Алесь Аркуш
Шрифт:
злева
справа
глядзіць цікаўным цялячым позіркам
Ягонае цела --
сьцяна залатой лускі
ягоныя рухі —
гайданьне вершаліны стромкага дрэва
Ён вяртаецца каб яшчэ раз падзівіцца
на надзею
якую ты закінуў y гэты балацяны стаў
* * *
Па палянцы na далінцы
скачуць конікі-наддзьвінцы
ускрай балоцца i вады ля
як жаўнеры маладыя
Скачуць конікі бяз стомы
абмінаюць гай знаёмы
дзьве дарогі стаў для быдла
плот стары сьлед матацыкла
Усё нясецца міма міма
краскі роднага кіліма
пчолы птушкі котка Кася
што ўслед ім пагналася
Залатыя сонца промні
як прадукт каменаломні
За палянкай за далінкай
шлях закрэсьлены галінкай
НА ПОШУКІ ЗЬМЕЯ НАРАТА
О, гэты сьмяльчак, Раул Бопп*,
які накінуў на шыю Зьмею Нарата
пятлю i засіліў гразу сэльвы Амазонкі.
Ён так марыў ажаніцца з дачкою каралевы Лузіі,
што ўлез y скуру сваёй ахвяры
i зьмеям выправіўся на пошукі абраньніцы.
— Куды-ж ты, Зьмей Нарата? — пытаюцца
ў Раула Боппа жыхары сэльвы.
— Хачу я бачыць дачку каралевы Лузіі, —
адказваў усім сьмяльчак Раул.
Няпросты ён выбраў шлях — праз сэльву,
праз балоты, праз выпрабаваньні.
Уладзімер Славук** намаляваў-бы
шыкоўныя ілюстрацыі да гэтай гісторыі.
Зьмей y яго атрымаўся-б як сапраўдны —
блішчыць луска цела пад месячным сьвятлом,
блішчаць вочы Зьмея, выпраменьваючы адвагу i непахіснасьць,
a з пад кожнай купіны, з за кожнага дрэва
сочаць за ім жыхары сэльвы — хіжыя, кіпцюрыстыя, ікластыя;
толькі страшныя абрысы Зьмея Нарата
ратуюць Раула ад нападу кракадзілаў, ягуара i піраней.
О, гэты сьмяльчак Раул Бопп!
Як моцна ён жадае дачку каралевы Лузіі!
Вядома, ён пройдзе праз усе выпрабаваньні,
бо за праважатага ў яго адвага i ўпартасьць,
ён выкрадзе сваю абраньніцу, яны возьмуць шлюб
i будуць жыць, як i марыў Раул, y краі Бязьмежных Земляў.
Там, напэўна, яны жывуць i зараз i там я ix сустрэну
калі наведаю край, дзе горныя ланцугі ўздымаюцца ў неба,
дзе цякуць празрыстыя рэчкі між мулунгу — дрэў з
экзатычнымі кветкамі. Сам Раул будзе маім гідам,
ён пазнаёміць мяне з сябрамі i раскажа праўдзівую
гісторыю пра Зьмея Нарата i дачку каралевы Лузіі,
затым наладзіць выправу ў амазонскую сэльву,
будзе па-сяброўску пахлопваць па гузаватых баках
кракадзілаў, перасьвіствацца з дзіўнымі птушкамі,
частаваць ягуара са свайго паляўнічага нажа.
Ноччу, калі поўня падзеліць сэльву на дзве роўныя часткі,
я прачнуся i старожка выбяруся з намёта, падкіну дроў
y амаль згаслае вогнішча i ўпэўненым крокам пайду ў цямрэчу
зь ліанаў, пальмаў i трысьнягу — клікаць Зьмея Нарата.
* Раул Бопп — бразыльскі паэт пачатку XX стагодзьдзя.
** Уладзімер Славук — сучасны беларускі графік.
Падрыхтаванае на падставе: Алесь Аркуш, Проста ў сярэдзіну: Вершы — Вільня, 2001.