Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Ты ня хочаш шпурляць камяні ў кірыліцу, на якой сам пішаш і чытаеш пакуль што ўдвая хутчэй, але ўся лёгіка разьвіцьця эўрапейскай цывілізацыі падводзіць да думкі, што чарнагорская сытуацыя некалі паўторыцца на тваёй радзіме, дзе зьявяцца і цалкам афіцыйныя падручнікі і кнігі ў той графіцы, якой пісалі й друкаваліся вашы першыя клясыкі.
Крыжы
Крыжы на чарнагорскіх цэрквах вельмі часта — не вэртыкальныя, а гарызантальныя, раўналежныя зямлі. Магчыма, проста таму, што вэртыкальныя лініі ў горнай краіне і без таго маюць яўную перавагу, і воку хочацца ад іх адпачыць. А магчыма, чарнагорцы прыдумалі гарызантальныя крыжы, каб душам з вышыні іх палёту лацьвей было пазнаваць свае храмы.
Выспа сьвятога Стэфана
Гэтая шырока разрэклямаваная быццам бы адзіная ў сьвеце выспа-гатэль запомніцца табе не нумарамі, дзе раскашавалі Сафі Лярэн і Сыльвэстар Сталонэ, а кветкамі магноліі, што нечакана запахлі цынамонам і цёплымі мамінымі булачкамі-птушкамі. Ты, малы, прагна зьядаў булачку або дзьве, а ў астатніх употай выкалупваў самае смачнае — вочкі-разынкі, пасьля чаго абліваўся горкімі сьлязьмі, шкадуючы гаротных птушачак, якія праз тваю прагавітасьць зрабіліся невідушчымі.
Тата і мама
Чарнагорская малеча, лётаючы па пляжы, гукае: «Тата! Тата!» Тату, як выглядае, тут клічуць значна часьцей за маму, і ў гэтым таксама выяўляецца нацыянальны характар.
Ты згадваеш, як у вас дзе-небудзь на Нарачы зарумзанае, чырвонае ад няспыннага крыку дзіця разьдзіраецца: «Мама! Ма-ма!» Праўда, у гэтай апэляцыі да жанчыны можна ўбачыць і неўсьвядомленую ўдзячнасьць беларусаў сваім прапра...бабулям, пачынаючы ад Рагнеды.
Дапусьцім, Рагвалодава дачка не наважылася б у тую ўвекавечаную летапісцамі ноч узьняць руку зь мечам над заснулым Уладзімерам. Рагнеду з князевічам Ізяславам ня выслалі б з Кіева на радзіму. Ізяслаў не вярнуўся б на дзедаў полацкі пасад. Полацак не аднавіў бы незалежнасьці... Ці была б сёньня на палітычнай мапе сьвету краіна з назваю Беларусь?..
Мовы
На курортах міжволі пачынаеш пазнаваць і адрозьніваць мовы, а потым спрабуеш акрэсьліць пачуцьці, якія яны ў цябе выклікаюць.
Ангельская зазвычай выклікае не пачуцьці, а ўспаміны пра аэрапорты.
Польскай мове цешысься, нібы сустрэчы з сваяком. З палякамі прыемна плаваць далекавата ад берагу, слухаючы, як яны жыцьцярадасна перагукваюцца.
Чэская чамусьці казыча твой нос ледзь улоўным пахам кавы.
Літоўская мова ніякія твае органы не казыча, але і не раздражняе.
Украінская выклікае ахвоту загаварыць і пазнаёміцца.
Расейская нараджае лёгкую насьцярожанасьць і ніякаватасьць — праз тое, што на ёй могуць гаварыць твае супляменьнікі, якія ўпарта адмаўляюцца аздобіць сваім непаўторным узорам гэты шматкалёрны моўны дыван.
Папуасы
Ты возьмеш на пляж апошні нумар «Иностранки» і неўзабаве будзеш пакараны за неабачлівасьць. Над табой манумэнтальна спыніцца здобная красуня ў жоўтым купальніку зь зялёным алігатарам на трусіках: «И о чем это вы так глубоко задумались?» Яна ківае на твой часопіс і паведамляе, што таксама «руская», а каб цябе не тачыў сумнеў, называе свой родны «рускі» горад — Баранавічы.
Калі б ты быў нармальным мужыком, дык упэўнена адказаў бы на яе сагрэтае гульлівай усьмешкай пытаньне што-небудзь накшталт: «О том, что нам будет интересно в месте, и я даже знаю, в каком». Або больш разьняволена: «О вашем шикарном бюсте». Або абраў бы рамантычны варыянт: «О том, что одна ночь может порою, как вспышка сверхновой звезды, озарить всю жизнь». Але ты, напэўна, нейкі нацыянал-садамазахіст, бо зь безьлічы варыянтаў выбіраеш самы дыскамфортны: паныла ўдакладняеш, што Баранавічы знаходзяцца ў Беларусі.
Аднак супляменьніцу цяжка зьбіць з тропу нават беларускай мовай. Красуня радасна дзеліцца з табой інфармацыяй, дзе тут зьбіраюцца «русские», дзе мэню на «нашем русском языке» і ў якім рэстаранчыку «наша русская еда».
Ты слухаеш, і на памяць прыходзіць калега, што часам садзіць сваякоў у кружок і бярэцца тлумачыць ім нешта з гісторыі й культуры краіны, дзе сваякі спрадвеку жывуць. «Вы — папуасы», — ацэньваючы веды прысутных, прыязна кажа калега, і тыя не крыўдуюць, а працягваюць слухаць, нават не вымагаючы ад місіянэра шкляных пацеркаў ці «вогненнай вады».
Чарнагорац, дарэчы, ніколі не пагодзіцца з тым, што ён — сэрб.
А назваць яго папуасам паспрабуйце самі.
Стойкавічы, Чмутовічы, Прайдзісьветавічы
Чарнагорцы, як і твае суайчыньнікі, — розныя, што, безумоўна, упрыгожвае іхнюю краіну.
Сямідзесяцігадовы Пэтэр Стойкавіч, уладальнік маёнтку на беразе Котарскай затокі, за сваім гасьцінным сталом прызнаецца табе, што больш за ўсё на сьвеце любіць віно і жанчын. Віна ён спажывае ў сярэднім чатыры літры за дзень. Колькасьць жанчын не ўдакладняецца.