Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Бывай, ціхі зялёны куток у прадмесьці, дзе на мяжы капіталізму і сацыялізму абменьвалі шпіёнаў! Калі б цябе звазілі ў заходні сэктар у тваім піянэрскім дзяцінстве зь ягонымі хрушчоўскімі чэргамі па хлеб, ты, магчыма, таксама захацеў бы падацца ў шпіёны, каб цябе калі-небудзь абмянялі на нямецкага, а мо і на савецкага калегу.
Бывай, усходні сэктар! Дзе яшчэ можна было ўбачыць так блізка да зораў беларускага паэта Алеся Разанава, які спакусіў цябе на начны вылаз у былы разьвіты сацыялізм, а па дарозе да Аляксандар-пляцу ўбіўся ў нейкі камуністычны тупік з бруднымі калюжынамі і ў роспачы палез на ржавы жалезны плот, за якім шумеў ручай з зусім свойскім пахам? Дзе яшчэ вы вып’еце кухлік залатога хмелю ў піўбары, кельнэрам у якім служыць былы партбос гарадзкога ўзроўню, якога часам пазнаюць візытанты з Рэспублікі Беларусі, што калісьці пілі з партайгеносэ на партайбанкетах, а цяпер заложна аднаўляюць беларускую дзяржаўнасьць. Кажуць, сустрэўшы знаёмага, гер кельнэр не хавае вачэй, аднак ветліва папярэджвае, што доўга затрымлівацца каля аднаго століка яму забаронена.
Бывай, падобная да праваслаўнай царквы зялёнакупальная турма Маабіт, дзе сядзеў за Гітлерам татарскі паэта Муса Джаліль, а цяпер сядзіць шэф усходненямецкага міністэрства дзяржбясьпекі Эрых Мільке і дзе, як лічаць усе бэрлінцы, з кім ты пра гэта размаўляў, павінен сядзець геносэ Гонэкер. Ён хоча да дачкі ў Чылі, але ж гэта ён доўгімі гадамі не выпускаў твайго перакладчыка былога дысыдэнта Норбэрта Рандава да жонкі й малога сына ня ў Чылі, а ўсяго толькі з аднаго Бэрліна ў другі.
Бывайце, бэрлінскія каналы й самавітая Шпрэва! У вашых водах на вачах у спадара Рандава загінуў ад кулі хонэкераўскага памежніка заходнебэрлінскі будаўнік, які ў скварны дзень, каб трохі асьвяжыцца, даў з прыбярэжных рыштаваньняў зухаватага нырца, што ўсходненямецкае радыё імгненна абвясьціла жудаснай правакацыяй рэваншыстаў.
Бывай, бэрлінская каналізацыя! Па тваіх трубах, пакуль іх таксама не перарэзала жалезная заслона, пайшоў у вольны сьвет сябар твайго спадарожніка і твой калега-літаратар; рукапіс ягонага раману дабіраўся іншым шляхам, каб дайшоў хоць адзін з двух.
Бывайце, фраў Эльке Эрб! Вы таксама пакаштавалі сацыялізму, а таму вам было трохі лягчэй перакладаць зь беларускай вэрсэт пра чужую зямлю, якая робіцца радзімай толькі тады, калі назаўсёды ляжаш у яе.
Бывай, возера Ванзэе зь яхтамі, цеплаходам «Мобі Дык» і павай з Павінай выспы, якая выйшла па-павінаму пасварыцца на цябе, калі ты плыў на «Мобі Дыку» ў Патсдам, дзе ў Сан-Сусі ў атачэньні магілаў сваіх сабак спачывае кароль Фрыдрых II.
Бывай, падобная да невялікага замку віла Літаратурнага калёквіюму на прыазёрнай вуліцы, дзе ты ў сваёй вежы побач з ружовым каштанам, куды штораніцы прылятала зязюля, спасьціг, што такое эўрапейская цішыня, пра якую сказаў у скандальным «Тропіку Раку» «чалавек з сталёвым фаласам, зьедлівым розумам і неўтаймоўным свабодным сэрцам» — амэрыканскі пісьменьнік Гэнры Мілер.
Бывай, вуліца Зандвэрдэр, над якой, калі ты, пабуджаны зязюляю, упершыню выйшаў на ранішні шпацыр, быў разьліты кактэйль з пахаў бэзу, хваёвай смалы-жывіцы й гарачых булачак з цынамонам. Бывай, падобная да адной з Кранахавых грацыяў наркаманка з плэерам і ціхім шчасьлівым сьмехам, што гучаў у гэтым вулічным кактэйлі, дадаючы ў яго свой струменьчык з водару невядомых духоў і салодкага жаночага поту.
Бывай, да болю родны і ўтульны «Запарожац» з усходнебэрлінскім нумарам, што прыткнуўся сярод усіх гэтых пачварных аўдзі, фордаў, таётаў, вольваў і мэрсэдэсаў жывым увасабленьнем перавагаў плянавае эканомікі.
Бывайце, мурашкі з Ванзэйскага парку! Гэтая зямля й вас надзяліла нямецкім характарам зь ягоным богам парадку, і вы пракладаеце свае сьцежкі не абы-дзе, а акурат па каменных бардзюрах ходнікаў, нібыта за мурашыны крок управа, крок улева вас вокамгненна возьме ў абарот паліцыя.
Бывайце, бэрлінскія камары! Аднаго вечара вас наляцела столькі, што міжволі палезьлі ў голаў гісторыі пра гулагаўскія страты з дапамогаю сібірскае камарэчы — пагатоў змагацца з вамі, дзякуючы добраму францускаму кабэрнэ, ужо не было ніякае змогі, і заставалася адно зацкавана пазіраць на крылатыя эскадрыльлі, што злучаліся ў палкі й дывізіі. Невядома, дзе, хто й чым вас гадуе, але тады, калі вас набілася ў пакой, як савецкіх алкашоў у парфумэрную краму, куды прывезьлі «трайны» адэкалён, і калі рука асуджана націснула на выключальнік, вы ня кінуліся пікіраваць, а мірна палеглі спаць да самае раніцы.
Бывай, сяржант з амэрыканскай базы на вуліцы Зандвэрдэр! Ганарлівыя мінакі-немцы адмовіліся выпіць з табою віскі, як вы, мусібыць, не захацелі б чокнуцца з налітым гарэлкаю па самыя вушы лейтэнантам-танкістам, які аднойчы на менскай вуліцы на пытаньне, ці прыняў ён прысягу на вернасьць Рэспубліцы Беларусі, папулярна растлумачыў вам, што «в гробу он видал вашу ё...ую Беларусь и вас, ё...ых бульбашей-лапотников, с ней вместе». (Тут, напэўна, трэба дадаць, што абаронца Айчыны прасіў вас падкінуць яго ў Гомель і вы зь сябрам пасадзілі яго ў сябравы «Жыгулі» і па дарозе дахаты завезьлі пад Полацак, дзе ёсьць вёска, што таксама завецца Гомель, а там вытрасьлі свайго спадарожніка з машыны, падцягнулі да дарожнага паказальніка з назвай ды паехалі замольваць свой грэх у полацкую Сафію.) Аднак сяржантава база стаіць не на тваёй зямлі, сяржант ня лаецца на цябе трохпавярховымі мацюкамі і не абяцае зрабіць танкавую «утюжку» — «только попробуйте рыпнуться», а таму ў праграме дзён беларускае літаратуры ў Нямеччыне зьяўляецца незаплянаваная імпрэза зь сьціплым антуражам у выглядзе двух крэслаў-раскладанак, пляшачкі віскі і дзьвюх плястыкавых чарак. (Дзеля беларускіх спэцслужбаў ты даеш урачыстую прысягу, што мурын Робэрт — або проста Бобі — з Луізіяны не спрабаваў завэрбаваць цябе ў агенты СІА, а ты сам неяк пасаромеўся набівацца.)
Дзяржаўныя таямніцы Рэспублікі Беларусі ўратавала тое, што ты пакутліва саромеесься свае ангельскае мовы. Зрэшты, з уласьцівым табе полацкім пранонсам ты досыць бойка паведаміў, што your name is Uladzia, што you have the sister and the mother, but haven’t the car and the telephone. (Тут Робэртавы вусны ад вуха да вуха расплыліся ў недаверлівай усьмешцы, — маўляў, так не бывае.) Апрача таго, ты мог бы даволі ўпэўнена пагаварыць зь ім пра дзяцінства Валодзі Ўльлянава альбо адбарабаніць з паўсотні сказаў пра ўсталяваньне савецкае ўлады ў Закаўказьзі. Тэкст пра сімбірскага хлопчыка Вову, што так жорстка адпомсьціў за старэйшага брата, навечна, як цьвік у труну, умалаціла табе ў галаву школьная настаўніца Генрыэта Залманаўна Бляхер, а артыкул пра перамогу бальшавікоў за Каўкаскім хрыбтом ты чатыры ўнівэрсытэцкія гады з сэмэстру ў сэмэстар здаваў ціхай вар’ятцы, якой патрэбныя былі спакой і пэнсія, але якая на сваё ды вашае няшчасьце даводзілася роднай сястрою прарэктару, і таму ты ўдасканальваў сваю ангельскую пад ейным кіраўніцтвам і, калі раптам зьбіваўся ў даўно вывучаным на памяць тэксьце, хор аднагрупнікаў — яны ведалі твой артыкул ня горш, чым ты іхнія, бо здавалі «тысячы» паводле той самай мэтоды — пачынаў суладна гудзець: «джорджыян меньшевікс... арменіян дашнакс... азербайджан мусавацістс...»