Верціхоўская Марыя
Шрифт:
Навела Я. Брыля «Метепtо mоrі» — псіхалагічнае і філасофскае даследаванне духоўных магчымасцей чалавека ў бесчалавечных абставінах. Рота аўтаматчыкаў акружыла і «спраўна накрыла» вёску, а бяззбройных людзей, жанчын, дзяцей і старых, сагналі ў адрыну, якую вось-вось падпаляць. З натоўпу няшчасных ахвяр поглядам зондэрфюрэра пісьменнік «выхоплівае» толькі аднаго — старога са «скамянелымі вачыма». I толькі адной гэтай дэталлю адказвае на пытанне, што ў такой сітуацыі залежыць ад чалавека. Змірыцца, скамянець і годна прыняць наканаванае лёсам. Сартраўскі герой Іблетта з апавядання «Сцяна» сваю волю і права ў аналагічнай сітуацыі вызначыў так: «Хачу памерці дастойна».
Але менавіта такая скамянеласць, што ў падобнай сітуацыі азначае годнасць, не задавальняе зондэрфюрэра, і ён, як д'ябал, спакушае чалавека магчымасцю выжыць, калі ўсе астатнія загінуць пакутніцкай смерцю. Раструшчыць чалавека духоўна і адначасова павялічыць пакуты ўсіх тых, хто ўжо падрыхтаваў сябе да смерці, справакаваць людзей на выяўленне горшага — такі намер фашыста. Бо сказана: «не бойцеся забойцаў цела, душы не здольных забіць». Зондэрфюрэр не задаволіўся перспектывай знішчэння плоці — ён памысліў пра вынішчэнне душы і духу. Некалькімі дэталямі пісьменнік здолеў паказаць поўнае паражэнне зла і ўславіць перамогу духу: «момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў левай рукой… скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся…» Злосць, адчай апанавалі зондэрфюрэра. Чалавек, загнаны ў адрыну, стары, нямоглы, перамог яго, маладога, дужага, са зброяй у руках. Выбар, зроблены печніком, пераконвае нас, што сіла плоці — нішто ў параўнанні з сілай духу. Аўтарскае захапленне чалавекам, што выбраў цесную браму, якой ходзяць не многія і якая вядзе да жыцця вечнага, выяўлена ў словах: «I ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве».
В. Быкаў таксама выпрабоўвае ўсіх сваіх герояў бесчалавечнымі абставінамі, якія вызначаюць іх сутнасць, тут і цяпер аддзяляюць адных ад другіх. I такая прорва пакладзена паміж імі, што пасля зробленага выбару ім ужо не дадзена яе пераадолець, каб быць, як да выбару, зноў разам. Адны ўзнімаюцца да жыцця вечнага, другія звергнуты ў нябыт.
Перад вынішчальнай сілай бесчалавечных абставін Сотнікаў з аднайменнай аповесці пакінуў за сабой апошняе права свабоднага чалавека — права застацца чалавекам. Галгофа Сотнікава, як і многіх іншых быкаўскіх герояў, — гэта подзвіг духу, смерць у імя жыцця, выратаванне найперш сваёй уласнай душы. «Узыходжанне» — так назвала свой фільм Л. Шапіцька па аповесці «Сотнікаў», выявіўшы тым самым і сваё ўсведамленне і асэнсаванне духоўнага вопыту, засведчанага ў творы В. Быкава.
Ёсць вялікае жаданне застацца чалавекам і пры гэтым захаваць сабе жыццё ў таварыша Сотнікава — Рыбака. Ён не можа змірыцца з тым, што ў бесчалавечных абставінах спалучыць гэтыя два жаданні немагчыма, а трэцяга не дадзена. Пакутліва шукае ён выйсця, спрачаецца з Сотнікавым, змагаецца сам з сабой, але марна. Спачатку Рыбак прапануе Сотнікаву паспрабаваць перахітрыць фашыстаў, пачаць гульню, «каб выйграць сабе жыццё — хіба гэтага мала? А там відаць будзе, толькі б не забілі. Толькі б вырвацца з гэтай клеткі». Дарэмна Сотнікаў даводзіць Рыбаку, што «гэта — машына», якой або будзеш служыць, або яна сатрэ ў парашок. I варта толькі пачаць з ёй хітрыкі — падзенне непазбежна.
Шэраг малых і вялікіх здрадаў-хітрасцей Рыбака заганяе яго ў такую пастку, у якой ён нават пазбаўлены права і магчымасці распарадзіцца ўласным жыццём. Усвядоміўшы ўвесь жах спрычыненага і тое, што ён перахітрыў толькі самога сябе, Рыбак у адчаі вырашае здзейсніць «свой адзіна магчымы цяпер намер»: «Столь была невысокай, але, мабыць, для яго справы вышыні дастаткова. Са злой рашучасцю ён расшпіліў паўшубак і раптам аслупянеў — папругі на штанах не было. I як ён забыўся на тое, што яе адабралі перад тым, як пасадзіць у падвал…»
У аповесці «Сотнікаў» В. Быкаў вырашае яшчэ адну надзвычай важную этыка-філасофскую праблему — неадпаведнасць суб'ектыўнага намеру таму ўчынку, які вынікае з гэтага намеру. Праблема супярэчнасці паміж маральнай мэтай і амаральнымі сродкамі яе дасягнення неадлучная ад праблемы выбару. Учынкі людзей у выніку такога выбару паміж маральнай мэтай і амаральнымі сродкамі выходзяць з-пад кантролю. Зроблены ўчынак ужо набывае свой лёс, урываецца ў аб'ектыўную сувязь падзей, рэчаў, часта парушаючы ўсталяваны паміж імі парадак. Жаданне быць шчаслівым, калі вакол усе няшчасныя, імкненне выжыць у памежнай сітуацыі ўплываюць на выбар і ўжо вымагаюць ад героя амаральных сродкаў для дасягнення маральнай самой па сабе мэты. Калі чалавек ідзе на «гульню» з абсурднымі абставінамі, ён павінен быць падрыхтаваным, што «іграць» давядзецца па правілах абставін.
Усведамленне таго, што немагчыма быць шчаслівым «у часы, калі гора разлілося слязьмі і крывёй скрозь ад мора да мора», вызначыла выбар героя паэмы А. Куляшова «Сцяг брыгады» Алеся Рыбкі ўбачыць «часы перамог» на цыферблаце свайго гадзінніка. У сітуацыі «чумы», як лічыць і камюсаўскі герой з рамана «Чума», «сорамна быць шчаслівым у адзіноце».
Адзіная прывілея, як назваў В. Быкаў, «нават раскоша» сумленнага, свабоднага і моцнага духам чалавека ў бесчалавечных абставінах, адзінае, што ад яго залежыць, — застацца чалавекам. Усведамленне таго, многа гэта ці мала, залежыць зноў жа ад кожнага з нас.
«Нашто на зямлі сваркі і звадкі… калі ўсе мы разам ляцім да зор?» (М. Багдановіч)
Любіце адзін аднаго!
З Евангелля.
Варожасць — самае горшае
У свеце людскім пачуццё.
А. Вярцінскі.
Самы першы з усіх «загадаў Божых» — не забі! Самы галоўны закон вечнасці, першая ўмова жыцця — не забі!
Гэты закон вечнасці, усвядомлены пісьменнікам-філосафам М. Гарэцкім і дакляраваны нам з найбольшай палкасцю і незвычайнай сілай яго таленту: не забі!