Шрифт:
(Да худых д’яблаў з доўгімі закручанымі рагамі.)
Вы, лайдакі крылатыя і бабздыры, Удзень цікуйце пільна і ўначы, Напагатоў трымайце пазуры, Не дайце ў рай душы ўцячы. Яна пакіне цёмную нару, Бо геній-дух заўсёды мкне ўгару.Прамяністае ззянне ўгары справа.
Нябеснае воінства
Сіла нябесная, Раць бесцялесная, Рынь у палёт. Грэх выкупляем, Прах ажыўляем. Ціха, рахмана, Богу аддана Веру ўшануем — Божы аплот!Мефістофель
Заўсёды прыкрасць абуджае й гнеў Бязладны хор прыгожанькіх анёлаў, Святош бясполых саладжавы спеў Адно псуе настрой і тлуміць голаў. Мне так карцела гэты род людскі Парваць, падраць на дробныя кускі,— Ды вось яны, анёлы, план вялікі мой Закрэсліць хочуць ханжаскай гурмой, Святошы тыя ходзяць мякка, плаўна І нашай зброяй нас лупцуюць спраўна; Яны ж — таксама чэрці, ды з апаскі Надзелі на сябе прытворнай цноты маскі. Тут правароніць — не пакрыць віны, Хаўрусам шчыльным станьма ля труны.Хор анёлаў (сеючы ружы)
Ружы агністыя, Ружы іскрыстыя, Лёгкія-лёткія, Жыццесалодкія, Водару поўныя; Кветкі цудоўныя Квецяцца хай! З птушкамі, з пошчакам Блізіцца май, Разам з нябожчыкам Вернемся ў рай!Мефістофель (да д’яблаў)
Чаго паніклі, ўціснулі хвасты? Не ў звычках чорта кідацца ў кусты. Хай сеюць, адрабляюць свой шарварак, А мы сваё на ўласны возьмем карак. Анёлкі думаюць, што ружамі яны Злагодзяць гадаванцаў сатаны. Дык дзьмухайце ж, занудлівыя косткі, Няхай пажухнуць райскія пялёсткі. Ну, годзе ўжо, перабаршчыць вы рады — Аж пер’ечка ляціць ад іх армады; Цішэй, цішэй, раты заткніце й ноздры — Занадта ж кожны з вас у службе борзды! Усё вы звесці рады надарма — І без таго жывое кветачкі няма. Пільнуйцеся! Свае патройце сілы І ні на пядзю ад магілы! Дзе ваш імпэт? Не веру я, каб руж лісткі Маім чарцям падсмажылі бакі!Анёлы
Ружы духмяныя, Ружы румяныя, Любасцю веючы І лагаднеючы, Сцвердзіце мір! Славай парфірнаю, Плынню эфірнаю, Музыкай лірнаю — Поўніцца шыр!Мефістофель
О, ганьба і праклён вам, выхвалякі! Кулём ляцяць мае ваякі! Няўжо мой смелы план — кату пад хвост? Што ж, хай задамі плюхаюцца ў лаву, Я нейк перажыву сваю няславу І не пакіну свой пачэсны пост!(Адбіваецца ад пялёсткаў.)
Прэч, не свяці дарэмна, светлячок, Ля твару не кружыся, як паперка. Цябе ўхапі — ты слізкі камячок. А ружы так пякуць — горш, як смала і серка.Анёлы
У неналежнае Не пранікайце, Марнае, грэшнае Прэч адкідайце! Толькі лагодаю Высушыш слёзы, Толькі пяшчотаю Ўсцешыш нябёсы.Мефістофель
Пячэ мяне анёльскай ласкі сіла Мацней за сатанінскае гарніла! Бягуць мае! На страту сатаны З тугою азіраюцца яны. Услед любві сваёй такімі вось вачыма Глядзіць пакінуты мужчына. А я? Як ненавідзеў я анёлаў раць, А сёння вочы аж гараць! Чым так яны скарылі сатану, Чым так яны мяне прычаравалі, Што ворагі нібы і даспадобы сталі, Што я гляджу на іх і не кляну? Дазнаўшыся, што мне яны па мыслі, У пекле ўсе б ад рогату аж кіслі. Ды я, прызнацца, палюбіў такіх дзяцей — Вунь як патурылі маіх чарцей!(Да анёлаў.)
Не бойцеся мяне, ідзіце смела, Люцыпаравы дзетачкі,— я знаю вас. Пацалаваць радню мне вельмі закарцела, І вы тут сёння ў самы раз! Любіць бясконца вас гатовы, Нібыта мы — адна сям’я. Гляджу на вас, як кот марцовы, Аддаць вам сэрца рады я. Ідзіце ж, дзеткі, весялей.Анёлы
Мы падышлі, ты адступіў далей. Не бойся, не пакрыўдзім сатану!(Запаўняюць усю сцэну.)
Мефістофель (адціснуты на авансцэну)
Усе грахі на нас вы валіце заўсёды, А самі ведзьмары высокай пробы, Бо сееце сярод людзей адну ману. Дык вось які ён, гэты ваш адказ! — А я ж хачу любві і ласкі, Мяне вы надзіце; калі пабачу вас, Дык прагну я шчаслівае развязкі. Што ж, апускайцеся — я буду рад. Хоць вам сур’ёзнасць і да твару, Аднак я свецкасць вашу ўбачыць мару, Усмешачка вам будзе ў акурат, Яна б мяне адразу паланіла, Калі б залётнай рысачкаю міла Свяцілася ў куточках губ. Вось ты, вышэйшанькі, мне вельмі ж люб, Ты без папоўшчыны, без гэтай расы Любому быў бы вабны й ласы. Паадзяваліся зусім без ладу, А дэкальтэ вам болей прыстае. Вы любы мне, прызнацца, нават ззаду!.. Ах вы, спакуснічкі мае!..