Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Вусны Выбiцкага няўлоўна пацяплелi.

— Люблю смелых, — сказаў ён. — Можа, таму, што сам не такi. А Война смелы… I страшны. Ездзiць сабе на вараным i страляе.

— Чаго яму ездзiць?

— Дваццаць год ездзiць. Усiх астатнiх пабiлi, пастралялi, па цытадэлях згнаiлi. А гэты ездзiць… Апошнi день. Анi спаймаць яго, анi купiць… Як дух… Каб не спалi…

Алесь зразумеў, што Выбiцкi больш нiчога не скажа, i не распытваў далей.

Зноў мiльганула з левага боку срэбная стужка Дняпра, трохi больш вузкага ў гэтым месцы. Справа пайшлi лясы. Маладыя каля дарогi, яны ўзбягалi на ўзвышша, рабiлiся ўсё больш i больш старасвецкiмi, пакуль не пераходзiлi — на верхавiне грады — у перастойную адвечную пушчу.

Дарога пайшла з грывы ўнiз, блiжэй да Дняпра, i тут вачам адкрылася прытульная i даволi вялiкая лагчына. Узгоркi абкружалi яе i прыцiскалi да ракi. Лагчыну, вiдаць, утварыла невялiчкая рэчка, якая злiвалася з Дняпром тут, амаль пад нагамi коней.

— Папараць, — сказаў Выбiцкi. — Жэка цёмна.

Кабрыялет спускаўся да рачулкi па спадзiстым адхоне. Лазняк па берагах разарваўся, паказаўшы драўляны масток. За iм сталi перад вачыма вясковыя хаты, значна больш дагледжаныя, чым у Азярышчы: амаль усе з садкамi, амаль усе крытыя новай саломай, а сям-там нават i гонтамi.

— Загоршчына, — сказаў пан Адам. — Ваш маёрат, панiчу.

А над Загоршчынай, вышэй па адхоне, слаўся пладовы вялiзны сад, абрываючыся ўверсе, як па лiнейцы, цёмнай i раскошнай сцяной iрэгулярнага парку.

У парку бялела нешта, перакрэсленае па фасадзе серабрыстымi мётламi iтальянскiх таполяў.

Чым блiжэй пад'язджаў кабрыялет, тым ясней вымалёўваўся двухпавярховы будынак з доўгiм мезанiнам i двума балконамі, над якiмi цяпер былi нацягнуты сляпуча белыя, бялейшыя, чым муры, маркiзы. Вакол дома iшла галерэя на лёгкiх каменных арачках.

— Ложно понятый провансальскiй замковый стiль, — сказаў, чамусьцi па-руску, пан Адам, сказаў з такой завучанай iнтанацыяй, што адразу можна было зразумець: гаворыць не свае словы.

Здалёк можна было яшчэ заўважыць у парку, лявей i глыбей дома, нейкi круглы павiльён, а яшчэ лявей i значна далей — зграбную i вельмi высокую, вузкую цэркаўку на ўзгорку, такую белую i празрыстую, быццам уся яна была пабудавана з сонечнага святла.

Алесь, напэўна, паспеў бы лепей разглядзець усё гэта, але тут здалёк пачуўся тупат капытоў. Потым з вузкага жарала цёмнай алеi вырваўся, як ядро з гарматы, коннiк на белым канi i наўскапыта памчаўся да iх.

Асадзiў каня ля самага кабрыялета так рэзка, што конь як быццам урос усiмi капытамi ў зямлю. Алесь убачыў касы, нервовы зрак каня, яго раздзьмутыя ноздры. Здзiўлены, амаль спалоханы гэтым нечаканым з'яўленнем, не разумеючы яшчэ, што да чаго, ён баяўся ўзняць вочы i таму бачыў толькi белую скуру сядла i белы гарнiтур для верхавой язды. Потым нясмела, спадылба, кiнуў позiрк вышэй i ўгледзеў вельмi загарэлы, амаль шакаладны твар; усмешку, што адкрывала роўныя белыя як снег зубы; белакурыя, хвалiстыя вусы i грыву валасоў i, галоўнае, смяшлiвыя васiльковыя вочы з нейкiм нетутэйшым, доўгiм, мiндалевiдным разрэзам тонкiх павек.

У наступны момант моцныя рукi бесцырымонна схапiлi яго, падкiнулi ўгору i зноў спаймалi, i легкаважны, гучны голас весела пракрычаў нешта незразумелае i адначасова нiбы трохi ї зразумелае, але прызабытае.

— Моn реtit рzinсе Zаgоrski! [10]

Збянтэжаны, ён паспрабаваў выкруцiцца, але рукi трымалi яго моцна, а рот чалавека, якi пахнуў нейкiм вельмi прыемным тытунём, цалаваў яго твар.

— Мы пратэстуем!.. Тоut vа biеn! Тоut vа biеn, mоn реtit fils! [11]

10

Мой маленькi князь Загорскi! (франц.)

11

Усё добра! Усё добра, сынок! (франц.)

Сiнiя вочы смяялiся, заглядаючы ў зрэнкi маленькага звераняцi, што скурчылася на руках, унiкаючы чужых вуснаў.

I тады белы сцёбнуў лёскай каня i закурыў у алею, у зменлiвы цень, у скокi сонечных зайчыкаў, пакiнуўшы далёка за сабою кабрыялет.

Алея разарвалася на два паўколы з дрэў, i наперадзе, за клумбай, за кругам гонару, стаў дом, шырокi ганак, аблямаваны лёгкiмi арачкамi, i белакаменная тэраса, на якой — невысока ад зямлi — стаяла жанчына ў шырокiм ранiшнiм уборы.

Белы — проста праз клумбу — падскакаў да тэрасы, зноў узняў Алеся i лёгка перасадзiў яго цераз парэнчы, на рукi жанчыне. Потым стаў на сядло i перакiнуў над балясамi свае гнуткае цела.

— Аh, Gеоrgеs! — сказала з дакорам жанчына.

I адразу прыпала да хлопчыка, важлiва заглядаючы ў яго вочы сур'ёзнымi, цёмна-шэрымi, як у Алеся, вачыма.

Гаварыла i гаварыла нешта гартанна-страснымi i цiхiмi словамі i толькi потым спахапiлася:

— Ён не разумее, Жорж.

— Аi-jе biеn аttасhе lе grelot? Koнi — мара хлапчукоў. Вось я i пракацiў.

— З самага пачатку i так па-чужому, Жорж.

— Чорт, я i не падумаў, — сказаў смяшлiвы.

I абхапіiў жанчьну i хлопчыка, прыцiснуў іх да сябе:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: