Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Знаёмцеся, — сказаў Загорскі. — Гэта мой сын… A гэта Раўбічы, сынок, бліжэйшыя нашы суседзі… Вось гэта пан Яраслаў Раўбіч.

Алесь схіліў галаву, a потым, можа, занадта рэзка, ускінуў яе. Яму аніяк не хацелася, каб нехта заўважыў y ягоным паклоне нясмеласць. A ён пабойваўся. Усё ж гэта быў той самы Раўбіч, y доме якога гарэў далёкі агеньчык, такі маленькі, як іскра… Той самы Раўбіч, якога лічылі чараўніком вясковыя дзеці. Той Раўбіч, з падполаў якога цягнула серай. Той Раўбіч, пра якога казалі, можа, і зусім няпраўду, быццам ён страляў на раздарожжы ў прычасць.

Раўбіч уважна глядзеў на Алеся. Быў ён сярэдняга росту, але моцна складзены, з кароткай шыяй і магутнымі пукатымі грудзьмі. Чорныя як смоль і сівыя на скронях валасы стваралі на патыліцы магутную грыву, a спераду падалі на лоб касой скобкай. Твар быў шыракаваты ў скулах, але ладна вытачаны. Бровы доўгія, вычварна зламаныя і таму пагардлівыя, a лоб пераходзіў y нос амаль роўна, як на старых статуях. Шчыльна сціснутыя вусны вялікага рота, высокі гладкі лоб — усё гэта пасавала да агульнага выгляду і рабіла няправільны ўвогуле твар нейкім па-мужчынску прыгожым. Але самыя дзіўныя былі вочы: халодныя, карыя, з такімі пашыранымі зрэнкамі, што райка, здаецца, зусім не было. Гэтаму ўражанню дапамагала яшчэ і тое, што вейкі былі доўгія і густыя, зусім не мужчынскія, a на павеках, займаючы ўсе вачніцы, ляжаў асмужаны цёмны цень.

Страшнавата было глядзець y гэтыя вочы. I ўсё ж Алесь глядзеў. Гэты твар палохаў, але адначасова нечым прыцягваў яго. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.

…Вочы без райка глядзелі ў вочы хлопцу, быццам выпрабоўваючы. I Алесь, хаця яму было амаль фізічна цяжка, не апусціў вачэй. I тады, пасля хвіліны гэтай нямой дуэлі, на сціснутых вуснах y Раўбіча з'явілася ўсмешка.

— Будзе сапраўдны князь, — трошкі нават расчулена сказаў ён. — Не сродак, не цацка чужой сілы… Віншую цябе, гаспадар Юры.

Толькі калі Раўбіч адвёў вочы, Алесь заўважыў, якая на ім дзівосная вопратка. Гэта быў сурдут не сурдут, a нешта пашытае пад кароткую і шырокую чугу. Пашытае, відаць, першакласным майстрам з вельмі дарагога, танюткага шэра-блакітнага сукна. Каб не гэта, Раўбіч выглядаў бы старасвецкім дваранінам з мядзведжага кута.

Усё астатняе было звычайнае: шэрыя панталоны, забраныя ў боты на высакаватых абцасах. Усё, акрамя аднаго: запясце правай рукі, жылістае і загарэлае, моцна перахопліваў шырокі жалезны бранзалет, пацьмянелы ў паглыбленнях, бліскучы на пукатых паверхнях, зроблены таксама па-майстэрску. Алесь краем вока заўважыў на ім нейкія трыліснікі, сцябліны чартапалоху, стылізаваную шыпшыну на капцы і фігурку конніка на шалёным кані. Ад гэтых назіранняў адарваў яго мяккі жаночы голас:

— Яраш, ты паглядзі толькі, які ён зараз гожанькі. Проста хлопчык з партрэта Аляшкевіча.

Абражаны гэтымі словамі, ён таргануў галавой управа і сустрэў спакойны позірк цёмна-блакітных вачэй сталай жанчыны, якая стаяла побач з Раўбічам. Жанчына была звычайная, з русай каронай валасоў на галаве, з трошкі вінаватай, вельмі жаночай усмешкай на прывялых вуснах.

— Вось вам і мой старэйшы, пані Эвеліна, — сказаў бацька. — Бачыце, які недарасль выгадаваўся.

— Які ён недарасль, — сказала Раўбічава. — Ён проста харошы хлапчына. Якраз таварыш майму Франсу. Пазнаёмцеся, дзеці…

Франс, чорнавалосы, матава-бледны, прыгожы хлопчык, працягнуў Алесю руку з пачуццём уласнай годнасці. Тонкі рот ветліва і трошкі завучана ўсміхаўся. Малады Раўбіч, асабліва ладны ў сваім бездакорным дзіцячым фраку з чорнага тонкага сукна, схіліў галаву:

— Мяркую, вы цяпер будзеце ў нас частым госцем, князь, — сказаў ён па-французску. — Ваша свята падабаецца ўсім, і вы таксама.

Алесь таксама схіліў галаву. Паводзіны Франса яго забаўлялі, і ён паспеў заўважыць за манерамі маладога прыдворнага тое, што ратавала Франса і не рабіла яго смешным: нейкую ўнутраную іронію да таго, што ён казаў.

— Чаму вы не прывезлі сваёй малодшай? — ветліва спытаў пан Юры. — Старэйшую я заўважыў. A Наталі няма…

— Што вы, — вінаватая ўсмешка Раўбічавай рабіла яе твар асабліва прыемным. — Наталі ж толькі два гады.

— Гэта дзіцячае свята, — сказаў бацька і падкрэсліў: — Таму я і запрашаў усіх. Для такіх гасцей мы аддалі асобны пакой з цацкамі.

— Я думаю, што наступны раз мы выправімся, — сказала пані Эвеліна. — A пакуль што, сапраўды, дзе ж старэйшая?

З натоўпу гасцей якраз y гэтую хвіліну выбралася дзяўчынка, — гады мо на два маладзейшая за Алеся, — па-дзіцячы даўганогая, y белай, званочкам, сукенцы, што адкрывала яе загарэлыя моцныя ножкі.

— Notre enfant terrible [35] , — з усмешкай сказала Раўбічава.

Enfant terrible набліжалася да іх даволі рашуча і амаль цягнула за руку, як вялізную ляльку, Ядзечку Клейну. Тая ледзь паспявала за сваёй мучыцелькай.

— Вось, — сказала мучыцелька. — Вось яна, Ядзя. Так і не ўцякла.

— Вечар добры, Ядзенька, — сказала Раўбічава. — A ты, Міхаліна, трымай сябе прыстойна. Вось хлопчык, якога сёння стрыглі, пазнаёмся з ім.

— Яго толькі сёння стрыглі? — прыўзняла бровы дзяўчынка. — Зусім як дзяўчынку… Бедны!

35

Наша немагчымае дзіця (франц.)

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: