Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Вочы Раўбіча смяяліся. Ён скоса глянуў на пана Юрыя і сустрэў яго вясёлы позірк.

— Не чапляйся да слоў, Міхаліна, — сказала Раўбічава.

— Ма-а, — з дакорам сказала малое, — ты ж ведаеш, я не люблю…

— Не чапляйся да маіх слоў, Майка, — больш паблажліва сказала маці.

— Не буду, — сказала Майка. — Дальбог, не буду, матулечка.

I глянула на Алеся халаднаватымі вачыма.

— У вас нейкае зусім сялянскае імя, хлопчык, — паважным птушыным галаском сказала яна. — Чаму б гэта?

Алесь раззлаваўся:

— A чаму гэта ў вас такое дзіўнае імя, маленькая дзяўчынка?

Белая шаўковая яе сукенка прыемна адцяняла слабы залацісты загар на руках. Валасы былі сабраны ў высокую прычоску, смешную на дзіцячай галоўцы.

"Каб не язык, зусім някепскае было б дзяўчо. Адцягаць бы цябе за валасы. Ведала б, як жарты строіць".

A пад брывамі насмешліва глядзяць на яго цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы.

Дзяўчынка ўздыхнула і першая адвяла позірк, не вытрымала. Губкі яе таргануліся, бы ад няўлоўнай крыўды. Але яна стрымалася і знешне спакойна паправіла на плячах доўгую карункавую мантылью. Калі яна гэта рабіла, яе рукі агаліліся вышэй локцяў, няспрытныя, худыя, як пруцікі, рукі з вострымі локцікамі. I гэта неяк памірыла з ёю Алеся, бо ён адчуў сябе мацнейшым.

Бацька падміргнуў Раўбічу, і дарослыя перасталі звяртаць увагу на дзяцей. Пан Юры падаў знак музыкам, і тыя грымнулі нейкую ўрачыста-сумную мелодыю.

— Прыгонны капельмайстар Вежы напісаў, — сказаў Раўбічу бацька. — Спецыяльна на гэты дзень…

A музыка грала. З нейкай гордай прыхаванай сілай. Ці то шумеў сітняг на бясконцых балотах, ці то чуўся ў цемры стомлена-мужны крок тысяч ног? Ён перарываўся часам, каб даць месца чамусьці змрочнаму і цяжкаму, a потым зноў гучаў.

I, прашываючы гэта, срэбная, нібы з жураўлінага горла, вяла сола труба.

Алеся як сціснула нешта за горла. Ён кінуў вачыма на Раўбіча і ўбачыў, што ў таго апушчаны свінцова-цяжкія павекі.

— Назва? — спытаў Раўбіч адрывіста.

— "Курганная шыпшына", — адказаў бацька. — Бадай, ці не надта змрочна для такога дня. Але Вежа настойваў.

— Правільна зрабіў Вежа, — пасля паўзы сказаў Раўбіч.

Труба змоўкла.

Госці стаялі трошкі адурэлыя ад нечаканага пачатку. I ў гэтай цішыні бацька выступіў амаль на сярэдзіну залы.

— Шаноўныя панове. Шаноўныя гаспадыні і гаспадары. Сённяшні дзень — першы дзень юнацтва майго сына. Музыка, якой вы так былі здзіўлены, была напісана дзеля яго і гралася для яго. Яна не датычыцца вас. У гэты ўрачысты вечар вы павінны весяліцца.

Бацька быў бадай непрыемны Алесю ў гэтую хвіліну. Алесь зірнуў на Раўбіча, сустрэў яго позірк і зразумеў, што той адчувае тое ж самае.

— Сёння свята дзяцей, — казаў далей бацька. — I таму першы танец належыць дзецям… Дзеці, станьце ў пары… Алесь, выберы даму для першай пары.

Невядома, як гэта выйшла, Алесь яшчэ за хвіліну зусім не хацеў гэтага, — але ён стаяў ля Майкі і працягнуў гэтай агіднай зласлівіцы сваю руку… За ім, другой парай, стаялі Франс з Ядвігай, потым — Мсціслаў з нейкай дзяўчынкай, яшчэ і яшчэ пары.

Радасна грымнуў аркестр на хорах, і пацяклі павольныя гукі паланеза.

I тады Алесь, адчуваючы ўласны спрыт і лёгкую сілу, якая раптам наліла ўсё цела, паважна, на пальчыках, пайшоў, павёў даму да дзвярэй y малую залу, якія, зусім па-чарадзейску, самі адчыніліся ў другім канцы вялікай залы.

…Увесь вечар яна была зменлівая, як красавіцкі вільготны вецер — за кожным кутам хаты дастане. Магла сама шукаць яго вачыма і магла не звяртаць увагі на тое, што ён шукае яе. Магла завесці з Мсціславам размову аб тым, якія смешныя інтанацыі ў мове мужыкоў і як яны дзіўна, нязграбна рухаюцца. I хаця гэта было несправядліва, Мсціслаў пакутліва чырванеў за сябра і яшчэ за сябе, бо яна з ім загаварыла, a яму гэта было прыемна.

Алесь з кожным танцам падыходзіў да яе і адразу бачыў, як мяняецца яе капрызны тварык, робіцца пакорлівы і амаль бязвольны: апушчаныя доўгія вейкі, крыху ўсмешлівы рот. Яна ішла з ім y танцы менавіта так, як хацеў ён, a y перапынках зноў расплюшчвала вочы і казала:

— Шкада, што ў дзяцей няма бальных запісных кніжак… О, каб былі!.. На гэты баль y ёй стаялі б дваццаць прозвішчаў — кожны запісваў бы сваё… I я танцавала б увесь вечар з рознымі.

I ён зноў злаваўся: аднойчы нават пайшоў скакаць мазурку з маленькай Ядзенькай Клейнай. Заўважыў, як ахвотна яна падала яму ручку, як уздыхнула з радасці, што ён падышоў, аж заззялі яе лялечныя, вялікія вочы.

…А потым быў перапынак, калі разносілі марожанае. I тут Ядзенькай заняўся Франс. Сам прынёс ёй вазачку, сам стаяў ля яе, сам потым павёў да дзвярэй на тэрасу.

Тут і падышла да хлопца Майка. Хлопец пайшоў са злосці на веранду і стаяў там, гледзячы на рознакаляровыя кітайскія ліхтарыкі, якія прыгожа беглі ў цемру алей. A яна адшукала там яго, стала побач, хутаючы плечы ў белую мантылью.

— Сумна, калі няма танцаў, — сказала яна. — Я танцавала б тры дні… A вы?

Ён памаўчаў, a потым усміхнуўся:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: