Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

А потым трапілася чырвонае шкельца. Застрашлівае барвянае неба, цяжкія крывавыя аблокі, такія няўмольныя, павольныя, жахлівыя.

— Страшна, — сказала яна. — Вазьмі хутчэй.

Яны сядзелі моўчкі, аглушаныя страшным відовішчам. Майка была такая прыгнечаная… Алесь сам не ведаў, як гэта ў яго выйшла. Але ён абняў яе зусім бязважкімі рукамі і няўмела пацалаваў у нерухомы раток.

На хвіліну яна была раззлавалася, але потым толькі сышла з канапы і села на маленькае крэселка каля сцяны. Яна сядзела маўклівая і такая танюткая ў сваёй бэзавай сукенцы, што яму стала шкада яе.

Але ён не ведаў, як выпрасіць дараванне. Ён проста глядзеў на яе вялікімі ўмольнымі вачыма. А Майка нават павек не ўзняла на яго.

Тады ён адвёў вочы на сцяну і заўважыў дзіўнае. Заходняе сонца ляжала на сцяне пакоя. І там жа, на сцяне, Алесь убачыў чарнатварую Майку з фіялетавымі валасамі і ў сукенцы аранжава-барвянага колеру. Чорную-чорную Майку з фіялетавымі зіхоткімі валасамі.

— Майка! — крыкнуў ён такім голасам, што спалохаў яе. — Майка, глядзі на мяне. Доўга-доўга глядзі.

Непаразумелая, яна ўсё ж падпарадкавалася.

Захад ляжаў на сцяне пакоя. Яна глядзела на хлопчыка, на яго зялёную куртку, бачыла яго ўмольныя і спалоханыя вочы і разумела, што дарэмна пакрыўдавала на яго.

— А цяпер глядзі на сцяну.

Яна адвяла вочы і ўбачыла чорны цень Алеся, апрануты ў пурпур.

— Ты, — сказала яна, — ты… зусім чорны, ты зліваешся з ценем, цябе не відаць. Толькі адзенне барвянае… плавае.

— А ты ў аранжава-барвяным… Твае валасы ліловыя.

Яны паўтаралі і паўтаралі дослед, спалоханыя да глыбіні душы.

…Чорны хлопчык у пурпуры. Майка нездарма чытала раманы.

— Як… галаву табе адсеклі, — сказала яна. — Як… прывід барвянага чалавечка.

Ён пільна глядзеў на яе. І тады яна спахапілася:

— Ой, я нешта не тое сказала. Даруй мне, Алесь.

Устаўшы з месца, яна хуценька падышла да канапы, схілілася над ім і, абняўшы яго за шыю, сама, бязважка і чыста, пацалавала яго ў прыгожы рот.

XXII

…Алесь чытаў, седзячы на зашклёнай тэрасе. Шыбы былі вельмі старыя і таму набылі лёгкае фіялетавае адценне. За садам плыло сонца, свецячы проста Алесю ў твар, і літары ў кнізе здаваліся чырвонымі.

Ён знайшоў у дзедавай бібліятэцы Яна Баршчэўскага. Кніга звалася "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях". Зараз ён адольваў ужо чацвёрты том. Гэта было першае пацверджанне, што не ён адзін адкрыў Мора, і таму ён шмат мог дараваць аўтару.

Гэта было добра. Перад ім паўставаў сімпатычны чалавек, які кожнай вясной, як пералётная птушка, не мог уседзець у Пецярбургу і пехатою, з кіем у руках, ішоў на радзіму, у Беларусь. Ён ішоў і слухаў спевы жаўранкаў у гарачай вышыні. А ў душы яго нараджаліся радкі… Паўставаў чалавек, які ў завіруху ставіў на акно свечку, каб падарожныя ішлі да яго. Ён карміў і паіў людзей, толькі каб яны расказвалі яму гісторыі і паданні.

Было шкада, што ён піша па-польску, устаўляючы ў кнігу беларускія дыялогі. У сваёй мове ён мог бы стаць вялікім. У чужой — толькі вышэй за сярэдняга.

Баршчэўскі, здольны і добры чалавек, шмат у чым блізкі да Гогаля, назваў сябе беларусам, а радзіму — Беларуссю, магчыма, нават занадта настойліва. Ён пяшчотна любіў край, яго паданні, яго людзей.

"Ну, а я?" — падумаў Алесь.

…І якраз у гэты момант прыйшлі ў Загоршчыну, да яго, Кандрат і Андрэй. Кірдун прывёў іх на тэрасу, і вось яны сядзелі перад ім, такія падобныя, што аж смяяцца хацелася, і адначасова такія непадобныя. Хто ўмеў так жартаваць, як Кандрат, і хто спяваў такія песні, як Андрэй? Даражэй за ўсё былі іхнія ўсмешкі — хітраватая ў Кандрата і ласкавая, амаль жаноцкая, у Андрэя. Правільна зрабіў бацька, што адпусціў іх і аддаў Паўлюка з Юрасём у школку. І Алесь без жалю адклаў кнігу чалавека, які адкрыў Мора на шэсць год раней за яго, Алеся, нават паспеў напісаць аб гэтым, але не разумеў хваль, з якіх гэта Мора складалася.

— Слухай, Алесь, — сказаў урэшце Кандрат. — У нас да цябе справа.

— Ну? — сказаў Алесь.

— Але раней ты дасі нам слова, што аб гэтым ніхто не даведаецца, нават бацькі…

— Мы тут думалі, аж галовы папухлі, — сказаў Андрэй. — Але цяпер Масленіца. Усе ездзяць. У госці. А Кроер… твой далёкі сваяк…

— Стойце, хлопцы, — сказаў Алесь, — нічога не разумею. Ды мы і не ездзім туды ніколі. Мае не любяць Кроера.

— Тым лепей, — сказаў Кандрат, з палёгкаю ўсміхнуўшыся. — А мы думалі… Значыць, усё добра.

І засмяяўся:

— Юрасю бацька два шлапакі адваліў. Прыйшоў хлопец з царквы, а ў кішэні ў яго аж чатыры грыўні. Бацька пытае: адкуль? А той кажа: "А там, дзе ўсе бралі, дык і я ўзяў. З блюда". Мы аж пакіслі са смеху.

Андрэй глядзеў убок. Дый смех Кандратаў быў няшчыры. Алесь з болем бачыў гэта, бачыў, што хлопцы ледзь не сказалі яму аб нечым і вось цяпер пераводзяць размову на іншае.

— Як хочаце, хлопцы, — суха сказаў ён. — Але я думаў, што вы мне верыце, што я для вас і застаўся братам. Нават цяпер. Што ж, няхай…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: