Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

15.06. Калi на першым курсе ўнiвэрсытэту мы былi «на бульбе» пад Койданавам, я жыў у глухога дзеда-бабыля. Першай адметнаю дэтальлю iнтэр’еру ягонае хаты была этажэрка з адной-аднюткаю кнiжкай — «Как закалялась сталь». Другой — рэпрадуктар часоў Малянкова і Кагановiча. Дзедава радыёкропка балабонiла й сьпявала ад ранiшняга гiмну да паўночнага, прычым заўсёды на максымальнай гучнасьцi. Аднаго разу я, ня вытрымаўшы дуэту гаспадаровага храпу і ненавiснай чорнай талеркi, падкраўся да яе ды падкруцiў рэгулятар. Храпеньне iмгненна абарвалася, i дзед зусiм нясонным голасам растлумачыў мне, што за «радзiву» ён плоцiць на ўсю катушку, а таму і гаварыць яна мусiць бесьперапынна. «Ня хочаш спаць, чытай кнiжку!» — сказаў дзед i зноў захроп. Змагаючыся з узгадаванай у школе i ў камсамоле, далiкатна кажучы, непрыязнасьцю да праграмнай савецкай лiтаратуры, я ўзяў з этажэркi знакамiты твор М. Астроўскага. Пад абцёрханай вокладкаю аказалася Эвангельле.

Першае ўражаньне, як i каханьне зь першага погляду, заўсёды падманнае, узгадаўшы койданаўскую iлюстрацыю да праблемы нацыянальнае мэнтальнасьцi, думаю я, назiраючы, як мой сусед, польскi дзед з абсiвераным да бурачковага колеру сялянскiм тварам, штораз падазрона прынюхваючыся, даядае свой дэсэрт: акуратна высыпае ў рот пакецiк солi, сьледам — чырвонага перцу, потым — пакецiк сухiх вяршкоў, за iмi — цукру i ўрэшце запiвае гэтыя самалётавыя прысмакi несалодкай гарбатаю. Тым часам перад нашым «Боiнгам» з акiянскае сiнечы вырастае фантастычны айсбэрг Грэнляндыi.

Польская авiякампанiя «Lot» частуе так шчодра, што я расплюшчваю вочы ўжо над паўночнай Канадаю, дзе Госпад дасхочу паштукарыў, ствараючы раскiданыя па тамтэйшай тайзе азёры, у абрысах якiх можна пазнаць то сплеценых у экстазе каханкаў, то нянаскага зьвера жырафу, то вершнiка, што гонiцца за адным маiм знаёмым прэзыдэнтам...

Пашпартны кантроль у нью-ёрскiм аэрапорце Кенэдзi зноў змушае ўспомнiць хату койданаўскага эвангелiста: пад скураной абгорткаю з «Пагоняй» амэрыканскi памежнiк знаходзiць тую самую «краснокожую паспортину», але, у адрозьненьне ад свайго калегi зь лёнданскага аэрапорту Гiтроў, усё ж не выпраўляе ў маёй анкеце «Belarusian» на «Russian».

Першае пытаньне, якое я чую з вуснаў заакiянскiх беларусаў: цi праўда, што нехта восем начэй запар уздымаў над Маладэчанскiм гарсаветам бел-чырвона-белы сьцяг?

16.06. У царкве сьвятога Кiрылы Тураўскага ў Рычманд-Гiле, Нью-Ёрк, уваччу зьнячэўку паплылi менскiя «кадры» з Домам ураду да і пасьля рэфэрэндуму. Калi і вы захочаце пракруцiць гэтую «хронiку», дык пераканаецеся, што наш сьцяг сапраўды лунаў. Гэта было ягонае неба, у якое ён iмкнуўся, зь якiм суладна зьлiваўся, нечым нагадваючы бусла, якога за выкапанымi прэзыдэнтам памежнымi слупамi ўжо амаль не сустрэнеш. А паспрабуйце ўявiць, каб лунаў сьцяг «усенароднапрэзыдэнцкi». Ну што пра яго скажаш? Вiсiць, трымцiць, трапечацца... Прадчувае свой лёс.

Перад срабрыста-зялёным паралелепiпэдам ААН над Iст-Рывэр на флагштоку пакуль што кожную ранiцу ўздымаюць сьцяг, надзелены здатнасьцю лунаць. Яго маленькiя бел-чырвона-белыя копii можна набыць у аанаўскай сувэнiрнай крамцы ў выглядзе настольных сьцяжкоў, значкаў i брыжыкаў.

Выбiраючы сабе тавар, па вачах мурына-гандляра заўважаю, што ён яўна нешта чуў. Цi застаюцца гэтыя сьцяжкi нацыянальнымi? — занепакоена пытаецца мурын. Пытаньне сфармуляванае так удала, што я магу, не пазычаючы нi ў кога вачэй, запэўнiць вiзавi, што застаюцца, а каб адказ прагучаў больш важка, прашу яшчэ дзясятак «падрыўных» брыжыкаў.

