Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Улякнуўшы ў падваротні нейкую даму з сабачкам, падымаюся ў знаёмым ліфце. Гэтым разам сьвятло запальваецца ў ім адно тады, калі я, зачыніўшы дзьверы, нейкім дзівам намацваю ў мораку патрэбную кнопку.

У майстэрні праблемаў зь сьвятлом ня ўзьнікла, аднак зьявіліся іншыя: а дзявятай гадзіне вечара адначасова адключыліся водаправод і ацяпленьне.

За вокнамі рэдзенька сьвяціўся гатэль «Латвія» і ляжала цёмная, як цешчына вёска, сталіца незалежнае Латвійскае Рэспублікі.

Я доўга пахаджаў па выстылым гарышчы, піў сам з сабою сьветлае грузінскае віно, ад якога рабілася яшчэ халадней, і гаманіў з жанчынаю з-пад Ваўкавыску.

Стоена й гаркава пахлі прывялыя бэзавыя хрызантэмы. Шкрэблася ў кутку адубелае мышанё. У цьмяным старадаўнім люстры клубіліся мае й чужыя ўспаміны.

Майстэрня напоўнілася гаманою, шэптамі, пацалункамі... Я крыху распрануўся і даў нырца пад тры коўдры, дзе ўжо даўно, скруціўшыся ў клубочак, соладка пасопвала на канапе мая азяблая душа.

З усіх рыскіх пеўняў найбліжэй да неба той, што атайбаваўся на саборы сьвятога Пятра. Падняўшыся на сотню мэтраў, я стаю пад ягоным крылом і гляджу ў бок мора. Зьнізу, з пляцу, плыве ў марозным паветры музыка: скрыпка, акардэон і басэтля. Такую мэлёдыю, толькі выдзьмутую з дуды-дудаса, я чуў на вясковым беларуска-латыскім вясельлі паблізу Рыгі, дзе пазнаёміўся з Андрысам.

Андрыс адседзеў тры гады за тое, што павесіў над сельсаветам латыскі нацыянальны сьцяг. «Запомни, Володя, — казаў ён мне, — русские никогда не будут здесь хозяинами. Если бы ты был русский, я бы с тобой не сел выпить». Праз пару месяцаў Андрыс у штармавую ноч уцёк на маторцы на швэдзкую выспу Готлянд.

Спусьціўшыся з сабору, можна паслухаць музыкаў, пакласьці ім нешта ў капялюш і рушыць далей. А можна і не пакласьці.

Але зусім ня так проста разьмінуцца з музыкамі, што ўладкаваліся ў вузкім аркавым праходзе па дарозе да сабору сьвятога Яна. На выхадзе скрыпач, не пакідаючы граць, заступае вам дарогу, у пяшчотным голасе скрыпкі праразаюцца сталёвыя ноткі эпохі незалежнасьці й эканамічнага абвалу, і рука сама сабою цягне з кішэні пяць рублісаў.

У электрычцы, што вязе мяне ў Юрмалу, да мора, я разгортваю сьвежы нумар газэты «Советская молодежь». Зрэшты, так газэта звалася раней. Цяпер гэтае заслужанае выданьне выходзіць пад таямнічай назваю «СМ — сегодня». Што такое СМ — здагадвайцеся самі. «Современная молодежь? Совковая? Суверенная? Счастливая?» А ня выключана, што і «М» — гэта зусім не «молодежь». «Макулатура? Макуха? Малина?..» Што б там ні было, два тузіны бутлікаў дэзадаранту для цела «Лунная ночь», што стаяць каля ліфта ў Вячкавым пад’езьдзе на Брывібас, выжлукціла відавочна СМ.

На першай старонцы эксклюзіўнае інтэрвію з намесьнікам камандзіра былога рыскага ОМОНу. «Год пребывания в следственном изоляторе мало изменил его внешне, — з замілаваным дамскім прыдыханьнем паведамляе газэта, — разве что прибавили взрослости усы. В свои 32 года он по-прежнему любит покушать, но теперь вынужден еще глотать таблетки: развившийся здесь ситуационный невроз и заметно усилившийся логоневроз (заикание) — симптомы условий жизни, изменившихся не по его воле». Значыцца, жыў-быў сабе сьціплы расейскі хлопчык, «кушал», хадзіў у бібліятэку чытаць кніжкі і раптам — ні з пушчы, ні з поля — «изменились условия жизни».

Прафэсійна акцэнтаваны здымак: бамбіза ў профіль з кветачкай у руцэ, на заднім пляне — кр'aты і ахоўнік. «Я просто хочу дать им шанс», — пачынае інтэрвію гаротны намесьнік камандзіра. Дыяпазон шанцаў, што даюць хлопцы з такімі патыліцамі, настолькі вузкі, што чытаць далей нецікава.

Станцыя Прыедайнэ. Тут жыве мастак Валера Дэвіскіба. «Дэ» пішацца разам, бо Валеры ніякі не віконт і ўвогуле не француз, а беларус, якога маці нарадзіла ў фашыстоўскім канцлягеры і які потым падаўся зь Беларусі шукаць шчасьця ў Эўропу — у Латвію. Праўда, Бацькаўшчына не адпускала, і Валера то маляваў Скарыну, то ехаў з паходным мальбэртам на родную Гомельшчыну, дзе быў затрыманы міліцыяй у прыстанцыйнай прыбіральні, калі мыў запэцканыя фарбамі рукі: нейкі пільны наведнік паведаміў, што забойца змывае кроў.

Аднойчы Валера стварыў мой партрэт. Гэта здарылася ў чарнобыльскім 1986 годзе, калі я прыехаў на ўзмор’е ў пісьменьніцкі Дом творчасьці «Дубулты».

За сьценамі нашага флігелю шумела мора і — кантрапунктам — прыбярэжныя хвоі. У бары можна было ўбачыць нездаровы азызлы твар рэдактара «Литгазеты» і аднаго з фурманаў яшчэ нерастрэсенага возу СП СССР Аляксандра Чакоўскага зь нязьменнаю люлькаю ў зубах. Па беразе, дыхаючы марскім паветрам, ад відна да відна шнуравалі натоўпы адпачывальнікаў; сярод іх быў мой сусед па сталоўцы маскоўскі быццам бы літаратар, што паўсюль цягаў з сабою яшчэ рэдкі тады мініятурны «Panasonic» і колькі разоў напужаў субратоў па пяры, пракруціўшы іхнія выказваньні наконт «Софьи Власьевны», як дзеля кансьпірацыі яны называлі савецкую ўладу. Уладар «Panasonic»’а пазнаёміўся з пагляднай гамяльчанкаю ды канфідэнцыйна пацікавіўся ў мяне, ці перадаецца радыяцыя палавым шляхам. Я, вядома, запэўніў калегу, што абавязкова перадаецца, прычым у небясьпечных дозах.

Стаяў халодны, з прымаразкамі, верасень, але ў нашых пакоях было так цёпла, што я спаў пад адной прасьцінай. Аднае начы я прачнуўся ад вусьцішнае халадэчы і, надзеўшы на сябе ўсё, што меў, да самае раніцы ляскаў зубамі. На пытаньне, чаму выключылі ацяпленьне, пакаёўка сказала, што ўначы ад’ехаў у Маскву таварыш Чакоўскі.

Найбольш пакутаваў ад холаду мой сусед зьлева, сівы кульгавы сын каўкаскіх вяршыняў. Ён распачаў з дырэктарам Дому творчасьці барацьбу за грамадзянскія правы шараговых пісьменьнікаў, сабраў подпісы, і праз тыдзень батарэі зноў нагрэліся. Шчасьлівы змагар у адзіноце адзначыў перамогу, выйшаў з нумару і, забурыўшыся, са страшэнным грукатам скаціўся па стромкіх драўляных сходах на першы паверх.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: