Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Мы глядзім «відзікі» пра разбурэньне Бэрлінскае сьцяны і пра першыя гады акупацыйнага рэжыму саюзьнікаў. Я даведваюся, як сардэчна ставіліся савецкія салдаты да нямецкіх дзяцей і як яны без разбору гвалтавалі нямецкіх жанчын, дзяўчат і дзяўчатак, перасягнуўшы ў гэткіх подзьвігах і нямецка-фашыстоўскіх, і мангола-татарскіх захопнікаў. (Адзінаццацігадовую сястру майго бэрлінскага знаёмага ўратавала адно тое, што на галаву п’яному салдату, які цягнуў дзяўчо ў ложак, ягоны яшчэ больш п’яны сябрук скінуў з другога паверху грамафон.)
Ураньні, зьеўшы на дэсэрт трускавак або вішняў з саду, што глядзіцца ў вокны маіх гаспадароў, я выпраўляюся швэндацца па Бэрліне, ловячы сябе на думцы, што ўжо ведаю яго, прынамсі, значна лепей за Маскву. У голаў, вядома, лезуць згадкі, аналёгіі й алюзіі.
Белакаменную я наведваў разы тры. Кожны быў напоўнены мноствам незабыўных уражаньняў, але асабліва ўразаўся ў памяць нейкай адной адметнаю падзеяй.
Першы раз, едучы ў студэнцкі будатрад у Казахстан, мы залілі на ўскраіне Краснай плошчы дзьве дзесяцілітровыя поліэтыленавыя каністры півам і на падыходзе да маўзалею былі затрыманыя нарадам міліцыі, што палічыў нас за падпальшчыкаў. Другі раз я знаходзіўся ў расейскай «чолотвэрдзі» транзытам, начаваў на вакзальнай лаўцы і быў разбуджаны сярод ночы разьятранай прыбіральшчыцай, што хвостка выцяла мяне па заспанай пысе мокрым брудным венікам, які пакінуў у барадзе жменю сланечнікавай лузгі. Яшчэ адзін раз некалькі маладых беларускіх літаратараў прыехалі на паседжаньне савету па беларускай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў СССР, і на пачатку імпрэзы вядомы савецкі крытык бадзёрым тонам спавясьціў, што ўчора праглядаў нашыя кніжкі і зразумеў: беларуская мова сапраўды існуе.
Але тое ў Маскве.
У Бэрліне ж былая мяжа ўсходняга й заходняга сэктараў адчуваецца ня меней, чым летась. У заходнім на кветніках абавязкова растуць кветкі, ва ўсходнім, не раўнуючы, як дзе-небудзь у нашым Лепелі, можа раскашавацца і лебяда. «Неўміручае і ўсемагутнае» вучэньне здолела так пераўтварыць сьвет, што нават жоўтыя гарлачыкі ў заходнебэрлінскай сажалцы выдаюць відочна жаўцейшымі.
Водбліз станцыі падземкі на Фрыдрыхштрасэ наш былы суайчыньнік тужліва пілуе на акардэоне «На позицию девушка провожала бойца». На недалёкіх могілках зь белага пастамэнту пад белай акацыяй зьдзіўлена ўслухоўваецца ў экзатычную мэлёдыю галава Гэнрыха Мана.
Тамсама, на Фрыдрыхштрасэ, ёсьць плот зь дзіркаю. Праціснуўшыся празь яе, апынаесься на пустцы, дзе стаіць дом, які, магчыма, спадабаўся б Мірэле, бо над ім учынілі вівісэкцыю: адна сьцяна будынку абрынутая, і вачам адкрываюцца ўсе куродымныя тайніцы ягонага чэрава. Каля дому расьце «дрэва» — стаўбур з бляшаных вадасьцёкавых трубаў і галіны з галінкамі з размаітых скарлючаных трубак і дроту. Краявід пусткі, што ажыўляе ў памяці вясёленькую «постатамную» навэлу Рэя Брэдбэры «Будзе ласкавы дождж», выдатна дапаўняе высозная «кветка» зь бітага шкла ды іржавага жалезьзя. Гэтай расьліне пасуе кампанія зацягнутых у чорную скуру хлопцаў з голенымі галовамі, якая смокча ў засені шкляных пялёсткаў бляшанкавае піва. Мусіць, я ўсё ж ня надта падобны да турка, аднак, мяркуючы па позірках хлапцоў, мне хочуць прапанаваць зусім ня піва.
Ва ўсходнім Бэрліне, здаецца, пакуль няма пісуараў са смарагдавымі або аквамарынавымі каменьчыкамі, але ёсьць і свае перавагі ў выглядзе хай сабе й рэдкіх, ды ўсё ж дармовых прыбіральняў і яшчэ больш рэдкіх тэлефонаў-аўтаматаў, зь якіх можна затэлефанаваць, не ўстаўляючы туды адмысловае карткі, а проста за пяцьдзясят пфэнігаў. Каб ня гэты рэлікт сацыялізму, на вуліцы адчуваў бы сябе круглым сірацінаю.
На рынку каля Брандэнбурскае брамы набор тавару такі, як і год таму: ордэны, піянэрскія значкі, генэральскія шынялі, флёцкія безбрылёўкі... Новае ў асартымэнце — бадай, толькі «матрошкі» з расейскімі верхаводамі ад Мікалая II да Барыса Ельцына, у якога ўстаўляюцца па чарзе ўсе астатнія. Сэрца кранае цёплая лапка ўсьцехі: побач, як і летась, смуглявыя маладзёны гандлююць прадукцыяй Полацкага ліцейна-мэханічнага заводу. Праўда, кошты на экспартную прадукцыю майго роднага гораду папаўзьлі долу і партабак з «Пагоняю» ідзе сёлета ўсяго за тры маркі.
Вуліца Unter den Linden (па-наску — проста Пад Ліпамі) у гэтыя дні як ніколі адпавядае сваёй назьве, бо па ёй плыве амаль відочная рака мядовага паху. У завоіне на ганку опэрнага тэатру ўладкаваўся духавы квартэт. З жаласнага плякаціку ангельскамоўная публіка накшталт мяне можа даведацца, што гэта «poor students from St. Peterburg». Медзякі ў футаралах сьведчаць, што эканамічнае становішча бедных студэнтаў з Паўночнай Пальміры бэрлінцы ўспрымаюць прыкладна так, як нейкую прыродную зьяву.
Капіталістычныя каты выйшлі на ганак, каб памахаць мне на разьвітаньне хвастамі, і капітан вішнёвага «BMW» Гэльмут Ноак вось ужо другую гадзіну мужна прабіваецца да вакзалу праз трафікі бэрлінскіх вуліцаў. Месца штурмана, нягледзячы на нядаўні сардэчны прыступ, адважна займае спадарыня Ядзьвіга. Дзень не сказаць каб зусім звычайны — 22 чэрвеня.
З Бэрліна да Польшчы цягнік ідзе ўсяго гадзіну. Па дарозе на Варшаву на сьценах чыгуначных брандмаўэраў усё часьцей сустракаецца імя Валэнсы. За польскага прэзыдэнта можна было б парадавацца, калі б зь ягоным імем не суседзілі застрашлівыя абяцанкі, у якіх ганаровае месца займае шляхетны палітычны тэрмін — «dupa».
Зрэшты, гэта праблемы суседняе дзяржавы. У нашай жа, часткаю якое ёсьць мой вагон «Бэрлін—Менск», за тыдзень таксама адбыліся сякія-такія зьмены. Правадніцы папрыгажэлі, і, напэўна, з гэтае прычыны шклянка гарбаты з цукрам каштуе ўжо не 12, а 35 рублёў. Затое гарбаты — хоць заліся, бо адна правадніца прыпадае ў сярэднім на 1,5 пасажыра. Выглядае, што хутка наогул будзем падарожнічаць парамі.
Карацей, Эўропа робіцца бліжэйшаю.
Чэрвень, 1993