Верціхоўская Марыя
Шрифт:
Але і доля таленавітых — нялёгкая, пакутніцкая доля, «бо не можа схавацца горад, што стаіць на вяршыні гары». Таленавітых ніколі не разумелі, заўсёды гналі і нават вынішчалі: «Колькі талентаў звялося!..» Пятрок, гледзячы, як высільваецца Сцепаніда, каб выратаваць Лявона Багацьку, трывожыцца, «хаця каб не забралі і Сцепаніду». I трывогі тыя былі небеспадстаўныя. Заўсёды, ва ўсе часы, нелюдзі знаходзілі і вынішчалі тых, хто асмельваўся падняць свой голас за праўду, заступіцца за няшчаснага, пасылалі стрэлы ў таленавітых, багатых на чалавечнасць. Таму і «не ўсе хочуць быць добрымі», як сцвярджае А. Вярцінскі ў вершы «Медсястры», «ды хочуць усе дабраты». Асабліва тады, калі «жывое ўсё ахопіць страх знікнення — і „SOS“ нясецца па усёй зямлі».
«Не ўсе хочуць быць добрымі», а з тых, хто і хацеў бы, не кожны можа, бо дабрата — гэта «горад, што стаіць на вяршыні гары», гэта магутная сіла, якая толькі і здольна ўратаваць свет. А не кожны валодае такой сілай, каб і хацеў. Не кожны здольны падняцца на вяршыню гары з такой круцізной і вышынёй. I нельга ад кожнага патрабаваць таго, што дадзена не многім: «кесараві — кесарава».
I ўсё ж гісторыя чалавецтва і таленавітыя творы мастацкай літаратуры даюць адказ на самае важнае пытанне быцця: што могуць тыя, хто абдзелены талентам і сілай падняцца на Галгофу за ўсіх ці хаця б толькі за аднаго свайго бліжняга? Вельмі многае. I нават пасільнае для кожнага, хто жыве клопатам выключна толькі пра сябе самога. Першае і самае простае: не патрабаваць «Распні яго! Распні!», калі на Галгофу ўздымаецца не такі, як усе астатнія. Сёння мы ведаем, што шанс выратавання чалавецтва быў яшчэ два тысячагоддзі таму. Быў шанс! Бо не ад лічаных носьбітаў зла, не ад садукеяў і фарысеяў залежала, быць ці не быць самаму вялікаму злачынству на гэтай зямлі. Ад усіх астатніх залежала выратаванне Дабраты і Свету. Але большасць зрабіла выбар на карысць свайго ўласнага вынішчэння. Таму і прадаўжаецца на зямлі раскрыжоўванне самых лепшых і самых таленавітых — прадаўжаецца самавынішчэнне чалавецтва.
Блізкі да таленту чалавечнасці, але дадзены большасці, а не толькі абраным, — талент мецэнацтва, апекавання. Адораным людзям, якой бы магутнай сілай яны ні валодалі, таксама патрэбна падтрымка, «як каніфоль смычку». Мецэнатам Якубу Бабічу і Багдану Онкаву абавязаны мы тым, што наш слынны зямляк Ф. Скарына змог рэалізаваць свой дар: уславіць Бога і наш народ на векі вечныя.
Вобразам дзеда Курылы з паэмы «Сымон-музыка» Якуб Колас таксама славіць самы светлы талент у яго канкрэтным выяўленні: разуменні, падтрымцы таго, хто «не такі, як усе». Чужы чалавек аказаўся раднейшым за родных. Дзед Курыла не толькі зразумеў адрынутае ўсімі дзіця, але і паспрыяў яго таленту, падтрымаў яго.
Многія творы нацыянальнай літаратуры акцэнтуюць нашу ўвагу на тым, што дабрата патрэбна ўсюды і ўсім, што яе праяўляць можна, нават не ўзыходзячы на Галгофу, не ахвяруючы ўласным жыццём. I тым самым пісьменнікі не зніжаюць ідэалы дабраты, а толькі набліжаюць іх да кожнага з нас, робяць больш даступнымі для нас. Большасць, як Турсевічы, не здольны пайсці разам з Лабановічам па шляху да рэвалюцыі: гэта небяспечна для жыцця. Аднак паспагадаць і дапамагчы няшчаснаму, як дапамог Лабановіч старожцы Ганне, могуць многія. У выяўленні гэтай філасофскай думкі П. Панчанка дасягае афарыстычнасці:
Той дзень прапаў і страчаны навекі, Калі ты не зрабіў таго, што мог; Калі не паспрыяў ты чалавеку, Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.Калі ж «закон прирожений», як пераконвае нас Ф. Скарына, будзе запісаны «в серци единого кажного человека», то дзень будзе не страчаны, а будучыня забяспечана.
«Не ціхне вечны бой» (А. Куляшоў)
Вядзі рашучы бой з натурай сваёй слабой —
З рознымі там заганамі, са звычкамі паганымі…
Са слабасцю любой вядзі рашучы бой!
А. Вярцінскі.
Нас, дзяцей Маці-Беларусі, што жывём «на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым», аб'ядноўвае адно агульнае, ні з чым не параўнальнае шчасце — мір. Гісторыя пераканаўча даказала, што ў любой вайне не бывае пераможцаў: зваяванне аднаго народа другім — не перамога.
I ўсё ж ёсць адзіны бой, які добраславёны, ад перамогі ў якім залежыць вечнасць жыцця ці яго наканаванасць.
А. Куляшоў у вершы, прысвечаным таварышам па пяру, «Сябры, каго вайна скасіла кулямі…» сцвярджае, што «не ціхне бой»: бой за перамогу праўды над няпраўдай, шчырасці — над крывадушнасцю, даравальнасці — над помстай, сціпласці — над гардыняй і пыхай, любові — над нянавісцю. I поле бітвы — сэрца чалавека. Толькі такі бой — умова вечнасці. «Адзіны серп», які славіцца паэтам, — не той, пад якім загінуць каласы жыцця, а «серп над палявой дарогаю — адзіны серп на сённяшнім жніве!».
Таленавіта і пераканальна святы бой чалавека з ворагам, што сядзіць унутры яго самога, паказаны Крапівой у камедыі «Хто смяецца апошнім».
На канфлікт у творы, вастрыню праблемы ў ім указвае ўжо сама назва п'есы, якая ўяўляе сабой самае, бадай, галоўнае пытанне жыцця: хто смяецца апошнім? Хто здольны перамагчы зло? Што неабходна, каб перамагчы зло і смяяцца апошнім? Прыгадаем крылатую народную мудрасць: добра смяецца той, хто смяецца апошнім.
Заслуга Крапівы ў тым, што ён па-майстэрску стварае не толькі знешні, але і ўнутраны канфлікт — канфлікт чалавека з ворагам, што сядзіць у ім самім. Вобраз Тулягі нясе найбольшую нагрузку ў выяўленні філасофіі твора, аб чым сведчыць зноў жа яго назва: апошнім смяецца той, хто быў пагарджаны і прыніжаны, але хто здолеў узняцца з каленяў, перамог сябе. Самая цяжкая, але і самая вартая чалавека перамога — перамога над самім сабой. Крапіва-філосаф усім творам і найперш вобразам Тулягі сцвярджае, што перамога над злом, над «свінтусамі-грандыёзусамі» магчыма толькі ў выніку перамогі над сабой. Гэта і ёсць першая і галоўная ўмова перамогі ў такім баі.
Сітуацыя, калі Туляга па волі «свінтуса-грандыёзуса» вымушаны быў сыграць не ўласцівую яму ролю, стала пераломнай у яго жыцці. Менавіта гэты момант стаў кропляй, што перапоўніла чашу цярпення Тулягі, і ён усвядоміў, які ён «баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці». I яму «сорамна стала», як сам ён у тым прызнаецца Левановічу. Першая ступенька на нялёгкім шляху да свайго вызвалення адолена, а далей — самы моцны пратэст з грудзей самага слабога. Выключны эфект уздзеяння на чытача гэтага таленавітага твора і асабліва вобраза Тулягі. Кожны відушчы ў Тулягу як у люстэрку здольны ўбачыць самога сябе, пазнаць свае ўласныя заганы. Нехта ўбачыць зайздрасць, нехта — высакамер'е і пыху, нехта — помслівасць, нехта ж ляноту ці ўпартасць. У кожнага — свой вораг, ад якога неабходна пазбаўляцца. Калі ж не змагацца, не «выціскаць з сябе па кроплі раба», то можна дакаціцца да стану, з нагоды якога аўтары класічнай літаратуры выбухалі гнеўнымі тырадамі. Згадаем Гогаля: «И до какой же гадости, низости, мерзости мог снизойти человек!»