Побач з будынкам Аб’яднаных Нацыяў вы можаце агледзець падарунак СССР — твор скульптара Вучэцiча «Перекуем мечи на орала». Хтосьцi з турыстаў пакiнуў каля гэтай адлiтай у мосенжы савецкай абяцанкi-цацанкi прыцiснутую каменьчыкам газэтную старонку з фатаздымкамi зруйнаванага Грознага i радка трупiкаў чачэнскiх дзяцей.

Люксэмбурскi падарунак у выглядзе ўсталяванага на п’едэстале пiсталета з завязанай на вузел руляю выдае больш шчырым.

Ужо ў касмапалiтычным Нью-Ёрку (у глыбiнцы любая традыцыя трыкроць мацнейшая) на кожным кроку сустракаесься з культам амэрыканскага сьцягу. Дагледжаныя зорна-паласатыя палотны зьвешваюцца з падваконьняў, аздабляюць дахi, вiтрыны i ўваходы ў офiсы. Каб у Менску цi ў Полацку я ўбачыў столькi чырвона-зялёнай тканiны, дык заставалася б адно намылiць вяроўку. Аднак гэткая сьмерць мне не пагражае. Цi здольныя вы ўявiць здаровага грамадзянiна Рэспублiкi Беларусi, якi на досьвiтку ўрачыста ўздымае прэзыдэнцкi сьцяг каля свайго дому, а ўвечары ня менш урачыста спускае яго ў промнях нiзкага сонца?

Мiж тым такую цырымонiю зь сцягам ЗША я зноў i зноў назiраю з аўтамабiля, за рулём якога — мой даўнi знаёмы, жыхар штату Пэнсыльванiя Васiль Мельяновiч. У зеленаватай смузе адплываюць падобныя да зробленай Гулiвэрам выцiнанкi абрысы мангэтанскiх хмарачосаў. Мы едзем да Васiля ў амэрыканскi Гановэр. Сёе-тое пра адносiны майго кiроўцы да Беларусi могуць сказаць драбнiцы: два цыфэрбляты на гадзiньнiку, стрэлкi якiх паказваюць час з разьбежкаю на сем гадзiнаў...

Калi хтосьцi мяркуе, што самая кансэрватыўная ў заходнiм сьвеце краiна — Вялiкабрытанiя, дык паездка па амэрыканскiх аўтастрадах моцна пахiсьне гэтую ўпэўненасьць. У адрозьненьне ад уладаньняў яе вялiкасьцi каралевы, тут вы нiдзе не сустрэнеце нi дарожных паказальнiкаў з кiлямэтрамi — суцэльныя мiлi (а на гольфавых пляцоўках — ярды й iнчы), нi бэнзазаправак з коштамi за лiтар. Як вам ня проста ўцямiць, што такое галон, так ня кожнаму тубыльцу ўтлумачыш, што такое кiляграм. Пра тэмпэратурную шкалу Цэльсiя ён нешта чуў, але карыстаецца выключна градусамi паводле Фарэнгайта, збольшага знаёмымi нам дзякуючы раману Рэя Брэдбэры, што, як мне памятаецца, некалi зьбiраўся пасьля пяцiдзесяцi гадоў канчаць жыцьцё самагубствам, бо лiчыў, што за гэтай мяжою жыць мужчыну ўжо проста няварта, але вось пасьпяхова жыве далей, маючы магчымасьць гэтаксама, як i мы, са смакам павячэраць на мяжы штатаў Дэлавэр i Мэрылэнд i выпiць кубачак кавы на мяжы Мэрылэнду з Пэнсыльванiяй.

17.06. Вынiкi падарожжа па заснаваным землякамi Гётэ й Шылера ўтульна-двухпавярховым Гановэры падводзяцца ў швэдзкай рэстарацыi: $8 за ўваход, i маеш права, нiчога больш ня плацячы, не выходзiць, пакуль ня зробiцца млосна. Мяркуючы па аб’ёмах добрай паловы наведнiкаў, менавiта такiм чынам яны й звыклi бавiць вольны час.

Едучы па спадзiстых, як у нас на Наваградчыне, зялёных пэнсыльванскiх узгорках, гаворачы з спадарожнiкам па-беларуску, слухаючы касэтку з запiсамi фальклёрнага гурту «Янка», сустрэтага спадаром Васiлём у падземным пераходзе каля Камароўкi, ловiш сябе на тым, што ты ўжо неўпрыкмет прыняў iснаваньне гэтае iдэальнае Беларусi з кандыцыянэрамi ў машынах (на вулiцы 90° паводле Фарэнгайта) i «Макдоналдзамi» на ўзбочынах як рэальнасьць i нават пасьпеў досыць выгодна ўладкавацца ў ёй.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: