Шрифт:
Анёлы
Полымя любасці, Яснае мудрасці Грэх утаймуе, Праўду ўшануе, Лютасць адвее, Ласкай сагрэе — Знойдзеш свой дах У райскіх садах.Мефістофель (спахапіўшыся)
А як жа я? — А я ў струпах, бы Йоў, Сябе самога азірнуць жахліва. Агледзеўшыся, трыумфую зноў, Бо з заварухі выйшаў я шчасліва. На скуры след пакінула любоў, А больш нідзе няма ні знаку. Цяпер, калі прыцьміўся бляск агнёў, Я шлю праклён вам у падзяку!Анёлы
Хто ачышчаецца Полымем чыстым, Той прычашчаецца Раем вячыстым. Эфір улагоджаны, Нас закалыхвае, Хай дух адроджаны Вольнасцю дыхае!(Узносяцца з несмяротнай часцінай Фаўста.)
Мефістофель (азіраючыся)
Віселі над магілай, бы крукі — І што? — Здабычу верную маю Так спрытна вырвалі з рукі, Каб вы ўдавіліся ў сваім раю Няшчаснай гэтаю душой! А я, аддаўшы скарб законны свой, Самотны над магілаю стаю. Каму паскардзіцца? — Вакол няслава! Хто дагаворнае прызнае права? Так ашукаць! Правесці чорта подла! Ды што ж анёльскае паганіць кодла, Калі ты сам, як пень, дурны. О нечуваны сорам сатаны! Такі меў план, хадзіў так горда, Так спрытна плёў каханне, ставіў сець — І на табе — падсеклі чорта! То ж трэба ведаць, трэба ўмець! А ўжо ж! — дурнейшай дурасці няма, Калі абдурвае сябе сама!Горныя цясніны, лес, скалы, пустка
Святыя пустэльнікі групамі адпачываюць на скалах над прадоннямі.
Хор і рэха
Кручы глядзяць на дол, Сосны шумяць вакол, Пнуцца карчы з зямлі, Пахнуць смалой камлі, Льюцца крыніцы з гор Міма глухіх пячор. Лашчацца ўжо ільвы На дыванах травы. Тут не ліецца кроў, Тут царуе любоў.Pater ecstaticus{251}
Айцец экзальтаваны (лунаючы ў паветры)
Жар недаступнасці, Жар вечнай любасці. Сэрца закутае Болем спакутуе! Стрэлы, прабіце мяне, Дзіды, каліце мяне, Латы, душыце мяне, Маланкі, паліце мяне! Тло ўсё адвеецца, Праўда ўспраменіцца, Пройдзе пакут пара, Ўзыдзе любві зара.Pater profundus
Айцец паглыблены (ля ніжніх сфер)
Вяршыні высяцца маўкліва Па-над прадоннямі цяснін, З-пад хмарных скал і круч бурліва Збягаюць сотні ручаін. І гамана дубровы дальняй, І ручая праменны цуд,— Усё любоўю жыццядайнай Натхнёна выпешчана тут. Любоў — дзівосны дар прыроды, Я перад ёй хілюся ніц. З любоўю ўніз імкнуцца воды У час грымотных навальніц І там даліну арашаюць. Маланкі крэсляць далягляд, Паветра чысцяць, асвяжаюць І разганяюць дым і чад. І гэта звестуны любові, Яе адвечны, творчы рух. У весняй радаснай абнове Прачніся, мой застылы дух. Абмежаваны ты і скуты І боль хаваеш, і дакор. О божа! вызвалі з пакуты, Душы і сэрцу дай прастор!Pater seraphicus
Айцец анёлападобны (сярэдняя сфера)
Што за хмарка праплывае Над лясістаю гарой? Здагадаўся — там лунае Юных духаў светлы рой!Хор шчасных хлопчыкаў
Край нязнаны, невядомы Спадабаўся назусім. Дзе мы, дзе мы? Хто мы, хто мы? Адкажы нам, ойча, ўсім.Pater seraphicus
Ноччу роджаныя, скора Узляцелі вы увысь Родным, блізкім на сум-гора, А Эдэму на карысць. Дадзена любві ахвярнасць Вам здалёку адчуваць. Шчасце, што зямную марнасць Не паспелі вы спазнаць. Будзьце ж тут са мной, як дома, Уваходзьце ў вочы мне, І на белы свет свядома Кожны з вас тады зірне.(Прымае іх у сябе.)
Вунь лясок, вунь пыл лятучы, Вунь ручай шуміць, грыміць, Абрываецца ён з кручы, Каб дарогу скараціць.Шчасныя хлопчыкі (з сярэдзіны)
Выгляд велічны; ды цесны, Вельмі змрочны гэты край, Нас пужае ён, злавесны. Адпусці нас, не трымай.Pater seraphicus
Ў сферы вышніх вам дарога; Пад эдэмаўскім шатром Там вялікай ласкай бога Прасякайцеся нутром. Вы, бязгрэшныя, ў эфіры, Што гасподняй сілы поўны, У любві і ў вечным міры Знойдзеце спакой духоўны.