Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— Ды мы нічога, — сказаў Кандрат. — Мы толькі хацелі прасіць, каб не ездзіў да Кроера… Не любяць яго…
— Сам ведаю, — суха сказаў Алесь.
Маўчалі. Алесь ведаў: дружбе і адкрытасці канец. А тут яшчэ Кандрат нечакана, толькі каб не маўчаць, пачаў расказваць чарговую пабрахеньку.
— У Лапаты госці былі. Паклалі іх, падпітых, у чыстай палове. А дзеці ўзялі ды прысунулі да дзвярэй стол. Уначы ўстае чалавек, шукае выйсці. Як ні мацае — няма дзвярэй… Аж зубамі скрыгалі.
Андрэй раптоўна аж крэкнуў з прыкрасці за брата. Строга ўскінуліся вейкі.
— Вярзеш немаведама што, боўдзіла, — сказаў ён. — Ану давай, кажы ўсё. Алесь наш, мужык. Не скажаш — усяму канец. Дзе веры няма, дык якое ўжо сяброўства?
— Што вы, — сказаў Алесь. — Чаму канец? Ды я і не хачу.
— Бачыш? — сказаў Андрэй.
Кандрат усё яшчэ вагаўся. І тады вочы Андрэевы ўспыхнулі.
— Не хочаш? Тады я сам. Толькі ты, Алесь, ведай: на цябе ўсе спадзяванні. Маўчы ў імя маці і пана Езуса.
— Гэта ўжо дарэмна, хлопцы.
— Не дарэмна, — сказаў Андрэй. — Кожны за сваіх: дваране за дваран, мужыкі за мужыкоў. А калі давядзецца — тады нам канец. Бо ведалі, а не сказалі. Дзеда старога добра калі адхвошчуць. А нам, і Лапатам, і Кахновым людзям, можа, і Сібір.
— Тады і казаць не трэба, — сказаў Алесь ужо сур'ёзна.
— Трэба, — сурова сказаў Андрэй. — Мы дзядзькавыя браты. Раз змоўчым, два змоўчым — і канец братэрству.
Ён перадыхнуў:
— Кроера хочуць забіць, а маёнтак ягоны спаліць. Корчак. Той самы, што вілы кінуў. У яго кроў у сэрцы запяклася на пана Кастуся. Ягоныя дзеці торбы пашылі і ў акрайцы пайшлі. За самім Корчакам ганяюцца, як за зверам. І Корчак рашыў: забіць. Той, хто забіў, — гэта ўжо не чалавек, ён горшы за вар'ята. Ён атручаны забойствам. За змяю бог сто грахоў даруе. І ён заб'е ў адзін з дзён масленіцы. Каб не ў пост грашыць. Так што не ездзі і сваіх адгавары.
— Мы ніколі не ездзім, — сказаў Алесь. — Мы — ворагі. Я нікому не скажу, можаце мне верыць. Толькі ж яго спаймаюць. Мусатаў за ім паўсюль ганяецца. Шкада смелага чалавека!.. А хто гэта вам сказаў аб забойстве?
— Пятрок Кахно чуў ад Лапатаў. А тыя да Паківача ездзяць, дзе Корчак хаваўся.
— Балбатун ваш Пятро, — сказаў Алесь. — З радасці, што гэтую брудную свінню забіць збіраюцца, распусціў язык.
— Ён нікому больш не сказаў, — пачырванеў Андрэй. — Не думаў я, што ты, Алесь, нас папікаць будзеш.
Цяпер сорамна стала Алесю.
— Я не папікаю. І я нікому больш не скажу. Магіла!!!
Гэта была самая страшная клятва аб маўчанні. Хлопцы паверылі і пайшлі, супакоеныя.
…Раніцай наступнага дня ў Загоршчыну прыскакаў з Кроераўшчыны ганец, мужык год пад сорак. Пан Юры і Алесь якраз выходзілі з дома, калі мужык цяжка споўз са свайго нехлямяжага коніка.
Конік адразу як заснуў, тупа расставіўшы клышаногія тупалкі. Мужык стаяў ля яго, камячыў у руках брудную прадзёртую магерку і не глядзеў на паноў, толькі на мокры снег, у якім танулі яго раскіслыя поршні.
— Накрыйся, — сказаў пан Юры. — Не люблю.
Дзікаватыя светлыя вочы мужыка на імгненне прыўзняліся.
— Высакародны пан Канстанцін Кроер памерлі. Яны просяць, каб дваране стаялі… каля труны.
— Як гэта ён просіць? — яшчэ не верачы, спытаў пан Юры. — Мёртвы просіць?
— Яшчэ як… жывыя былі.
— Як здарылася?
— У адначассе… амаль. Кажуць, жыла лопнула. Ужо і ў труну паклалі.
Пан Юры перахрысціўся.
І ўбачыў белую галаву мужыка, на якой раставалі мокрыя хлапякі апошняга снегу.
— Накрыйся, кажу табе. Ідзі ў чалядню. Папрасі там гарэлкі. І аўса каню.
— Не, — сказаў мужык. — Загадана яшчэ спавясціць…
Загорскі раззлаваўся:
— Ідзі, кажу, шкапа ты затурканая. Іначай я, пакуль тое, сам цябе ў пугі вазьму. Логвін, Карп, вазьміце яго, дайце сухія поршні, гарэлкі — словам, што трэба.
Мужык пайшоў паміж слуг, пакорліва апусціўшы галаву.
— Збірайся, Алесь, — сказаў пан Юры, узбягаючы па прыступках.
Не ехаць было нельга. Бацька так і сказаў маці.
Нечакана маці адмовілася.
— Ты можаш ехаць з Алесем, — сказала яна. — Табе трэба. А я не магу. Я не любіла яго.
Паехалі ўдвох. Верхам. Па насціле з лазы пераехалі тоўсты, але ўжо слабы, як мокры цукар, дняпроўскі лёд. Дарога ішла спачатку паплавамі, потым заснежаным узвышшам, якое пераходзіла недзе далёка справа ў Чырвоную гару. Хутка павінна была адкрыцца вачам Кроераўшчына.
Мокры, там-сям ужо брудны снег укрываў палі, а на снезе сядзелі вугальна-чорныя вароны. Часам яны ўзляталі, і тады адразу рабілася зразумела, як цяжка ім ляцець праз сыры, важкі вецер. На полі Загорскіх дагнаў Януш Біскуповіч, асабісты вораг Кроера, таксама вярхом. Павіталіся. Алесь з цікавасцю разглядаў спадарожніка, яго жвавы прыгожы твар з аксамітна-цёмнымі вачыма. Біскуповіч быў неабыякавы яму яшчэ і з той прычыны, што лічыўся самым багатым з усіх паляўнічых Прыдняпроўя на "песні рога".