Алесь Аркуш
Шрифт:
Вершы гэтак жа небясьпечныя
як опіум — чытаю ў чарговым загадзе —
i той хто піша
i той хто чытае
i той хто толькі захоўвае вершы —
дзяржаўны злачынца
Шукаюць вершы ў маім стале
маім кампутары маім нататніку
маёй галаве маіх начных трызьненьнях
a калі знаходзяць топчуць як кветкі маку
y самых глухіх куточках расьце мак
y самых тлумных месцах нашэптваю вершы
КАМЯНІ
Калі нахіляесься і пачынаеш разглядаць камяні
на беразе Палаты, якая выгініста
агінае полацкі верхні замак,
нечакана ўсьведамляеш –
большасьць з іх выкарыстоўваліся ў якасьці зброі.
ГЕАПАЛІТЫЧНЫЯ ЗЬМЕНЫ
Некалі купцы,
што праплывалі па Дзьвіне
шляхам з варагаў у грэкі,
плацілі мыту полацкаму князю.
Тыдзень пільнуем раку.
Ні купцоў, ні мыты.
ЛЕГАЛІЗАЦЫЯ
Спачатку паэт пайшоў у гарвыканкам,
каб папрасіць дазволу называцца паэтам;
затым пайшоў у аддзел унутраных спраў,
каб атрымаць пасьведчаньне паэта;
затым пайшоў у пашпартны стол,
каб зарэгістраваць сваё пасьведчаньне;
затым пайшоў у падатковую інспэкцыю,
каб напісаць заяву, што ня будзе
займацца камэрцыйнай дзейнасьцю;
затым пайшоў у гарана,
каб давесьці, што ягоныя вершы
ня будуць шкоднымі для вучняў школ;
затым пайшоў у гаргаз,
каб запэўніць, што ягоная творчасьць
не самаўзгараецца;
затым пайшоў у цэнтар занятасьці,
каб даведацца, ці ёсьць якое
вольнае працоўнае месца,
бо і паэтам трэба есьці;
затым пайшоў у жыльлёва-камунальную службу
пацікавіцца, ці можна атрымаць
які-кольвечы пакойчык пад жытло;
затым зноў прыйшоў у гарвыканкам,
каб папрасіць дазволу надрукаваць сваю кнігу;
затым пайшоў…
* * *
Ня думаць пра сон і паразы,
Свабоду карміць з далоні,
Раздаць безмаетным запасы
І выкінуць плэер “Sony”.
І слухаць, як гойсае вецер,
Што робіць падушны вопіс…
Сьмерць – непісьменная лэдзі –
Паставіць свой крыжык-росьпіс.
Закуты ў цяжар цела,
Шукаеш таемныя дзьверы…
Здаецца, патрэбная сьмеласьць,
А досыць адной веры.
На беразе вечнага часу,
Дзе робіцца друзам выгоды,
З апошняга хлеба запасу
Ты корміш птушку Свабоды.
ДРУКАРКА
Як кулямёт зараджана друкарка,
Мігцяць агеньчыкі – да бою пяць хвілін.
І скачуць літары па белым полі шпарака,
Штурхаючы ў кроў адрэналін.
СТАЎ, ДА ЯКОГА ВЯДЗЕ ЎТРАВЕЛАЯ СЬЦЕЖКА
як за павелічальным шклом акварыюма
праплывае міма вялікі карась
парцаляным вокам блізарука ўглядаецца наўкол —
кожным вокам бачыць рознае?