Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Чарнагорскія гарады выглядаюць сьветлымі і вясёлымі, асабліва ў параўнаньні з сэрбскімі (найбольш панурым і прыгнобленым табе падасца Бялград). Рэч ня столькі ў разбураных натаўскімі бомбамі будынках, якіх даволі няшмат, колькі ў агульным настроі людзей, бо бомбы сыпаліся на галовы ўсім сэрбам, незалежна ад стаўленьня да рэжыму Мілошавіча.

Чарнагорыю не бамбавалі, і гэта надае яе жыхарам упэўненасьці й самапавагі. Нават авечкі ды козы, гледзячы на гаспадароў, трымаюцца тут з большай годнасьцю, чым у Сэрбіі.

Сябар Мілошавіча

Маладая экскурсаводка паведамляе, што адзіным, хто адкрыта падтрымліваў палітыку Слабадана Мілошавіча, быў прэзыдэнт тваёй краіны. Твар у дзяўчыны абсалютна непраніклівы, і ты ня можаш здагадацца пра яе асабістае стаўленьне да згаданага факту.

Пасьля кароткай пярэрвы экскурсаводка з гэткім самым тварам дадае: «Сейчас деятельность Милошевича на посту главы государства является предметом рассмотрения Гаагского международного трибунала».

Мора

Простае чалавечае шчасьце — прыйсьці ў сьпёку на марскі бераг. Але хвалі сёньня вышэйшыя за твой рост. Калі хочаш паплаваць, галоўная праблема — увайсьці ў гэтую пенлівую стыхію, а потым выбавіцца зь яе, бо хвалі сьпярша не пускаюць у мора, а пасьля, адчуўшы сваю ўладу, не выпускаюць на бераг. Найлепей нырцануць у хвалю, адплысьці ад паласы прыбою і, супакоіўшы дыханьне, гайдацца на аквамарынавых валах, гледзячы на крануты лазуркавай смугою горны хрыбет і разважаючы пра тое, што твайму народу не стае ня толькі выйсьця да мора, але і выйсьця да неба — гораў.

Аднак усё гэта — тэорыя. Пакуль што ты сядзіш на гарачых чорных камянях і назіраеш, як у мора заходзіць юнак зь дзяўчынай. Стоячы тварам да пляжу, яны дурэюць, пырскаюцца, сьмяюцца, ня бачачы, як да іх ціха падкрадаецца неверагодна прыгожая смарагдавая хваля. Яна ўмірг вока закіпае, зь невераемнай лёгкасьцю валіць шчасьлівую парачку з ног, валачэ яе на бераг і таксама імкліва адкочваецца. Хлопец ускоквае на ногі, а дзяўчына застаецца бездапаможна ляжаць. Ён адцягвае сяброўку далей, перагінае танклявае загарэлае цела, і з роту ў дзяўчыны б’е фантан вады. Купальніца зь цяжкасьцю выпростваецца, зьняможана сядае на пляскатыя камяні...

Зараз ты можаш уявіць, як гэтае, самае цёплае й ласкавае, самае чыстае ў тваім вандроўным жыцьці мора на такой вось, да калена, глыбіні забрала жыцьцё твайго колішняга суседа Міколы Селешчука, мастака з заўсёднай затоенай ў нібыта вясёлых вачах тугою. Зачаравана гледзячы на хвалі, ты ўяўляеш, як Мікола гушкаўся на іх, адно ня тут, а на італійскім беразе, і гульня фантазіі не палохае цябе, а толькі мацней вабіць да небясьпекі. Ты разганяесься па ўтрамбаваным прыбоем жвіры, даеш нырца ў высачэзную хвалю, усплываеш на глыбіні, павялічваеш адлегласьць ад берагу мэтраў да ста і гушкаесься хвіліну, пяць, дзесяць. Узьлятаеш, падаеш, апынаесься паміж двума рухомымі зялёнымі мурамі, з радасным заміраньнем сэрца зноў узьлятаеш... І тады зьнячэўку цябе апаноўвае дзікі страх: а раптам схібіш, не затоіш, калі трэба, дыханьне, не ўпільнуеш моманту, дасі хвалі пракаціцца церазь цябе, забіць вадой лёгкія... Ты ліхаманкава плывеш да берагу, ды страх — дрэнны хаўрусьнік, і хваля ўсё ж накрывае цябе. Глытаеш салёную ваду, задыхаесься, аднак бераг ужо пад нагамі, і празь дзесяць крокаў ты расьцягваесься на цёплым ручніку, яшчэ лепш разумеючы, як адляцела ў вырай таленавітая Міколава душа.

Ёсьць меркаваньне, што літаратуру ад бэлетрыстыкі адрозьнівае наяўнасьць мэтафізыкі. Магчыма, такі крытэр вызначэньня «сапраўднасьці» можа прэтэндаваць на ўнівэрсальнасьць. У творах Міколы Селешчука мэтафізыка заўсёды прысутнічала. Не абышлося безь яе і ў ягонай сьмерці: кажуць, гэта здарылася назаўтра пасьля паездкі ў Рым, дзе Мікола марыў пабыць ад самага дзяцінства.

Брук

Чарнагорскі Котар, вядомы ўжо дваццаць тры стагодзьдзі, найбольш уразіць цябе не затокай — самым паўднёвым у Эўропе ф’ёрдам, які Бэрнард Шоў назваў найпрыгажэйшым кутком сьвету; не тысячагадовым саборам Трыфана з адсечанай галавой сьвятога ў срэбнай рацы; не тэатрам, дзе колькі вечароў бавіў Напалеон Банапарт.

Наймацней цябе ўразіць тутэйшы гарадзкі брук — то крэмавы, то вясёлкавы, то бел-чырвона-белы. Высьлізганы да амаль люстранога бляску (па ім, напэўна, можна коўзацца, як па лядовых дарожках), ён грэе, робіць стамлёныя ногі сьвежымі і пругкімі, запрашае зьняць красоўкі ды пахадзіць басанож. Сваю жыцьцядайную энэргію ён перадае нават табе, чужынцу, — каб ты, няхай на гадзіну, пачуўся тут сваім, адказным за чысьціню й спакой, за рэнэсансавыя, гатычныя й барокавыя фасады, за старасьвецкія ваканіцы, за якімі хаваюцца сучасныя плястыкавыя вокны, за мову, якой гавораць цемнавалосыя смуглявыя дзеці...

Пабыўшы ў Котары, ты разумееш, чаму ў тваім дзяцінстве і юнацтве ў Менску, Полацку, Віцебску ішло зацятае змаганьне з брукам, які зразалі бульдозэрамі або закатвалі пад асфальт. Табе цікава, якую энэргію будзе выпраменьваць той штучны брук, што цяпер похапкам кладуць паўсюль ад тваёй сталіцы да Пружанаў.

Ціхае кананьне кірыліцы

У котарскай кнігарні зьвяртаеш увагу на падручнік «Вучым лацінку». Ты зьдзіўляесься, бо аніводнага надпісу на кірыліцы — ні ў рэкляме, ні ў мэню кавярні, ні ў графіці — ты так і не сустрэў. Абсалютная большасьць кніжак — таксама на лацінцы. Кірыліца ціха канае ўва ўсёй Чарнагорыі. Лацінка ўжо дамінуе і ў Сэрбіі. Пасьлядоўна трымаюцца за кірыліцу, гэтаксама, як і за юліянскі каляндар, адно праваслаўныя манастыры й храмы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: