Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Мой сусед зьлева ад холаду не пакутаваў. Ён быў сынам азэрбайджанскага міністра і, мяркуючы па гуках з-за сьцяны, натхнёна зьбіраў матэрыял для будучага сэкс-баевіка.

Пісьменьніца з гораду на Няве на грамадзкіх пачатках крыху займалася маёй адукацыяй. Яна ведала Льва Гумілёва і выклікала зь ім трансцэндэнтныя сілы, пасьля чаго адчайныя экспэрымэнтатары неяк апынуліся ў тэлефоннай будцы на іншым канцы гораду.

Нядаўна Гумілёў апынуўся значна далей. Засталася ягоная тэорыя, згодна зь якой паміж этнасамі існуе невідочная сувязь, што выяўляецца або ў прыцягненьні або ў адкрытым адштурхоўваньні — нешта накшталт узаемадзеяньня плюсавых і мінусавых часьцінак у сьвеце электрамагнітных хваляў. Паводле Гумілёва, на ўзроўні супэрэтнасаў ніякай натуральнай прыязнасьці аднаго да другога нарадзіцца ня можа. Напрыклад — паміж этнасамі заходне- і ўсходнеэўрапейскімі. Прыбалтыку ён адносіў да заходнеэўрапейскага, і яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму, калі яна была візытнаю карткай савецкай імпэрыі (а я разгружаў з турыстычным гуртком вагоны), пісаў, што Балтыя неадменна пойдзе на Захад, бо той лічыць яе хоць і задворкамі, але — сваімі.

З думкаю, да якога супэрэтнасу належаць беларусы і ад каго яны мусяць непазьбежна адштурхоўвацца, я выходжу ў Дубултах з электрычкі і заглыбляюся ў жоўта-зялёныя ад лістоты й колеру будынкаў юрмальскія вулачкі.

Зачыненыя кавярні з бруднымі вокнамі. П’яная расейская жанчына просіць пяць рублісаў на чыёсьці пахаваньне. У двух дзейных шапіках прадаюцца літаратурна-мастацкія творы з сэрыі «Жесткий секс для взрослого чтения» па 10 рублісаў за штуку. «Приключения молодой женщины» заважылі на ўсе 15. Магчыма, іх выдае сын азэрбайджанскага міністра.

Павыбіваныя й застаўленыя фанэраю вокны нацыяналізаванага пансіянату «Прибалтика». Дом творчасьці пісьменьнікаў сёлета таксама вярнулі латыскаму народу, прычым кажуць, што ў працэсе вяртаньня былому дырэктару далі аўтаматным прыкладам па галаве.

Не сказаць, каб я надта шкадаваў адданага прыхільніка графаманскіх раманаў А. Чакоўскага, але ісьці да Дому творчасьці мне неахвота. Замест гэтага я паварочваю да мора.

Ад колішніх гаманлівых гурмаў савецкіх працоўных, што прыяжджалі прыгожа адпачыць і паправіць здароўе працэдурамі ды гарэлкаю «Кристалл» з рыскім бальзамам, цяпер засталося толькі некалькі самотных постацяў. Я вітаюся з морам, і ніхто не замінае нашай элегічнай размове.

З выкінутых хвалямі галінак хтосьці выклаў імя жанчыны, а можа — коткі ці птушкі — Люка. Я падымаю ўторкнутую ў кружок ад літары «ю» гронку рабіны. Ягады халодныя й гаркавыя, але зь іх смакам ня хочацца разьвітвацца.

На станцыі Маяры ўдаецца знайсьці адчыненую кавярню, што сустракае мэлёдыяй «Yesterday» і пахам сапраўднае кавы. Гэтая ўтульнасьць, кава, узьбітыя вяршкі ды булачкі з разынкамі здаюцца асколкамі іншага сьвету, і ў маёй грэшнай галаве варушыцца блюзьнерская антыдэмакратычная й агідная мне самому (але, зараза, варушыцца) думка: што ўсё ж лепей — быць параднай брамаю азіяцкай імпэрыі ці задворкамі эўрапейскай цывілізацыі?

Нешта падобнае відавочна рупіць і маім спадарожнікам па электрычцы. Адна пара гаворыць па-расейску, другая — па-латыску. «Вот и получили Латвию, свободную от всего», — кажа «русскоязычная» кабеціна й апавядае пра якуюсьці ці то кладаўшчыцу ці то таваразнаўцу Веру, што не здала абавязковага іспыту па латыскай мове, бо ня ведала галоўных твораў тутэйшага мэтра жывапісу.

Пра што гамоняць латышы, я не разумею. Не разумею, апрача таго, што гаворка ідзе пра Дайніса Іванса, зь якім я маю гонар быць знаёмым з часоў латыска-беларускага змаганьня супраць праекту Даўгаўпілскай ГЭС.

Мы былі з Дайнісам у 1986-м на водным ральлі пратэсту па Дзьвіне; яно пачыналася на мяжы, у Друі, а таму ў менскіх касах ніякіх квітоў туды не было, хоць бесьперасадачныя вагоны «Менск—Друя» ішлі пустыя.

Я бачыў, як Дайніс ірваўся да мікрафона на абмеркаваньні праекту ГЭС, калі маскоўскі аўтар праекту зь вясёлаю ўсьмешкай даводзіў тубыльцам, што іхнія найбольш каштоўныя архітэктурныя помнікі ў зоне затапленьня вялікія белыя бацькі з Масквы абгародзяць бэтоннымі дамбамі і да іх можна будзе, калі заманецца, падплысьці на чоўне.

Найперш дзякуючы Дайнісу напалову рэалізаваны праект пахавалі. Дзясяткі тысяч людзей у Латвіі й Беларусі засталіся жыць у сваіх дамах, а тая барацьба сталася пачаткам руху, які нарадзіў Народны фронт Латвіі.

Я памятаю, як Дайніс дыктаваў у тэлефон свой артыкул у «Комсомольскую правду» і колькі разоў паўтараў той самы сказ — «Моя Родина больше не желает быть колонией» — бо на другім канцы проваду, відаць, упарта не хацелі разумець такога прыбалтыйскага акцэнту. Мы пілі гарбату ў ягонай цеснай і сырой кватэрцы на першым паверсе нейкай паваеннай развалюхі, дзе Дайніс туліўся з жонкаю Эльвірай і чатырма малымі дзецьмі. (Каб латышы ня вымерлі, кожная сям’я павінна мець як мага больш дзяцей.)

На Каляды 1988 году ён званіў мне ў Наваполацак, шчасьлівы, што ў Латвіі гэты дзень абвешчаны выхадным, і я падумаў, што там, у Рызе, у мяне зьявіўся сябра.

Наступны раз мы пілі гарбату ўжо ў штаб-кватэры Народнага фронту — асабняку ў цэнтры старой Рыгі, над якім быў узьняты чырвона-бела-чырвоны латыскі сьцяг. Потым мы ішлі з Івансам па вуліцы, і жанчыны ўсьміхаліся яму і махалі з вокнаў тралейбусаў.

Пасьля гэтага я доўга бачыў старшыню НФ, а затым першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Латвіі толькі ў тэлевізары. Рыга, Масква, Брусэль, Жэнэва, Нью-Ёрк... Дазваніцца на новую Дайнісаву кватэру было не лягчэй, чым у ягоны кабінэт у парлямэнце. Аднаго разу сакратарка не захацела разумець ніякіх тлумачэньняў і адказвала выключна па-латыску, нават тады, калі я, напружыўшыся, здолеў ёй нешта растлумачыць па-ангельску. Напэўна, я нарваўся на Дзень латыскае мовы, калі дазваніцца да Вярхоўнага Савету можна было толькі латышам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: