Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Шоні-бацька таксама нагадваў Міхася Стральцова, бо любіў шматмерна й шматзначна маўчаць, выцадзіўшы перад гэтым шклянку віна, празь якую спачатку абавязкова трэба было зірнуць на сонца, што радасна купалася ў рубінавым хмелі. Віно рабіла Шоневы вочы яснымі і празрыстымі, і ён углядаўся ў мінулае, калі пад парослай шыпшынаю і ажынамі гарой сустракаўся з сваёй Ёланкай, калі, рыхтуючыся да вясельля, употай ад бацькоў і каханай наведваў з мэтаю набыцьця неабходнага досьведу дом з чырвоным ліхтаром, а потым быў прызваны ў вугорскую армію й гераічна ваяваў кулямётчыкам пад Сталінградам, за што атрымаў два мэдалі.

Ты пазіраў на ласкавае восеньскае сонца праз сваю шклянку і ўспамінаў свайго бацьку, які таксама атрымаў за Сталінград два баявыя мэдалі, і думаў, што каб ён дажыў да гэтых дзён, дык не адмовіўся б выпіць з Шоні за тое, што яны не застрэлілі адно аднаго там, на чужых для абодвух волскіх берагах, а тады з смакам закусіў бы вэнджаным вугорскім салам з папрыкай.

Шоні-малодшы раз-пораз прыносіў зь віньніцы запацелую карафку, а ты марыў пра свае будучыя кнігі ды іхніх чытачоў і асабліва чытачак; пра сустрэчу з Уладзімерам Караткевічам, які нядаўна прыслаў табе ліст, адгукнуўшыся на тваё другое ў жыцьці надрукаванае апавяданьне, па якім ты назавеш першы зборнік; пра тое, што калі-небудзь цябе ўсё ж выпусьцяць за межы СССР і ты зьезьдзіш у Кракаў, а можа, і ў зусім недалёкі адсюль Будапэшт.

Тым часам за Цісаю сядала сонца, і прыходзіў глухаваты сусед Пішта, яшчэ адзін кулямётчык і герой Сталінградзкай бітвы, які ўпарта меў цябе за расейца і ніколі не сказаў табе ніводнага слова па-ўкраінску ці хоць на якой вусьцішнай трасянцы. Вы зь ім так і размаўлялі: ён — па-вугорску, а ты — па-беларуску, але калі аднаго разу засталіся за сталом сам-насам, ты ні з пушчы ні з поля вырашыў пазнаёміць былога кулямётчыка зь беларускай паэзіяй і прадэклямаваў Караткевічавага «Сьнегіра». Гэта была геніяльная ідэя, бо Пішта адразу паверыў, што ты — не расеец, і прынес табе на дарогу трохлітровую біклагу мускатнага віна.

З кожным тваім прыездам Шоні-старэйшы гаварыў усё меней, а потым і зусім замураваў сябе ў празрыстым склепе маўчаньня — адно слухаў сынавы размовы з табой ды паказваў вачыма, каб не забывалі наліць і яму. Бывала, ты трошкі палохаўся бясконцага Шоневага маўчаньня, спрабаваў адстаронена паслухаць самога сябе й думаў: а раптам стары проста зразумеў, што людзі гавораць не таму, што маюць нешта сказаць, а таму, што Госпад аднойчы расслабіўся і надзяліў іх гэтай здольнасьцю...

Трансыльванія

Прахапіўшыся, ты ня кінеш позірку ў вакно, каб паводле надзейнай бабулінай парады сьцерці з памяці нісянеціцу сьненьня, бо хочаш, каб сёньняшні сон праявіўся ва ўсёй сваёй выразнасьці й шматфарбнасьці.

Ты стаяў перад дзіўным дрэвам: адны ягоныя галіны шамацелі густой лістотаю, на другіх сьпелі слуцкія бэры, на трэціх красавалі кветкі-«завушніцы», або, як іх яшчэ называюць, «разьбітае сэрца», вунь на той галіне сьпявалі птушкі, на гэтай уладкаваўся цэлы партызанскі атрад і пара рыцараў у поўным рыштунку, а на тую выйшлі шчыльнымі радамі й расьселіся, зьвесіўшы ногі ды хвасты, збольшага знаёмыя істоты, напэўна — дамавікі, лесавікі й хохлікі... Некаторыя галіны толькі пачыналі распускацца ці запаўняцца рознымі дзівоснымі стварэньнямі, а некаторыя — былі непрыкаяна голыя й самотна зыбаліся пад ветрам. Ты стаяў перад дрэвам, нейкі голас падказваў табе, што гэта — дрэва беларускага прыгожага пісьменства, і ўжо там, у сьне, ты прасякаўся глыбокай асабістай адказнасьцю за росквіт роднае літаратуры, за яе месцамі непрытульна голае вецьце, за неасвоеныя жанры, формы ды тэмы...

«Пракруціўшы» сон, ты нарэшце дазваляеш сабе вызірнуць у вакно і высьвятляеш, што аўтобус коціцца па Трансыльваніі, або, па-нашаму, Залесьсі, дзе калісьці княжыў Іштван Батары, а па-нашаму Сьцяпан Батура, што ад 1575 году быў вялікім князем тваіх продкаў-ліцьвінаў.

Недзе тут, сярод зялёных спадзістых пагоркаў, прыйшоў на сьвет Батураў супернік, а затым сябар і хаўрусьнік Каспар Бэкеш, што праславіўся як ваявода, адбіваючы ў Інфлянцкую вайну ў маскоўцаў Полацак, а яшчэ болей — як мысьляр, што не вызнаваў аніякай рэлігіі, у выніку чаго пасьля ягонае сьмерці ў Горадні ні касьцёл, ні царква не далі дазволу хаваць вялікакняскага паплечніка на сваіх могілках. Прадбачачы гэткую нявыкрутку, Бэкеш загадзя паклапаціўся пра эпітафію («...не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд...»), зь якой яго й пахавалі на стромым беразе рэчкі Вільні ў вашай тагачаснай сталіцы.

Яшчэ больш складаныя стасункі з Богам меў народжаны ў Трансыльваніі твой вясёлы румынскі аднайменьнік Улад Дракула, згадка пра якога адразу робіць больш акрэсьленым твой намер азеляніць у айчыннай літаратуры якую-небудзь голую галіну.

Ты напішаш мастацкі твор пра беларускіх вампіраў. Менавіта пра беларускіх — нацыянальна-арыентаваных, сьвядомых прыхільнікаў дзяржаўнага сувэрэнітэту Бацькаўшчыны, якія, у прыватнасьці, адназначна супраць увядзеньня ў якасьці валюты расейскага рубля. Гэта ўжо другое пакаленьне незалежнікаў. Яны вырасьлі ў беларускіх сем’ях і таму маюць адметныя імёны — Рагнеда, Усяслаў, Франак, магчыма, Караліна...

Героі знаходяць адзін аднаго яшчэ ў студэнцкія гады. Ствараюць і рэгіструюць суполку ТБМ, а затым, па меры сталеньня, і БНФ. Акуратна сплачваюць складкі, падтрымліваюць беларускую прэсу, бяруць удзел у акцыях. Адна з гераіняў працуе на станцыі пераліваньня крыві, яе сябар — у навукова-дасьледчым інстытуце гематалёгіі. Якраз яму шчасьціць зрабіць адкрыцьцё: іхні ўкус, аказваецца, ня толькі перадае своеасаблівую бацылу вампірызму (якую, зрэшты, нескладана заблякаваць, каб папуляцыя не набыла пагрозьлівых для ўласнага існаваньня памераў). Адначасова ўкус прышчапляе, так бы мовіць, паддосьледным беларускую нацыянальную сьвядомасьць. Адкрыцьцё пераварочвае даволі аднастайнае існаваньне суполкі, што разумее, які неацэнны даробак можа ўнесьці ў сьвятую справу вяртаньня роднае краіны ў Эўропу. Пасьля чарговае акцыі апазыцыі грацыёзная супрацоўніца станцыі пераліваньня крыві выбірае першы аб’ект — бамбізу-палкоўніка, што кіраваў жорсткім разгонам дэманстрантаў, і заваблівае яго ў ціхі менскі дворык, дзе ў альтанцы чакае ўся дружная суполка. Астатняе — справа тэхнікі...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: