Вход/Регистрация
Фаўст
вернуться

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:
Пракляцце тут! — Яно мой нішчыць абсалют. Табе, бываламу, адкрыю: Турбуе клопат дзень і ноч, Ад прыкрага адчаю выю — Хоць ты крычы ці ў шворку ўскоч! Няма карысці з той улады, Калі падсуседаў-старэч Ніяк не выганю з іх хаты, З іх ліпняка, з іх цэрквы прэч. Узвёў бы вежу там высока І цешыў бы парою вока З вышынь птушынага палёту Магутнасцю майго аплоту. Адтуль адкрылася б прастора З усім, што чалавек стварыў, З усім, што я забраў у мора І чым народы адарыў. Які ж нясцерпны боль, аднак,— Калі ў багацці бачыш брак. Царкоўны звон і ліпак пах — Яны мне, як магільны прах, Няўжо ж праз хатку ў ліпняку Я волю дужую стаўку? Што мне рабіць — не разумею, Пачую звон — і сатанею.

Мефістофель

Вядома, гэткая пакута, Яна табе нібы атрута. І звон, і пацеры старых І мой, прызнацца, рэжуць слых, Бо гэты гнюсны дзілінь-бом Нібы гаворыць — стань рабом. Ён ад хрысцін і да хаўтур Ва ўсё прыўносіць зман і чмур, Нібы між «дзілінь» і між «бом» Жыццё было суцэльным сном.

Фаўст

Упартасць гэтых дзівакоў Псуе настрой, псуе мне кроў, І я ад злосці і ад мукі Сам на сябе наклаў бы рукі.

Мефістофель

Чаго ж цярпець? Каланізуй — Тубыльцаў тых перасялі.

Фаўст

Ідзі ж і ўсё арганізуй! Я ўдосыць дам старым зямлі.

Мефістофель

Я не забаўлюся, ў хвіліну Перасялю і перакіну. У новай хаце спакваля Забудзецца прымус пасля.

(Залівіста свішча.)

Уваходзяць Трое Дужых.

Хадзем, яшчэ адзін наказ — На брагу заўтра будзе час.

Трое

Мы заслужылі выпівон, Ды стрэў няласкава патрон.

Мефістофель (ad spectatores)

Так ёсць і так было раней — Меў добры сад і Навуфей{248}. (Кн. царстваў, ІІІ, 21.)

Глыбокая ноч

Дазорца Лінкей (спявае на варце)

Стаю на дазоры, Гляджу я ў бязмеж І свету прасторы Аглядваю з веж: Мільгаюць, калесяць І далеч, і блізь, І зоры, і месяц, І долы, і высь. Панаднасці свету Адвечны, як свет, Прыгожасць паэту Пракладвае след. Шчаслівыя вочы: Пабачаць красу. Праз дні і праз ночы Яе пранясу.

Паўза.

З вежы ўсё вачам адкрыта, І — не толькі пекната. Стала жудасна, нібыта Страхам зеўрыць цемната. Іскры сыплюцца, і хіжа У суседавым двары Злы агніска стрэхі ліжа І віхурыцца ўгары. Ах, пажар у беднай хатцы,— Загарэлася ўначы. Трэба бегчы, паспяшацца, Толькі ўжо не памагчы. Дзе ж на старасці прыткнуцца? Дзе цяпер знайсці цяпла? Хто ў бядзе пасобіць людцам? — Ах, згарыць усё датла. Не, агонь не дасць патолі — Бурыць столь і рушыць сцены. Дзе ж старыя? Ці на волі? Ці ўцяклі яны з геены? Занялося лісце, голле, Жарам пыша ў наваколле. Па камлях угору жвава Зырка рвуцца языкі… І нашто мне тая слава! І нашто мне зрок такі! Аж ад самага карэння Жарам пышуць стаўбуры.

Доўгая паўза. Спеў.

Плён руплівага стварэння Гіне марна без пары.

Фаўст (на балконе супраць дзюны)

Хто там спявае так тужліва? Лінкея ўзрушыла жуда? Нашто рабіў так нецярпліва? — Самому ўжо цяпер шкада. Няхай жа пойдзе на вуголле Ліпняк і хатка, хай гараць; Адтуль бязмежнае раздолле Я з вежы буду сузіраць. Забудуць горыч і нястачу На новым месцы бедакі, Багаццем шчодра ім аддзячу — Хай радасць ім нясуць дзянькі.

Мефістофель і Трое Дужых (унізе)

Прабач! — благая навіна, Аж кроіць сэрца нам яна. Мы ў хатку грук, мы ў хатку бразь,— Замкнута! — хоць вужом падлазь. Мы далікатненька, з пляча, Шукаем рады без ключа. Мы просім іх учатырох — А тым — што аб сцяну гарох, Такія ўпартыя карчы, Што хоць ты там крычма крычы. Тады, каб часу не губляць — Давай сілком іх умаўляць! Ну, умаўлялі, умаўлялі — Аж тыя ў страху і сканалі. Там быў вандроўнік, кіем трос — Мы і яму падцерлі нос. Пакуль ішла там калатня,— Ад іскры нейкай парахня Ўзялася ўраз, і ў нейкі міг Агніска праглынуў усіх.
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: