Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Адрозна ад трох «шпакоўняў» (плюс адна калёнка з вадою), уторкнутых берасьцейскімі дойлідамі ў смуродныя лужыны на шэсьць кілямэтраў аўтачаргі, сьмецьцевых бачкоў у нашай незалежнай краіне пакуль што хапае.

Бачкі ледзь не штохвіліны правяраюць абходчыкі зь ёмістымі торбамі. У аднаго на торбе партрэт Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова з падмаляванымі гітлераўскімі вусікамі, у другога — лёзунг: «СССР — оплот мира». Часам паміж абходчыкамі ўсчынаецца двубой за пустую пляшку.

Значна спакайнейшая й выгаднейшая іншая прымежная прафэсія — гандаль месцам у чарзе. Адно аўтобуса месца каштуе сто рублёў, а аўтобусаў тут недзе пад паўтысячы. За дзень мытнікі прапускаюць штук трыццаць-сорак. Кажуць, што праблему здымаюць 500 «зялёных», але вы пакуль знаходзіцеся на стадыі пачатковага намнажэньня капіталу, і іх, гэтых «зялёных», ва ўсіх разам набярэцца разоў у дзесяць меней.

Таму вы мітусіцеся паблізу шлягбаўма са сваімі паперамі, а кучаравы капітан з прозьвішчам ці то Гурок, ці то Бурак, зазірнуўшы ў іх адным вокам, пагардліва кідае:

— Пущай сам Шушкевич придет и мне скажет, тада пропущу.

Ягоны калега, зрабіўшы страшныя вочы, абяцае, што ўсё адно будзе правяраць «щацильна».

Каля шлягбаўма гамуе аўтобус зь дзявочай зборнаю па нейкім спорце. Пакуль трэнэр вядзе перамовы з начальствам, юныя спартоўкі просяцца ў паставога:

— Товарищ милиционер, пропустите. У нас соревнования. Нам завтра вечером на помост в Париже выходить.

— Знаем мы ваши соревнования, — міралюбна адгукаецца «товарищ милиционер». — Трахаться едете с французами за доллары. Будете с нами за рубли — тогда пропустим.

Пэрспэктыва пакаштаваць нясьвіскага сала з чырвонай праслойкаю ды пачуць адну з вэрсіяў утварэньня колеравай гамы вашага сьцягу робіцца для кракаўскіх гейналістых усё больш туманнаю.

Ваш апанаваны апошнімі надзеямі аўтобус бярэ курс на Берасьце — шукаць справядлівасьці ў высокіх кабінэтах. Надпіс на ўезьдзе ў горад папярэджвае: «Народы СССР — едины». Мяркуючы па аўтобусных нумарах у чарзе за мяжу ды па агульнай эканамічнай прасторы прымежнага поля, па якім не адважыцца прайсьці басанож нават твой знаёмы серабранкаўскі п’янтос Камінтэрн, — лёзунг кажа шчырую праўду.

Беларускае мовы на берасьцейскіх вулках і ў берасьцейскіх кабінэтах людзі ці то ня хочуць разумець, ці то сапраўды не разумеюць.

— Так вы, ребята, к нам из Белоруссии приехали? — з ухмылкаю пытаецца абласны начальнік. — Как у вас в Белоруссии погода?..

З аднаго кабінэта ў другі вы пераяжджаеце па вуліцы імя Касманаўтаў. Табе згадваецца, як гадоў пяць таму ты быў на сэмінары маладых талентаў у Воршы і прапанаваў сакратару гаркаму партыі, што вучыў вас розуму, назваць аршанскую вуліцу Касманаўтаў імем Караткевіча, які пісаў тут «Дзікае паляваньне караля Стаха». Функцыянэр быў абураны: «Мы на это никогда не пойдем. Такое решение будет идеологически неверным». «Чаму?» — не здаваўся я. «Потому что эта улица названа в честь советских космонавтов». «Яны што, усе разам тут нарадзіліся й жылі?» Партыйны сакратар быў не пазбаўлены пачуцьця гумару: «Они над Оршей пролетали».

Назвы вуліцаў Берасьця сьведчаць, што над ім праляталі Пушкін з Гогалем, Будзённы з цэлым эскадронам бальшавіцкіх башыбузукаў, а таксама Ленін з самім камунізмам.

Няблага вывучыўшы гарадзкую тапанімію «западных ворот советской страны», вы вяртаецеся на шашу і — о, сьвятая наіўнасьць! — спрабуеце заняць у чарзе ранейшае месца. Яшчэ на далёкіх подступах з аўтобуса зь віцебскім нумарам высыпаюцца, як блашчыцы з матраца, дзясяткі два разьятраных жанок ды іхніх няголеных спадарожнікаў.

Ваш аўтобус сутаргава плішчыцца наперад. Хмурныя мужчыны зь Віцебшчыны дакляруюць вам размалаціць каменьнем вокны. Жанчыны дзейнічаюць больш радыкальна. З крыкам:«Проедете по нашим трупам!» яны кладуцца на мокры ад імжачкі асфальт проста пад колы.

Ты выбіраеш сярод залеглых прыгожую маладзіцу ў сьветлай куртцы й пачынаеш яе ўгаворваць зьмяніць пазыцыю. Ты цярпліва даводзіш, што брудны асфальт — ня самае зручнае месца дэманстраваць бясспрэчныя вабноты. Ты пытаесься ў яе імя й тэлефон і, зьвяртаючыся да скарбаў айчыннай паэзіі, кажаш пра духмяныя стагі, дзе жанчыны, як радасны сон на зары.

Маладзіца зь віцебскага аўтобуса прыслухоўваецца да тваёй беларускай мовы, і раптам ейны гожы твар перасмыквае, і яна зь нянавісьцю верашчыць:

— Уйди, хохол бородатый! Тут белорусы по десять суток мучаются, а еще вас понаехало!

Гэта гучыць як прысуд.

Унурыўшы голаў у плечы, ты выцягваеш з аўтобуса валізу зь «Белай Русьсю» й цешчыным салам, спыняеш спадарожны «масквіч», расштурхоўваеш на вакзале колькі падазроных асобаў «кавказской национальности» каля адзінай адчыненай касы, купляеш квіт у цягнік, што ідзе з таго боку, куды цябе не пускаюць, залазіш упершыню ў жыцьці ў абсалютна пусты мяккі міжнародны вагон і праз чатыры гадзіны падыходзіш да свае хрушчобы ў Серабранцы.

Як казаў, прыяжджаючы дахаты ў родную Нарвэгію Фрыт’яф Нансэн, «вяртаньне — прыз кожнага падарожжа».

Твой прыз чакае цябе каля дому ў абліччы суседкі, якая, задраўшы галаву, абураецца, што нехта вывесіў «фашистские флаги». Ты бачыш, што адзін павесілі на гаўбцы твае сыны, другі — археоляг зь літаратурным крытыкам з трэцяга пад’езду.

Толькі тут ты ўспамінаеш, што заўтра — 25 сакавіка.

«Дожились», — кажа суседка й зьбіраецца ісьці скардзіцца на фашыстаў народнаму дэпутату Пятру Садоўскаму. Ты падказваеш, у якой кватэры той жыве і даеш арыенцір — яшчэ адзін крамольны сьцяг. Уадначас ты дзелісься асьцярожнаю здагадкаю, што брудную правакацыю супраць народнага абраньніка ўчыніў хтосьці зь мясцовых фашыстаў, прыставіўшы знадворку драбіны.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: