груша, — нечаканае i таму гiдкае.
Ён выплюнуў пад стол.
— Нясмачныя твае… марцыпаны.
Бацькаў твар спахмурнеў, бо на матчыных вачах выступiлi слёзы.
— Ты не маеш рацыi, Антанiда, — сказаў ён. — Я шчаслiвы за хлопца. У яго сяброў страўнiк ужо цяпер назаўсёды сапсуты ласункамi. А гэты будзе, калi спатрэбiцца, варыць жалеза. Быстраногi, спрытны, здаровы. Трэба ж камусьцi цягнуць па зямлi род наступнае тысячагоддзе.
I ён, прыцягнуўшы жонку да сябе, пацалаваў яе ў скронь.
— Аh, Gеоrgеs, — сказала яна, — часам ты такi, што я пачынаю вельмi, вельмi любiць цябе. Бацька ўстаў: