Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Прыгоннага.

— Ды які ён прыгонны? Ён жа чорны, як бот. Такія ў прыгоннікі не прыдатныя. Бог іх, відаць, за нешта колерам адзначыў.

I раптам Надзея Клейна засмяялася так, што затрэслася ўсё яе рошчыністае цела.

— A потым дам за ім пару хутароў. Чаму ж не? Раней y многіх калмычкі выхоўваліся. Гадавалі іх, пасаг давалі, выдавалі замуж. I нічога, многія жаніліся. Нават пікантным лічылася. Дык вось я і Янку ажаню. A чаму не?

— Дык хто пойдзе?

— Уce пойдуць, — сказала старая. — Паглядзела б я, якая засцянковая паненка за яго не пайшла б. Гэта каб супраць майго жадання, ды калі я сваццяй буду?! О-го, паглядзела б… A што ж такога? Хлопчык ён добры, сардэчны, галоўкай лашчыцца. Шанаваць жонку будзе, цаніць і шчасце і дабрабыт. Не тое што гэтыя п'янюгі ды сабакары, — прабач, бацюхна.

Памаўчала, падціснуўшы вусны.

— A i тая нейкая пойдзе. Добрыя ды багатыя мужы для бедных дваранак на дарозе не валяюцца. Няхай сабе і цёмны. Не папэцкае, пэўна. Гэта ў яго ад прыроды.

I ціха, адзін пан Юры чуў, спытала ў яго на вуха:

— Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка… квадратамі… Га?

— Такія не будуць.

— Ну то тады і добра… Будзе мне занятак на старасці год.

Яны набліжаліся да падлеткаў, якія стаялі асобна. Клейна падышла бліжэй за ўсіх і ўтаропіла ў хлопцаў пільны позірк.

— Гэты, — пасля імгненнага роздуму паказала яна кійком на Алеся. — Вочы матчыны, a позірк твой. Толькі, прабач, без тваёй цяперашняй спакайнаты. Хлопец будзе. Будзе хлопец, кажу табе. Не прывучай толькі сабакаром быць.

Зрабіла рэзкі рух.

— I адпусці. Адпусці адсюль. Асалоды ў гэтым мала, ляжаць на вачах усіх, як мухі ў місцы… Антаніда, віншую цябе. Будзе хлопец. Позірк просты, шчыры, не тое што ў гэтых малімончыкаў яго ўзросту… Ну, давай пацалуемся, Антаніда… A вы, дзеці, марш гуляць… I Яначку з сабой вазьміце. Ды не крыўдзіце яго там. Ён сірата.

Дзяцей і прасіць не трэба было: як чародка вераб'ёў, сыпанулі па сходах.

— Karo яшчэ няма, Georges? — спытала матухна.

— Раўбічаў няма. Кроера няма. Старога Вежы няма.

— Добра. Хай ідуць дзеці, — уздыхнула Загорская.

Алесь бег наперадзе ўсіх. Дзеці абагнулі палац, горку, на якой распараджаўся гарматамі Кірдун, карцінны павільён і спынілісяу гушчары парку, дзе была дзярновая лаўка.

Усе селі. Зялёная сетка святла ляжала на тварах дзяцей.

— Дык як жа вы жывяцё, Ядзвінька? — спытаў Алесь.

Лялечны тварык схіліўся ўніз. Вочы, такія нявінныя і сінія, засаромлена глядзелі на Алеся.

— Я з маці жыву. I з Янкам. У мяне тры старэйшыя браты… Былі тры браты… Два загінулі на вайне… Адзін — хто яго ведае дзе, мне не кажуць. Я апошняя. Ніхто ўжо не чакаў мяне, a я ўзяла ды і нарадзілася. Усе за мяне таму вельмі баяцца. Толькі я не баюся. Я люблю, каб цёпла. Люблю, калі спяваюць. Люблю, каб мне не перашкаджалі. A баюся толькі, калі хлопчыкі злыя… I сабак.

Алесь слухаў гэта з памяркоўнай усмешкай.

— Мы не будзем злыя, — сказаў Алесь. — Праўда, Мсціслаў? I сабакам яе ў крыўду не дамо. Што сабакі. У мяне унь два кані ёсць.

— Сапраўдныя коні? — спытала малая Клейна.

— Анягож.

Дзяўчынка паглядзела на яго з павагай.

— Ну a ты, Янка? — спытаў Алесь.

— Я зусім як яна, — вінавата ўсміхнуўся хлопец, і ўсе зноў здзівіліся, як па-вясковаму, амаль зусім чыста вымаўляе ён словы. — Толькі я не ведаю, дзе мае бацькі.

— Так зусім і не ведаеш? — спытаў Мсціслаў.

— Помню… Слаба… Помню агні… Вакол іх, на ражнах, сушылі рыбу… I зусім не помню бацькоў… Толькі аднаго Кемізі… Напэўна, ён быў мне брат… Не ведаю… I яшчэ помню жаночыя рукі… Нічога больш — адны рукі… Аднойчы з'явіліся крылатыя чаўны… Людзі казалі — "даў" [32] і паказвалі на іх пальцамі. Дзяцей схавалі, але нас усё адно адшукалі… Усе нашы, акрамя нямногіх, ляжалі на пяску… У Кемізі тырчала ў грудзях палка… Потым нас везлі морам… Потым быў нейкі бераг, і белы-белы пясок, і пячора з крыніцай, куды нас заганялі на ноч. Усё гэта звалася Мангапвані [33] , a вартавалі нас людзі ў белых павязках на галаве… Потым я згубіў сваіх, іх не стала… Зноў было мора і потым вялікі горад, дзе мяне зноў купілі… I прывезлі сюды.

32

Судна гандляроў рабамі.

33

Астравок ля заходняга берага Афрыкі. База арабаў — гандляроў рабамі.

— Янка, — падаў голас Мсціслаў. — Няўжо гэта ты ад прыроды такі? Можа, гэта проста таму, што ты мыешся не так, як трэба?

— Я мыюся, — уздыхнуў Янка. — Не, тут ужо нічога не зробіш. I спрабаваць не варта.

— Ну і чорт з ім, — сказаў Алесь. — Падумаеш, бяда вялікая.

Яны сядзелі і гаварылі аб розных цікавых рэчах даволі доўга. Потым здалёк, з лагчынкі пад горкай, ударылі чатыры гарматы. Адным залпам.

— Прыехаў нехта, — з неахвотай падняўся Алесь. — Трэба ісці.

— Сядзі-і, — сказаў Мсціслаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: