Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Наступнае пытаньне: ці адчуваеце вы, што немцы да вас халодныя й абыякавыя? Мірэла спраўляецца з адказам хутка. У мяне так не атрымліваецца. Я кажу пра нашу балцкую кроў і пра тое, што балцкія леўкацыты й эрытрацыты нясуць па жылах беларусаў балцкую стрыманасьць. Я кажу, што люблю, каб мяне не чапалі, каб ня лезьлі ў душу і не прапаноўвалі дзюбнуць за вуглом «пузыр» на траіх, закусіўшы рукавом ці плаўленымі сыркамі. Я кажу, што не хачу, каб мяне, ухвальна паляпваючы па плячы, называлі «простым парнем». Я не хачу быць гаваркім і не хачу выслухоўваць споведзі незнаёмых людзей. Я выказваю здагадку, што, напэўна, гэтыя рысы ўласьцівыя сярод беларусаў ня толькі мне.

Пакуль Мірэла перакладае, я ўспамінаю старую показку, як Васіль Іванавіч вяртаецца з Парыжу. «Што новага, Васіль Іванавіч, прывезьлі з Парыжу?» — пытаецца Пецька. «Ня ведаю, Пецька, яшчэ да доктара не хадзіў», — адказвае легендарны камдыў. Калі б я ведаў нямецкую мову або калі б не шкадаваў Мірэлы, я распавёў бы зараз яшчэ й гэтую показку і, інтрыгуючы публіку, паведаміў бы, што таксама заразіўся. Вытрымаўшы неабходную для належнага эфэкту пярэрву, я супакоіў бы чытачоў і асабліва чытачак, удакладніўшы, што ў Гановэры я заразіўся зусім не AIDS, а — нямецкім спакоем.

Эўропа робіцца бліжэйшаю. Вось і Бэрлін ужо ня мэта падарожжа, а ўсяго толькі прыпынак на зваротным шляху. Але гэта — ня спляжанае бальшавікамі старадаўняе мястэчка, празь якое я еду зь Менску ў свой Полацак, у лепшым разе выходзячы на стаянцы да ветру. Немцам падабаецца, калі Бэрлін называюць новай сталіцай Эўропы. Мне цікава, што зьмянілася ў сталіцы за год, пакуль я не бадзяўся па Кюрфюрстэндам і Аляксандар-пляц, і я выходжу зь цягніка. Балазе, у Бэрліне, а дакладней, у яго былым заходнім сэктары жыве мая знаёмая — спадарыня Ядзьвіга зь беларускага шляхецкага роду Рымашэўскіх, якая, трапіўшы ў Нямеччыну пяцьдзясят гадоў таму й дасканала авалодаўшы моваю, сумысьля захавала сабе беларускі акцэнт. Дзіва, што яна сустракае мяне, калі не як роднага сына, дык, прынамсі, як роднага пляменьніка.

Калі вы глядзелі фільм «Генэралы пясчаных кар’ераў», дык мусіце памятаць кульгавага хлопчыка, што на колькі дзён трапляе ў багаты дом. Адрозна ад кінахлопчыка, я пакуль не кульгавы, не распавядаю сьлязьлівых гісторыяў пра татаву сьмерць і ня маю сувязяў у крымінальным сьвеце. Усё астатняе вельмі падобнае да фільма.

У доме спадарыні Ядзьвігі, апрача яе з мужам Гэльмутам, жывуць трынаццаць катоў на чале з заснавальніцай гэтай кашэчай дынастыі Паўлінай, якая сыта вуркоча ўжо цэлую чвэртку стагодзьдзя. Каты, якім я прывез прывітаньне ад іхняй схільнай да адзіноты менскай супляменьніцы Басоты, падзяляюцца на «сацыялістычных», што кватаруюць на цокальным паверсе, і «капіталістычных», якія па-гаспадарску пачуваюцца наверсе. Падзел чацьвераногіх гаспадароў паводле сацыяльна-эканамічных фармацыяў чыста ўмоўны, бо розьніца ва ўзроўні іх жыцьця ў літаральным сэнсе палягае ў прасторы. Проста «сацыялісты» ня любяць чужых людзей. За колькі тыдняў да майго прыезду менавіта «сацыялістычны» паверх гэтай Мурлындыі, узьняўшы страшэнны вэрхал, папярэдзіў гаспадароў, што ў дом залезьлі злодзеі.

Колькасьці катоў у доме прыкладна адпавядае колькасьць гадзіньнікаў. Усе яны з боем, прычым ідуць з разьбежкаю, і раней за дванаццаць ночы спаць нязвыкламу чалавеку тут лепей ня класьціся, бо апоўначы ў пакоях пачынаецца сапраўдны канцэрт.

У адведзеным мне пакоі, які разы ў тры большы за ўсю маю менскую двухпакаёўку, стаіць на століку фатаграфія немаладога афіцэра ў эсэсаўскай форме са стамлёнымі разумнымі вачыма. Гэта ня бацька гера Гэльмута. Гэта першы муж спадарыні Ядзьвігі — Фрыц. Іхняе каханьне пачалося ў 1941-м у Калодзішчах, пад Менскам, дзе стаяла Фрыцава вайсковая частка. За сувязь са славянкаю, а мабыць, і за іншыя грахі, накшталт лібэралізму з палоннымі, Фрыца перавялі ў Нямеччыну, але туды вывезьлі й Ядзю Рымашэўскую, і яны не маглі зноў не сустрэцца.

Фрыц напісаў на імя фюрэра рапарт з просьбаю дазволіць шлюб. Дазвол быў атрыманы з умоваю неадкладнай адстаўкі, што азначала застацца бяз сродкаў і жыць пад каўпаком спэцслужбаў. Ішоў 1944-ты. На шлюбным фота спадарыня Ядзьвіга ў чорнай сукенцы.

Фрыца няма ўжо болей за трыццаць гадоў. Перад ягонаю фоткаю кожны дзень стаяць кветкі. Побач з кветкамі ляжыць Фрыцава люлька (мая гаспадыня пяшчотна называе яе піпачкай). Дваццаць гадоў пасьля мужавай сьмерці спадарыня Ядзьвіга, гледзячы на «піпачку», чула выразны пах дыму, і яе душа заходзілася ад адчуваньня блізкай прысутнасьці каханага.

Гісторыя другога замуства дачкі беларускага шляхціча Адама Рымашэўскага таксама вартая калі не раману, дык аповесьці. Назаўтра пасьля хаўтураў фраў Шміт прыйшла на клады, выпіла пляшачку, абняла сьвежы грудок і прачнулася ўначы паміж надмагільных помнікаў.

Удава прыходзіла на клады штодня — то сама, то з сынам. Аднойчы да яе ў дзьверы хтосьці пазваніў. На парозе стаяў малады чалавек з букетам. Яго звалі Гэльмут, і ён нядаўна пахаваў бацьку. Адрас ён даведаўся на могілках ад вартаўніка.

Прырода любіць раўнавагу. Фрыц быў гадоў на дваццаць старэйшы за жонку, Гэльмут — амаль на столькі ж маладзейшы, аднак на фатаздымку зь вясельнага падарожжа абняўшыся стаяць аднагодкі. Пра здымкі апошніх гадоў можна, далібог, сказаць тое самае. На маё паведамленьне, што фраў Гэдвіг Ноак — з 1917 году, Мірэла з Сыльвіяй толькі недаверна пераглянуліся й смыканулі плячыма.

Увечары, за кухлем піва, я слухаю ўспаміны спадарыні Ядзьвігі ды разглядваю альбомы — вось дом у Калодзішчах, дзе яны з Фрыцам сустрэліся, вось касьцёл сьвятога Роха са зьбітым сьпічаком (фота рабіў у 1941-м Фрыц). Мы абмяркоўваем нядаўнюю тэлеперадачу пра сэксуальныя пэрвэрсіі, дзяўчатак-філіпінак зь нелегальных прытонаў і шлюбы лесьбіянак. Мая гаспадыня рашуча супраць такіх навацыяў, а я, бадай, не адмовіўся б на колькі дзён пераўвасобіцца ў сямейную лесьбіянку, каб дасьледаваць у такой ячэйцы грамадзтва, напрыклад, праблему адультэру. Пытаньне выглядае даволі неадназначна: як, дапусьцім, ацэньваць сытуацыю, калі нехта зь лесьбійскай сям’і трапіць у абдымкі да мужчыны? Магчыма, гэта «ня лічыцца»?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: