Верціхоўская Марыя
Шрифт:
Уваскрэсенне душы пачынаецца з усведамлення свайго граху, віны, з пакаяння і раскаяняя за ўчыненае. Наступная прыступка на лесвіцы жыцця — жаль, спагада няшчаснаму, адчуванне яго болю і пакут, як сваіх уласных. А канчаткова вырваць сваю душу ў нячысціка можна толькі добрымі справамі. Усе прыступкі на лесвіцы жыцця адолеў герой Яна Баршчэўскага, каб вярнуць сабе чалавечы воблік. Але аднаго ўсведамлення сваёй віны і пакаяння недастаткова. Рабі дабро ўсім, нават сваім крыўдзіцелям, даводзіць апавяданнем «Ваўкалак» Ян Баршчэўскі. I адначасова перасцерагае, заклікае быць асцярожнымі, клапаціцца пра стан сваёй душы, не пускаць у яе тое, што можа загубіць: зайздрасць, жаданне зла іншаму, хцівасць, помслівасць.
Біблейскія рэмінісцэнцыі ў творы відавочныя. I Біблія папярэджвае ўсіх нас, што зайздрасць — грэх вельмі вялікі, большы за забойства, бо зайздрасць паступова, кропля па кроплі забівае радасць жыцця і ўсведамленне таго, што дадзена чалавеку. Зайздрасць напаўняе яго душу неўтаймоўным жаданнем зла іншаму, каму дадзена тое, што яму не дадзена. Зайздроснік — жывы труп, непахаваны нябожчык, які выпраменьвае толькі зло. Зайздроснік — гэта ваўкалак, папярэджвае нас і Ян Баршчэўскі.
Алегорыя Яна Баршчэўскага не толькі сродак займальнасці ці стварэння крытычных сітуацый, у якіх выпрабоўваюцца героі. Яна філасофская, яна — спосаб выяўлення пісьменніцкай канцэпцыі. У фантастычных апавяданнях Яна Баршчэўскага носьбітам і ўвасабленнем дабра з'яўляецца толькі чалавек. За рэдкім выключэннем, і намаганні чалавека, сродкі яго барацьбы з незлічонымі размаітымі сіламі зла таксама рэальныя — добрыя справы дзеля бліжняга свайго. Толькі ад гэтых добрых, канкрэтных і рэальных, а не фантастычных спраў гіне зло. Толькі Чалавек (а не, як у паганскіх ці літаратурных казках, птушкі ды звяры) супрацьстаіць злу ў розных яго абліччах: ката Варгіна, Белай Сарокі, чорнага сабакі, вужа, нават жамяры. Усе яны — слугі д'ябла. Супраць усіх іх — адзін Чалавек. I яго перамога вызначаецца станам яго душы і пабожнымі ўчынкамі. У гэтым — аптымізм, максімалізм і пафас сцвярджэння ў творах Яна Баршчэўскага.
Вялікую мастацкую вартасць і неацэннасць духоўнага вопыту, засведчанага ў творы, уяўляе гутарка-балада У. Сыракомлі «Хадыка». У творы даследуецца не драма жыцця чалавека, а драма і эвалюцыя, уваскрэсенне яго душы. Твор уражвае не фабулай, а мастацкім выяўленнем біблейскай ісціны: у якую б бездань ні зрынуў чалавека яго грэх, заўсёды ёсць надзея (і што яшчэ важней — магчымасць) адрадзіць, уваскрасіць, выратаваць сваю душу. А скарыстаць гэтую магчымасць ці не — залежыць толькі ад чалавека.
Трыццаць гадоў хаваўся Хадыка ў лесе ад людзей, жыў у адзіноце, «працаваў са слязамі», «у сабе нёс пагоню», бо гналі думкі, гнала пачуццё віны за пралітую кроў. I жывы пазайздросціў мёртваму, бо на тым няшчасным, па кім галосіць жонка, няма такога страшнага граху, як на ім, Хадыку…
Адзінота, холад і голад не раз наводзілі на думку ісці да гасцінца і разбоем здабываць ежу ці налажыць на сябе рукі. Жыццяпісам Хадыкі У. Сыракомля акрэсліў вехі уваскрэсення чалавечай душы: усведамленне свайго граху, віны, раскаянне і шчырае, што са слязьмі прыйшло, пакаянне, цярпенне, малітва і вера, надзея і любоў да жывога, да працы, да людзей, сама праца і людская міласэрнасць — вось тое, што лечыць скалечаную душу.
Пакутніцкі гэта шлях да ўратавання, але іншага проста няма. Споведзь лірычнага героя верша П. Броўкі вычарпальна вызначае тыя пакуты:
Усё баліць, на сэрцы хмары, Памылкі лічыш ты ў кляцьбе — Не ведаю я большай кары, Калі караеш сам сябе.Аднак толькі такая кара — сведчанне таго, што душу яшчэ можна ўратаваць. I наадварот, пошукі самаапраўдання — сведчанне яе пагібелі, як пра тое нагадвае нам А. Вярцінскі:
Сумленне, што алібі пэўна сцвярджае, Тым самым на гібель сябе асуджае.«Людзей ратуе толькі чалавечнасць» (П. Панчанка)
У ваходзьде цеснымі варотамі, бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;
Бо цесныя вароты і вузкая дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх.
Евангелле ад Матфея.
Ад голаду і адчаю асірацелае няшчаснае дзіця рэпрэсіраваных бацькоў вырашыла ў люты мароз сесці ў гурбу і пакінуць гэты нясцерпны свет. З такім намерам дзяўчынка выйшла на дарогу, а насустрач ёй ішла пахавальная працэсія. I нехта ў чорным падаў сіраціне бохан хлеба. У той сібірскай мясцовасці быў такі звычай: першага, хто сустрэнецца, калі выносяць нябожчыка з дому, надзяліць боханам хлеба. Першай была яна. Мёртвы выратаваў жывога… Вечнасць жыцця забяспечваецца выкананнем вечных законаў, сярод якіх галоўны — чалавечнасць.
Гераіня гэтай праўдзівай гісторыі не расказвала пра сваё сіроцтва потым, а толькі пра тое, як надвячоркам быў пасланы ёй выратавальны бохан хлеба, дзякуючы якому пасля ночы наступіла раніца. Бохан хлеба стаў і паратункам, і знакам на ўсё жыдцё. Знакам таго, што «людзей ратуе толькі чалавечнасць», што «без чалавечнасці не будзе вечнасці», як даводзіць панчанкаўскі лірычны герой.
Выратавальнікаў называюць праведнікамі. Літасцівыя і чыстыя сэрцам, яны здольны накарміць галоднага, напаіць сасмяглага, апрануць раздзетага, суцешыць зняверанага, прытуліць бяздомнага. Такія — шчасныя, бо сіла іх чалавечнасці настолькі вялікая, што яны здольны нават уратаваць «зачараваных смерцю», падняць з зямлі апантаных страхам і павесці іх за сабой. Адзін з такіх праведнікаў «лёг на змяіныя скруткі дроту. I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў прайшлі па яго спіне». Дзякуючы такім, як герой аднайменнага верша П. Панчанкі, «другія ішлі ў атаку… і сцяг перамогі ўздымалі ранкам на заваёваным рубяжы». Другі праведнік з рызыкай для ўласнага жыцця падтрымлівае таго, каго раз'ятраны, азвярэлы натоўп патрабуе раскрыжаваць. Трэці, як быкаўская Сцепаніда, не ведае спакою, начэй не спіць, апошняе гатоў аддаць, калі над некім занесены меч несправядлівасці і вынішчэння: хутчэй, можа, яшчэ не позна запабегнуць непапраўнае.
Чалавечныя — гэта заўсёды багатыя духоўна. «I ведай тады, што адным енкам ды стагнаннямі людской бядзе не дапаможаш. Помні, што, каб другога вызваляць, трэба самаму крэпкім быць», — мудра настаўляе студэнта Архіпа дзед Яхім з апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне».
Такой сілай і гатоўнасцю «другога вызваляць» валодае лірычны герой верша А. Вярцінскага «Бачу я: нехта некага любіць…»:
Бачу я: нехта некага любіць — Гэта іх справа, гэта іх права; Бачу я: нехта некага губіць — Тут і мая ўжо справа.