Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— Можна мне сказаць, бацька? — спытаў Алесь.
— Кажы.
— Вам не трэба будзе iсцi адсюль, пан Крэбс. Вы харошы. Вы застанецеся тут, i я вам буду больш плацiць.
Бацька ўсмiхнуўся. Халодныя вочы Крэбса пацяплелi.
— Гуд бой, — сказаў ён. — Тады i я буду рабiць малады пан добра. Я навучу пан ездзiць, як малады лорд з найлепшых фамiлiй. — I, глянуўшы на пана Юрыя, дадаў: — I ён нiколi не будзе прымушаць састарэлага ўжо тады Крэбса рабiць супраць сумлення… i падманваць яго. А Крэбс зробiць, каб трохгодкi пана былi лепшыя нават у Пецярбурзе.
Засаромлены бацька адвёў вочы:
— Вам не давядзецца чакаць, пан Крэбс. Я павялiчваю вам пенсiю ўдвая.
— Нашто мне гэта? — сказаў Крэбс. — Лепей бы не трэба стаяць на сваiм. Сапраўдны лорд не ўваходзiць у змову з конюхамi i супраць свайго ж знаўцы, што хоча зрабiць конны завод лорда лепшым за ўсе.
— Добра ўжо, Крэбс, прабач, — сказаў бацька. — Больш не буду. Рабi сабе што хочаш.
Конюхi павялi перад людзьмi на ўзбочыне коней. — Ну, якую кабылку бярэш? — сказаў бацька.
Сярод усiх Алесь заўважыў адну, маленькую і ладную, як цацка, усю дзiўна падабраную, чысценькую i як быццам атласную. Масць кабылкi была мышастая, вушкi акуратненькiя, капыткi, як сто-пачкi.
— Гэту, — сказаў Алесь. Англiчанiн пажвавеў:
— У маладога ёсць вока… Варта вучыць… Красуня кабылка… Як маладая лэдзi… Галоўка маленькая, але не злая; шыя — дзiва шыя.
Звярнуўся да бацькi:
— Але вашы iмёны… Бог мой, што за iмя… Для такой лэдзi i раптам: Ка-сюнь-ка.
— Касюнька! — вiскнуў усцешаны Алесь i кiнуўся да кабылкi.
— Цукар вазьмi, — сказаў бацька.
Алесь соваў пад храпу Касюнькi кавалак цукру, i тая далiкатна ляпала па яго далонi цёплай цвёрдай храпай.
— Касюнька мая, Касюнька.
— Вядзiце яе, — сказаў бацька. — Выбiрай другога, Алесь.
Зноў пайшлi конi, i кожны быў прыгожы, бы ў сне, але нейкi не той, без повязi, што вядзе да чалавечага сэрца.
— Пераборлiвы, як Мнiшкава Анэля, — сказаў бацька.
Але ён дарэмна казаў гэта, бо ў той самы момант з варот стайнi з'явiўся Ён, той, без каго жыццё не магло мець сэнсу. Яго вёў пад аброць худы i падабраны хлопец, i Ён, дурэючы, рабiў выгляд, што хоча схапiць хлопца зубамi за плячо.
Ён быў прыгажэйшы за ўсiх на зямлi, прыгажэйшы за ўсiх звяроў i ўсiх людзей. Ён iшоў, прытанцоўваючы на кожным кроку, бязмерна ганарлiвы ад здароўя, сiлы i немагчымай сваёй прыгажосцi.
Белы як снег i бялейшы за яго, з маленькай нервовай галоўкай i доўгай шыяй, увесь дасканаласць i без адзiнай заганы, ён касiў залатым i трошку крывавым па бялку вокам, а ягоныя хвост i грыва, неверагодна доўгiя i мякка-залацiстыя, варушылiся лагоднымi хвалямi.
"Вы, маленькiя людцы, — здаецца, казаў зрак каня. — Што мне да вас? Я дазваляю вам апаганьваць нагамi мае бакi толькi таму, што раблю вам ласку.
І так будзе, пакуль я не знайду таго, каго палюблю. А над тым буду панам, бо я бог, а ён толькi чалавек…"
Бацька глянуў на Алеся i ўздыхнуў: усе было зразумела.
— Логвiн, — сказаў бацька конюху, — вядзi Ургу сюды.
Малады i сур'ёзны хлопец падвёў араба да ix.
— Будзеш канюшым маладога пана, Логвiн, — сказаў пан Юры. — Будзеш ведаць толькi яго. Ургу падрыхтуй. Праз месяц ён спатрэбщца. I ты, Змiцер, ведай: Логвiну належыць толькi Касюнька i Урга. Нiчога больш.
Логвiн усмiхнуўся сцiплай харошай усмешкай.
— Панiча намуштраваць, — сказаў Загорскi. — Навучыць скрэбцi, чысцiць, мыць, даглядаць капты. Навучыць лекавым травам для коней.
— Зробiм, — сказаў Логвiн.
— То тады бывайце… Бывайце, мiстэр Крэбс.
Яны прайшлi конскiя двары i падышлi да старасвецкай каменнай сабакарнi. Чалавек сярэднiх год, з прыкметнай ужо сiвiзною ў доўгiх вусах, буры, як абкураная пенкавая люлька, павольна iшоў да iх. На поясе, што ладна перахватваў яго зялёную венгерку, вiсеў доўгi медны рог.
— Карп, — сказаў бацька, — старшы даязджачы. З гэтым, брат, трымай вуха востра. Сур-ровы.
Карп падышоў да iх i, не вiтаючыся, пачаў дакладаць звонкiм i трошкi сiпаватым, даязджачым голасам:
— Юнка адышла, пан Загорскi.
— Ведаю, — сказаў бацька, — старасць. А добрая была.
— Знайд, памятаеце, са своркі адбiўся. То схапiў, вiдаць, ад нейкай вясковай сучкi, скурапею. Мазалi празрысценькiм бярозавым дзёгцем i акурвалi. Празз два тыднi будзе як шкло… Сцiнай паздаравеў… I яшчэ Аза мела ласку прынесці шчанюкоў.
— Вось гэта добра. Хадзем, Карп.
Сабакарня ўнутры была паўцёмнай, з вузкiмi акенцамi. Каля паўсотнi сабак розных парод i масцей ляжалi i хадзiлi па загарадках. Тут былi выжлы, ганчакi, норныя, дацкiя п'яўкi для мядзведжага палявання. Брудастыя, шчыпцовыя, камякалапыя… Але хлопец яшчэ не мог адрознiваць iх, i таму асаблiва зацiкавiў яго стракаты ньюфаундленд, з добрае цяля ростам, i куток хартоў.